Спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні

Урачыстая цырымонія адкрыцця Рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні, прысвечаных памяці ваўкавыскага турыста і трэнера Уладзіміра Курловіча, адбылася 26 верасня на стадыёне сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.

У ліку ганаровых гасцей былі ўдава і сын Уладзіміра Аляк­сан­дра­віча Курловіча, прадстаўнікі Бе­­ларускай федэрацыі арыентавання, намеснік старшы­ні Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Юшын, галоў­ны спецыяліст аддзела спорту і турызму райвыканкама Вікторыя Міка­лаеў­на Гарадзійская і вядучы інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Ваўкавыскі ляс­гас” Уладзімір Ула­дзіміравіч Скаскевіч. Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг перад стартам спаборніцтваў атрымаў наш зямляк майстар спорту па спартыўным арыентаванні Дзмітрый Крапіўка.

Каля 300 спартсменаў з усёй краіны ва ўзросце ад 10 і амаль да 80 гадоў прынялі ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Беларусі і Адкрытым кубку клуба спартыўнага арыентавання “БНТУ”, якія прайшлі пад патранатам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Беларускай федэрацыі арыентавання. Адначасова прайшоў і этап Адкрытага кубка Ваўкавыскага раёна.

Спаборніцтвы прайшлі ў некалькі этапаў, кожны старт — у новым месцы. У першы дзень адбылося праходжанне сярэдняй дыстанцыі Адкрытага кубка КСА “БНТУ” ў лесе мікрараёна Ваўкавыск-Цэнтральны. Начная спрынтарская дыстанцыя адбылася ў цэнтры Ваўкавыска. У другі дзень у Замкавым лесе, што за горадам, прайшлі эстафета ў рамках Адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь і спаборніцтвы на класічнай дыстанцыі Адкрытага кубка КСА “БНТУ”, пасля чаго адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў на стадыёне сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.

Дар’я КЛІМЕЦ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.