Спорт заўсёды ў модзе

Пра спорт і здаровы лад жыцця ў мінскай сярэдняй школе № 21 ведаюць не па чутках. Тут адкрыты спецыялізаваныя па спорце класы, у якіх вучацца юныя, але разам з тым паспяховыя і неаднойчы ўганараваныя хакеісты, гімнасткі, баскетбалісты, тэнісісты, плыўцы. Педагагічны калектыў ганарыцца тым, што вучні-спартсмены становяцца чэмпіёнамі на розных узроўнях спаборніцтваў, абараняючы гонар не толькі роднай школы, але і ўсёй краіны.

Пачатак новага навучальнага года для педагогаў і вучняў прынёс чарговыя поспехі ў фізкультурна-аздараўленчым і спартыўна-масавым кірунку. Так, 1-га верасня каманда школы, якую прадстаўлялі вучні 10 “Б” і 11 “Б” класаў пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя (дарэчы, маладога спецыяліста) Георгія Энукіевіча Чытанавы, заняла 3-е месца ў Рэспубліканскім інтэлектуальным турніры “Алімпійскі ўрок”, а крыху пазней перамогу святкаваў педагагічны калектыў — 3-е месца ў гарадскім этапе фестывалю “Лета — пара спартыўная!” у намінацыі “Сцяжынкі малой радзімы ў спартыўным калейдаскопе лета”, дзе кіраўніцтва школы і каля 20 настаўнікаў далучыліся да летняга спартыўнага чэленджу. Нельга заклікаць дзяцей да актыўнага адпачынку, асабіста не зведаўшы радасці ад велапрабегаў, заплываў на далёкія дыстанцыі, сплаўлення на байдарках ці скокаў з тарзанкі…

Напрыканцы верасня новыя жыхары 21-й сталічнай школы — першакласнікі — актыўна ўліліся ў спартыўнае жыццё ўстановы адукацыі. З мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця, актыўнага баўлення вольнага часу ў межах тыдня спорту і здароўя класныя кіраўнікі Тэрэса Іосіфаўна Лагуноўская і Святлана Віктараўна Далганюк распрацавалі ўдалы сцэнарый спартландыі “Вышэй, хутчэй, мацней!”. Задзейнічаны былі ўсе: вучні, іх бацькі, бабулі і дзядулі, выхавальнікі груп прадоўжанага дня, адміністрацыя школы. Першакласнікі спаборнічалі ў вядзенні мяча, скоках, бегу, праяўлялі сябе ў танцавальных нумарах. На спартыўны лад каманды сумесна з бацькамі паказвалі знакамітыя казкі, інсцэніравалі песні. Маленькія спартсмены сталі ўдзельнікамі майстар-класа па каратэ, які правялі выхавальнікі “Школы мужнасці” — маладзёжнага спартыўнага грамадскага аб’яднання, створанага для развіцця і папулярызацыі кёкусінкай як наймацнейшага стылю каратэ, — і іх кіраўнік Максім Мяхедка. Магчыма, нехта з нашых першакласнікаў у далейшым дасягне поспехаў у гэтым відзе спорту.

Свята скончылася ўзнагароджаннем пераможцаў — абодвух першых класаў, якія праявілі сябе аднолькава моцна і старанна. Актыўныя балельшчыкі, спартыўныя мамы і таты таксама не засталіся па-за ўвагай арганізатараў мерапрыемства.

Спадзяём­ся, што першыя крокі ў спорце, зробленыя нашымі маленькімі вучнямі, стануць неабходнай прыступкай да пакарэння алімпійскіх вяршынь. А педагогі, як заўсёды, абавязкова будуць падтрымліваць юных спартсменаў і ве­рыць у іх новыя перамогі, бо мы — адна вялікая зладжаная каманда, якой пад сілу любыя перашкоды і якая ніколі не здаецца, бо мае мэту і дыстанцыю, а ўсё астатняе — дэталі!

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы.