Сталічная Streetgame

Днямі ў Мінску прайшла пазнавальная квест-гульня Streetgame ў рамках гарадскога праекта “Minskcity — маё жыццё, мая сталіца”, арганізаванага камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі. У гульні прынялі ўдзел 9 каманд падлеткаў, па адной з кожнага раёна сталіцы.

Як расказала культурны арганізатар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і куратар праекта Настасся Сандовіч, капітанам каманд загадзя былі раздадзены маршрутныя лісты з зашыфраванымі пунктамі — гісторыка-архітэктурнымі помнікамі сталіцы. Удзельнікам даваўся некаторы час, каб атрымаць як мага больш інфармацыі аб гэтых аб’ектах. У кожным пункце старшакласнікаў (узрост удзельнікаў каманд 15—17 гадоў) чакалі заданні-віктарыны, звязаныя з гісторыяй Мінска, яго будынкаў і знакамітых месцаў.

У гэтым годзе такімі пунктамі на картах удзельнікаў сталі будынак Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, парк імя Максіма Горкага, будынак Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Чырвонай, 4 і Пост № 1 горада-героя Мінска. Трэба было не толькі хутка дабрацца да кантрольных пунктаў, але і праявіць эрудыцыю, каб адказаць на складаныя пытанні пра гісторыю выбраных месцаў.

У палацы ў дзяцей спыталі, як ён называўся раней (Палац піянераў і школьнікаў) і колькі гадоў яму споўнілася летась (50). У тэатры беларускай драматургіі ўдзельнікі паказалі веды ў тэатральнай сферы: гучалі пытанні пра былых і цяперашніх кіраўнікоў тэатра, год пачатку яго творчай дзейнасці (1991). Назваць гульцам прапанавалі нават год, калі тэатру прысвоілі званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь” (2010).

Візіт да будынка радыё быў звязаны з пытаннямі аб Белтэлерадыёкампаніі: пра тое, у якім годзе яна была заснавана Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), пра колькасць моў, на якіх вяшчае радыё “Сталіца” (8), і пра тое, калі пачаў працаваць радыёканал “Культура” (2002). На Пасту №1 горада-героя Мінска — пытанні аб колькасці варты (25 чалавек) і мерапрыемствах, якія праводзяцца з мемарыяльнымі атрадамі.


Самы цікавы для школьнікаў пункт на карце — парк імя Максіма Горкага. Тут удзельнікам давялося высветліць, што парк быў заснаваны ў 1805 годзе мінскім губернатарам Карнеевым, што першапачаткова ён называўся Губернатарскім садам, а пасля 1917 года нядоўга прабыў пад назвай “Прафінтэрн”, пакуль у 1936 годзе не атрымаў сваю цяперашнюю назву, а помнік Горкаму там з’явіўся ў 1981 годзе.

“Праходжанне маршруту, як і разлічвалася, заняло каля адной гадзіны. Гісторыка-архітэктурныя аб’екты былі выбраны выпадкова, без прывязкі да пэўнай тэматыкі. Галоўнае, што ўсе яны знаходзіліся недалёка ад цэнтра Мінска, каб камандам было зручна перасоўвацца пешшу”, — паведаміла Настасся Садовіч.


Гарадская гульня Streetgame праходзіць трэці раз. Накіравана яна на фарміраванне ў дзяцей і падлеткаў практычных навыкаў пошукава-даследчай дзейнасці, пашырэнне кругагляду і ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне Мінска. Вынікі конкурсу падвядуць 25 лістапада.

Кацярына ЖОРАВА.