Шураві. Погляд з 2014-га

Другі год  інтэрнэт-лабараторыяй “КЛІА” гімназіі № 22 Мінска рэалізуецца адкрыты праект “Мы — інтэрнацыяналісты”, накіраваны на пашырэнне ведаў вучняў аб ваенна-палітычных падзеях XX стагоддзя. У рамках праекта прайшоў адкрыты інтэрнэт-конкурс “Шураві – 2014”, прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 25-й гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана.

Праект “Мы — інтэрнацыяналісты” рэалізуецца пад патранажам Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць” Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Члены арганізацыі і ў першую чаргу старшыня яе савета гвардыі палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Ільіч Шокаў прынялі самы актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў і ў тэматычным падборы матэрыялаў інтэрнэт-конкурсу.
Сам конкурс традыцыйна складаўся з трох блокаў тэставых заданняў, умоўна названых “Афганістан”, “СССР” і “Афганская вайна”, а падбор матэрыялу не толькі даваў магчымасць навучэнцам хутка знайсці правільны адказ, але і арыентаваў іх на далейшыя самастойныя і больш глыбокія пошукі інфармацыі.
Калі першы блок пытанняў знаёміў навучэнцаў з гісторыяй і геаграфіяй Афганістана, то другі даваў магчымасць пашырыць і дэталізаваць веды пра падзеі 70—80-х гадоў, атрыманыя на ўроках сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Трэці блок быў прысвечаны непасрэдна падзеям Афганскай вайны 1979—1989 гадоў і складаўся з 70 пытанняў, згрупаваных па пяці асноўных напрамках: баявыя дзеянні, часткі і злучэнні абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане, Героі Савецкага Саюза, узбраенне супрацьлеглых бакоў, памяць аб вайне. Дзякуючы прадстаўленым у трэцім блоку фатаграфіям, удзельнікі праекта маглі не проста адказаць на пытанне, але і ўбачыць непасрэдных удзельнікаў тых падзей, правесці нябачныя паралелі паміж нашым часам і падзеямі трыццацігадовай даўнасці.
Сярод удзельнікаў ІІ Адкрытага інтэрнэт-конкурсу “Шураві – 2014”, якія прадстаўлялі больш чым 40 навучальных устаноў краіны, разгарэлася вострая барацьба за прызавыя месцы. На працягу ўсяго конкурсу немагчыма было вылучыць лідара, і толькі вынікі апошняга этапу расставілі ўсе кропкі над “i”, падзяліўшы прызавыя месцы сотымі бала. Пераможцамі, якія занялі першыя пяць радкоў прызавой табліцы, сталі прадстаўнікі Мінска і Асіповіч: Данііл Шаўроў (гімназія № 22 Мінска); Уладзіслаў Пінчук, Андрэй Назарэвіч, Уладзіслаў Цвірко (гімназія Асіповіч); Аляксандр Смяховіч (гімназія № 18 Мінска).
Як паказала анкетаванне, выбар тэматыкі тэставых заданняў дазволіў канкурсантам атрымаць дадатковыя веды па многіх пытаннях, звязаных з падзеямі 1979—1989 гадоў, па-іншаму зірнуць на падзеі таго часу. Хочацца спадзявацца, што наступныя мерапрыемствы праекта “Мы — інтэрнацыяналісты” пашыраць геаграфію яго ўдзельнікаў і яшчэ не раз аб’яднаюць тых, хто цікавіцца гісторыяй XX стагоддзя, а таксама тых, для каго гэтая гісторыя стала часткай жыццёвага шляху.

 

Алег СВІДЗІНСКІ,
арганізатар і кіраўнік інтэрнэт-лабараторыі “КЛІА”, настаўнік гісторыі гімназіі № 22.