Гімназія № 10 Гродна першай у вобласці пачала практыкаваць экскурсіі ў ваенныя ўстановы адукацыі, што стала важнай часткай комплекснага патрыятычнага выхавання.
Запамінальным стала наведванне Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча навучэнцамі 7-х класаў. Гімназісты азнаёміліся з рэжымам дня кадэтаў, у асабістай размове з імі даведаліся пра патрабаванні да паступлення. Кадэты расказалі дзецям пра тое, што яны не толькі займаюцца ваеннай падрыхтоўкай, але і рыхтуюцца да алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў, займаюцца музыкай, вакалам, танцамі. Яркія ўражанні засталіся ў школьнікаў пасля наведвання музея гісторыі войска, многія задумаліся аб сваім будучым шляху.
Педагогі, якія суправаджалі гімназістаў, адзначылі важнасць падобных мерапрыемстваў. Яны дазваляюць навучэнцам адчуць сваё дачыненне да грамадства, пазнаёміцца з аднагодкамі, якія вырашылі змяніць жыццё, вызначыўшы сваёй галоўнай мэтай служэнне Радзіме.
Якуб Колас пісаў: “Няма ў чалавека нічога прыгажэйшага і даражэйшага за радзіму. Чалавек без радзімы — жабрак чалавек”. А з чаго пачынаецца Радзіма? Педагогі і навучэнцы гімназіі № 10 Гродна лічаць, што Радзіма — гэта не толькі месца, дзе яны нарадзіліся, дзе жывуць іх блізкія, але і ўстанова адукацыі. Гімназія — гэта цэлы свет, які злучае разам мінулае і сучаснасць, які ўплывае на фарміраванне будучыні. Таму патрыятычнае выхаванне ў гімназіі ўяўляе сабой адзіны комплекс, які ўключае прававы, духоўна-маральны, прафарыентацыйны, грамадзянскі напрамкі, што рэалізуюцца ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Сучасная стратэгія выхавання вучняў грунтуецца на выхаванні грамадзяніна-патрыёта з актыўнай пазіцыяй, добрага, справядлівага, любячага Айчыну. Менавіта таму на першы план выходзіць патрыятычнае выхаванне школьнікаў, накіраванае на фарміраванне пачуцця адказнасці не толькі за сябе, але і за краіну.
З красавіка 2021 года ў гімназіі функцыянуе віртуальная Instagram-пляцоўка. Яе аўтарамі сталі навучэнцы, якія стварылі інтэрнэт-праект “Гартаючы гераічныя старонкі Пераможнай Вясны”.
У прамым эфіры, ахапіўшы маладзёжную аўдыторыю краіны, школьнікі стваралі пазнавальны кантэнт на старонках крэатыўнай пляцоўкі (#Стужка_Памяці #У_сэрцах_Памяць_захаваем…). Дзеці разважалі аб памяці пакаленняў, спрабавалі зразумець, якія фактары ўплываюць на фарміраванне асабістага стаўлення да Перамогі, дзяліліся сваімі ведамі аб ваенным дзяцінстве родных, дзякавалі ветэранам і працаўнікам тылу. Удзел у падобных праектах дазваляе сучасным навучэнцам зразумець, што вайна закранула кожную сям’ю, таму важна захоўваць памяць аб гэтай вайне.
Каманда медыяцэнтра стала пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага культурна-патрыятычнага марафону “Глядзі і памятай”. Відэаролікі і кінаафішы гімназістаў па выніках рэгіянальных адбораў размешчаны на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Актыўна працуе ў гімназіі і клуб ваенна-патрыятычнага выхавання, на базе якога праходзіць падрыхтоўка да гульні “Зарніца”. У 2021 годзе каманда “Пераемнікі Перамогі” заваявала дыплом ІІ ступені.
Ірына ГАЛЬВІНА,
кіраўнік медыяцэнтра “МедыяІдэя на 10” гімназіі № 10 Гродна.
Фота Алесі СТАНКЕВІЧ,
карэспандэнта медыяцэнтра, вучнаніцы 8 “Б” класа гімназіі № 10 Гродна.