Шлях да прафесіі педагога

Каб прыцягнуць у педагагічныя класы найбольш матываваных навучэнцаў, неабходна папярэдняя работа на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі — дапрофільная падрыхтоўка. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Іўеўскай сярэдняй школе.

У 2019 годзе ва ўстанове адукацыі стартаваў інавацыйны праект Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Укараненне мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Тэрміны рэалізацыі — 2019—2022 гады.

Падведзены вынікі першага года работы. Сфарміравана кіраўніцкая каманда, створана творчая група педагогаў — удзельнікаў інавацыйнага праекта, вызначаны для ўдзелу ў інавацыйнай дзейнасці навучэнцы 5—9-х класаў. Праведзеная дыягностыка дзейнасці педагогаў і вучняў паказала: рэспандэнты станоўча выказаліся па ўсіх пазіцыях пра гатоўнасць працаваць у інавацыйным рэжыме.

Дапрофільная падрыхтоўка дзяцей ажыццяўлялася праз сістэму факультатыўных заняткаў, на якіх педагогі апрабавалі новы змест, выкарыстоўвалі розныя формы, метады і тэхналогіі выкладання. Настаўнікі займаліся самаадукацыяй, прымалі ўдзел у семінарах і канферэнцыях розных узроўняў: у рэспубліканскім семінары для кіраўнікоў інавацыйных пляцовак, абласным педагагічным форуме “ПедСТАРТ”, III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт і перспектыва”.

Акрамя наведвання факультатыўных заняткаў, вучням на працягу навучальнага года прапаноўваліся педагагічныя пробы: правядзенне ўрокаў у дзень вучнёўскага кіравання, які традыцыйна праходзіць у школе перад Днём настаўніка, выступленні ў групах прадоўжанага дня, правядзенне класных і пазакласных мерапрыемстваў у 1—4-х класах, у прышкольных аздараўленчых лагерах. Шэфства над малодшымі школьнікамі, работа педагагічнага валанцёрскага атрада, вывучэнне вопыту работы педагогаў-ветэранаў, стварэнне ў музеі новай экспазіцыі, прысвечанай настаўнікам Іўеўскай сярэдняй школы, удзел у традыцыйных школьных мерапрыемствах, месячніку прафарыентацыі выклікалі вялікую цікавасць навучэнцаў.

Працяг дапрофільнай падрыхтоўкі — залічэнне навучэнцаў 10—11-х класаў у профільныя педагагічныя групы. Вопытныя педагогі І.Я.Бутурля і І.У.Кузьміч на працягу навучальнага года выкладалі факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Парадавалі вынікі работы: 6 вучняў паступілі ва ўніверсітэты на педагагічныя спецыяльнасці.

Штогод у ГрДУ імя Янкі Купалы прахо­дзіць абласны фестываль педагагічных класаў і груп. Не стаў выключэннем і мінулы навучальны год. У гэтым мерапрыемстве прымала ўдзел педагагічная група 10 “А” класа (настаўнік І.У.Кузьміч). Выступленне навучэнцаў адзначана дыпломам у намінацыі “Самыя пераканаўчыя”. І.Я.Бутурля ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Настаўнік будучыні” конкурсу педагогаў-кіраўнікоў каманд “Мае вучні — мой педагагічны працяг”.

Вопыт работы школы быў прадстаўлены на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Інавацыйныя рашэнні выкарыстання адукацыйных рэсурсаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання педагагічнай накіраванасці”.

Самая яркая падзея 2020 года — конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Настаўніца хіміі П.В.Лебедзева, якая праводзіць факультатыўныя заняткі ў рамках дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі, стала лаўрэатам II ступені на абласным этапе конкурсу. Такі настаўнік, несумненна, можа стаць лепшым прыкладам для сваіх вучняў пры выбары прафесіі.

У 2020/2021 навучальным годзе калектыў працягвае працаваць над праектам. Дзейнасць педагогаў накіравана на стварэнне ў школе развіццёвага адукацыйнага асяроддзя, якое спрыяе фарміраванню каштоўнасных адносін навучэнцаў і бацькоў да педагагічнай працы, прафесіі педагога.

Людміла БАКУН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іўеўскай сярэдняй школы.