Стартапы гомельскіх студэнтаў і навучэнцаў

Год моладзі, аб’яўлены ў краіне, даў штуршок для многіх новых ідэй, пашырыўшы межы магчымасцей для маладога пакалення. Асабліва радуе тое, што цікавасць да гэтага праяўляюць не толькі маладзёжныя і грамадскія арганізацыі ці ўстановы адукацыі. Да праектаў падключаюцца прадпрыемствы і прадпрымальнікі.

У Гомелі быў аб’яўлены конкурс стартап-праектаў Gomel StartUP, арганізатарамі якога выступілі гомельская гарадская арганізацыя БРСМ, Гомельскі навукова-тэхналагічны парк і грамадскае аб’яднанне садзейнічання развіццю прыватнага прадпрымальніцтва “Адзінства”. Доўга чакаць заяў ад канкурсантаў не прыйшлося, актыўныя юнакі і дзяўчаты адразу пачалі прадстаўляць свае распрацоўкі і ініцыятывы на суд экспертаў. З больш як трыццаці заяўленых праектаў да ўдзелу ў другім туры былі адабраны дзевяць найбольш перспектыўных, аўтарам якіх належала прэзентаваць свае ідэі перад экспертамі ў Гомельскім навукова-тэхналагічным парку. У канкурсантаў было сем хвілін, каб яскрава і падрабязна прадставіць свае праекты.
Журы асобна адзначыла праекты “Рэкламная фірма” студэнта Гомельскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Арцёма Вайцяхоўскага, турыстычны маршрут “Гісторыя майго краю” курсанта Гомельскага інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь Алены Калінскай, “Віртуальны ўніверсітэт” студэнта БТЭУ спажывецкай кааперацыі Аляксея Харкевіча. Але ўсіх абышоў навучэнец Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі Арцём Пінчук са сваім праектам “Разумны дом”. Выкарыстоўваючы макет дома, Арцём правёў экскурсію для экспертаў, паказаўшы, як у яго разумным доме ўсімі электроннымі бытавымі прыборамі можна кіраваць з планшэта або смартфона пры дапамозе спецыяльна распрацаванай праграмы. Галоўная сутнасць вынаходства — забяспечыць поўную аўтаматызацыю дома або кватэры. Юны вынаходнік прызнаўся, што ідэю падказала само жыццё. Хлопец жыве з бацькамі ў прыватным доме, і нярэдка здараецца, што хто-небудзь з дамашніх без патрэбы пакідае ўключаным святло. Юнак вырашыў распрацаваць праграму, якая дазволіць пракантраляваць, ці ўсе прыборы выключаны, нават не знаходзячыся дома. І гэта не толькі кантроль: з планшэта таксама можна будзе выключыць святло, запусціць сістэму аховы, адрэгуляваць тэмпературу кандыцыянера і г.д.
Для канкурсантаў было важна не проста заявіць пра сябе і прэзентаваць распрацоўкі. Выслухаць меркаванне экспертаў, атрымаць прафесійную ацэнку — гэта таксама каштоўна для тых, хто ставіцца да справы сур’ёзна.
Адкрываючы конкурс Gomel StartUp, арганізатары ставілі на мэце сабраць разам аўтараў і заказчыкаў інавацыйных рашэнняў, даць магчымасць моладзі атрымаць веды ў галіне вядзення бізнесу, у адкрыцці сваёй справы, правільнага прасоўвання свайго праекта, прыцягнуць стартап-каманды да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе праектаў “100 ідэй для Беларусі” з наступным атрыманнем грантавай падтрымкі. Правядзенне конкурсу прадугледжвае таксама майстар-класы з прадпрымальнікамі-экспертамі і работу кансультантаў па дапрацоўцы праектаў і ідэй.
Найбольш цікавыя і перспектыўныя праекты адабраны для іх далейшага прасоўвання і камерцыялізацыі, а самыя таленавітыя ўдзельнікі конкурсу атрымалі магчымасць стаць рэзідэнтамі Гомельскага навукова-тэхналагічнага парка і членамі грамадскага аб’яднання “Адзінства”.
Дарэчы, збор стартапаў працягнецца да канца года. На працягу гэтага часу са студэнтамі і навучэнцамі таксама будуць праводзіцца стартап-уік-энды, вучэбныя семінары, сустрэчы з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.