Складанне плана карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення

Вопыт работы ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (далей — ПКПД) паказвае: на жаль, колькасць дзяцей з парушэннямі маўлення апошнія гады ўзрастае. У асноўным гэта дашкольнікі з агульным недаразвіццём маўлення. Галоўнай мэтай дзейнасці ПКПД з’яўляецца арганізацыя і аказанне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям, якія адчуваюць значныя ўстойлівыя або часовыя цяжкасці ў асваенні вучэбнай адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі. Немалаважнае значэнне ў дасягненні азначанай мэты адводзіцца планаванню.

Для таго каб скласці план ка­рэкцыйна-педагагічнай дапамогі і вызначыць напрамкі работы, над якімі трэба праца­ваць у навучальным годзе, неабходна правесці паглыбленую дыягностыку. Пасля гэтага навучэнцы размяркоўваюцца па групах (падгрупах) і складаецца кароткая характарыстыка ўзроўню актуальнага развіцця дзяцей дадзенай групы (падгрупы). Усе дзеці розныя: хтосьці засвойвае матэрыял хутчэй, а нехта больш павольна, таму ў плане ка­рэкцыйнай работы ўвага акцэнтуецца на праблемах, над якімі трэба будзе працаваць. Такім чынам, не можа быць часовых рамак і колькасць заняткаў не называецца. У якой форме будзе напісаны план, педагог вызначае самастойна.

Прапанаваны прыкладны план карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, распрацаваны для дзяцей 5—6 гадоў з агульным недаразвіццём маўлення 3 узроўню маўленчага развіцця (няўскладнены ва­рыянт). Ён складзены з апорай на:

— вучэбную праграму дашкольнай адукацыі 2019 года;

— брашуру па планаванні работы настаўніка-дэфектолага ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, распрацаваную дзяржаўнай установай адукацыі “Віцебскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”( 2020 г.);

— прыкладнае тэматычнае пла­наванне спецыяльна арганізава­най і нерэгламентаванай дзейнасці дзяцей: старшая група — методыка-практычныя матэрыялы ў 4 ч., распрацаванае Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі (2017 г.).

Прыкладны план прызначаны для пачынаючых лагапедаў, настаў­нікаў-дэфектолагаў пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Гукавое афармленне маўлення ў дзяцей дадзенай групы значна адстае ад узроставай нормы: у іх назіраюцца парушэнні гукавымаўлення свісцячых, шыпячых, афрыкатаў і санорных гукаў. Пры прайграванні трохскладовых і чатырохскладовых слоў дзеці скажаюць іх у маўленні, скарачаючы колькасць складоў. Адзначаюцца ўстойлівыя памылкі ў гуканапаўняльнасці слоў: прыпадабненне складоў, дабаўленне складоў пры збегу зычных у слове. Недастаткова развіты фанематычны слых і ўспрыманне. Простыя формы гукавога аналізу і сінтэзу слоў дзеці выконваюць часткова. Навучэнцы карыстаюцца ўсімі часцінамі мовы, аднак у свабодных выказваннях практычна не ўжываюць прыметнікі і прыслоўі, абагульняючыя словы.

Сярод памылак граматычнага афармлення маўлення найбольш спецыфічныя наступныя: дзеці блытаюцца пры дапасаванні прыметнікаў і лічэбнікаў адзін, тры, пяць да назоўнікаў; не называюць дзіцянят жывёл; дапускаюць памылкі пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў; назоўнікі, якія абазначаюць прафесіі і заняткі людзей, утвараюць з памылкамі. Вялікая колькасць памылак прыпадае на ўтварэнне адносных прыметнікаў са значэннем суаднесенасці з прадуктамі харчавання, матэрыяламі, раслінамі і г.д. Дапускаюць памылкі ў слова­ўтварэнні (памяншальныя формы назоўнікаў); адчуваюць цяжкасці пры ўжыванні ў маўленні складаных прыназоўнікаў.

Дзеці карыстаюцца разгорнутым фразавым маўленнем, але на фоне правільна пабудаваных сказаў можна сустрэць і аграматычныя, якія ўзнікаюць, як правіла, з-за памылак у дапасаванні і кіраванні. Назіраюцца памылкі і пры пабудове складаназалежных сказаў са злучнікамі і злучальнымі словамі. Пры складанні сказаў (апавяданняў) па малюнку (серыі малюнкаў) дзеці правільна называюць дзеючую асобу і дзеянні, якія яна выконвае. Разам з тым змест апавядання няпоўны, парушана паслядоў­насць, часта адсутні­чаюць прычынна-выніковыя сувязі.

Назіраецца недастатковая ўстойлівасць увагі, парушэнні слоўна-лагічнага мыслення, недастатковыя здольнасць да запамінання пераважна слоўнага матэрыялу і развіццё самакантролю, дробная маторыка пальцаў рук развіта таксама недастаткова.

Святлана КРЫВІЦКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ясляў-сада № 2 Сянна.