Слова і справа

Як кажуць, размова з псіхолагам — гэта споведзь. Праўда, дадаюць: споведзь без пакаяння, без адпушчэння грахоў. Тым не менш гэта вельмі шчырая размова са спецыялістам, якому хочацца давяраць.

Сапраўды, для работы з дзецьмі педагог павінен валодаць высокай прафесійнай кампетэнтнасцю, спецыяльнымі педагагічнымі тэхналогіямі, якія дазваляюць інтэграваць дзяцей у агульнае адукацыйнае асяроддзе, а таксама мець шырокі педагагічны інструментарый, які дазволіць забяспечыць даступнасць адукацыі для ўсіх дзяцей, незалежна ад іх фізічных, псіхічных, інтэлектуальных і іншых асаблівасцей.

Менавіта такімі маладымі, неабыякавымі, амбіцыйнымі (у добрым сэнсе гэтага слова) педагогамі з’яўляюцца педагогі-псіхолагі сярэдняй школы № 180 Мінска Таццяна Дзмітрыеўна Бацян і Ганна Паўлаўна Мулярэвіч. Абедзве скончылі БДПУ імя Максіма Танка, абедзве адначасова прыйшлі працаваць у нашу школу, прычым Таццяна Дзмітрыеўна вярнулася ў родныя пенаты — яна выпускніца 180-й школы Мінска.

Праблема забеспячэння псіхічнага і псіхалагічнага здароўя дзіцяці, стварэнне сістэмы бяспекі яго ўзаемадзеяння ў адукацыйным асяроддзі, прафілактыка супрацьпраўных паводзін, залежнасцей, стварэнне псіхалагічна камфортнага і бяспечнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі — найважнейшыя задачы сістэмы аказання псіхолага-педагагічнай дапамогі сярэдняй школы № 180 Мінска.

Фарміраванне дыялагічнага адукацыйнага асяроддзя; аказанне комплекснай дапамогі дзецям розных катэгорый; атрыманне кансультацыйнай дапамогі і многае іншае — зараз усё гэта магчыма ў школьным таламусе “Судакрананне” сярэдняй школы № 180 Мінска, які пачаў сваю работу ў рамках эксперыментальнага школьнага праекта са студзеня 2021 года.

— Стварэнне школьнага таламуса “Судакрананне”, прататып цэнтра — не выпадковая ідэя, — гаворыць Ганна Паўлаўна Мулярэвіч. — Сама ідэя прыйшла да нас дзякуючы Наталлі Уладзіміраўне Нарбунтовіч, дырэктару школы. Яна па адукацыі псіхолаг, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, і мы яе ідэю падтрымалі”.

Мэта стварэння школьнага таламуса “Судакрананне” — навучыцца шчыра гаварыць пра свае праблемы ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях, кансалідаваць наяўныя магчымасці і рэсурсы для іх вырашэння ва ўстанове адукацыі. 

 — Псіхолаг выступае ў ролі своеасаблівай хуткай дапамогі, якую выклікаюць у экстрэмальных сітуацыях. У выпадках недапушчальных парушэнняў паводзін, хранічнай непаспяховасці, вострых канфліктаў адміністрацыя нярэдка звяртаецца да псіхолага з просьбай аператыўна вырашыць праблему, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Уладзіміраўна Акунявец. — Але ў гэтым і справа, што псіхолагам дрэнна даецца роля разладжанага механізма. Мы прывыклі лічыць, што спецыяліст падкруціць пару гаек (ён жа ведае — якіх!) — і механізм, што даў збой, зноў запрацуе як гадзіннік. На самай справе, большасць псіхалагічных праблем адразу не ліквідуюцца, наадварот, яны патрабуюць для свайго вырашэння ледзь не большага часу, чым яго спатрэбілася на разрастанне праблемы. Мы, безумоўна, лічым, што стварэнне школьнага таламуса стане добрай альтэрнатывай для ўсіх, хто хоча рэгулярна атрымліваць кваліфікаваную дапамогу і падтрымку ў зоне  крокавай даступнасці. 

— У школьным таламусе прымаюць удзел спецыялісты СППС, настаўнікі-дэфектолагі, педагогі, медыцынскія работнікі, гэта значыць усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, — гаворыць Таццяна Дзмітрыеўна Бацян. — Можна атрымаць комплексную дапамогу індывідуальна або з прыцягненнем некалькіх спецыялістаў. Напрыклад, да нас звяртаюцца бацькі з праблемай адсутнасці дыялогу з дзіцем. Са слоў маці, дзіця стала замкнутае і агрэсіўнае. Мы разам з бацькамі фармулюем кола задач, над якімі будзем працаваць, вызначаем перспектыўны вынік нашай сумеснай работы і неабходны пералік спецыялістаў, якія дапамогуць нам дасягнуць запрагназаванага выніку. Пасля адпрацоўваем праграму дапамогі і ўносім карэктывы ў выпадку неабходнасці. І пачынаецца работа. 

— Напрыклад, самы папулярны ў дзяцей метад — “Разнос”. Ён адрозніваецца ад мазгавога штурму тым, што замест адтэрміноўкі ацэначных дзеянняў прапануецца праявіць максімальную крытычнасць, называючы ўсе свае недахопы і слабыя месцы, выказацца пра набалелае. Так забяспечваецца падрыхтоўка ідэі, накіраванай на пераадоленне праблем, з якімі да нас звяртаюцца. Няма недасказанасці. Менавіта дзякуючы гэтаму метаду дзеці могуць сказаць бацькам пра ўсе свае прэтэнзіі, перажыванні, жаданні і патрэбы.

— Работа таламуса “Судакрананне” дае свае станоўчыя вынікі. Многія псіхалагічныя цяжкасці навучэнцаў, бацькоў выкліканы сацыяльнымі, матэрыяльнымі, медыцынскімі і іншымі праблемамі, якія могуць выходзіць за рамкі кампетэнцыі псіхолага. І яму часта застаецца толькі змякчаць гэтыя праблемы добрай парадай і павучальнай размовай. Гэта таксама адна з функцый таламуса “Судакрананне”. Бацькі прыслухоўваюцца да нядаўніх выпускніц УВА, і мы спадзяёмся, што сур’ёзна паставяцца да слоў вопытнага педагога. А вось для дзяцей, асабліва старшакласнікаў, малады псіхолаг можа аказацца нават бліжэйшым — узроставая дыстанцыя з ім не вельмі вялікая.

Наталля НАРБУНТОВІЧ, 
дырэктар сярэдняй школы № 180 Мінска.