Шлях да прафесіі пачынаецца ў дзіцячым садзе

Цікавасць да прафесій дарослых узнікае ў дзяцей з дашкольнага ўзросту. Наша дашкольная ўстанова вялікую ўвагу ўдзяляе пытанню ранняй прафарыентацыі дзяцей. Сваю дзейнасць у гэтым напрамку мы ажыццяўляем праз рэалізацыю абласнога творчага праекта “Фарміраванне ўяўленняў аб прафесіях у дзяцей 4—6 гадоў у працэсе рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі”.

Наша мэта — стварэнне сістэмы работы па фарміраванні ўяўленняў аб прафесіях у дзяцей дашкольнага ў­зросту ў працэсе арганізацыі предметна-развіццёвага асяроддзя, сумеснай дзейнасці выхаванцаў, педагогаў і бацькоў.

Сваю дзейнасць мы пачалі са стварэння ў групах адпаведнага прадметна-прасторавага асяроддзя: распрацавалі ілюстраваныя альбомы, дыдактычныя гульні, шырмы для сюжэтна-ролевых гульняў, лэпбукі, кнігі аб прафесіях.

Жывую цікавасць у нашых дашкалят выклікаў лэпбук. Педагогі Л.І.Куляшова, Т.В.Малевіч, В.А.Аляксеева, А.І.Турава выкарыстоўваюць лэпбукі  пры правядзенні заняткаў па а­знаямленні з прафесіямі дарослых, а таксама ў індывідуальнай рабоце з выхаванцамі. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі пры стварэнні лэпбука з’яўляюцца дзеці. Яны з дапамогай дарослых падбіраюць вершы, загадкі, карцінкі. Вынікам сумеснай творчасці дзяцей і педагогаў сталі лэпбукі пад назвамі “Прафесіі”, “Хутка ў школу”, “Пажарная бяспека”, “Транспарт”.

Трэба адзначыць, што найбольш дзейснымі спосабамі азнаямлення з прафесіямі дарослых з’яўляюцца назіранне за рабочым працэсам, экскурсіі, гутаркі і сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій. Педагогі Г.У.Гідро, Н.М.Нячаева праводзяць займальныя і пазнавальныя экскурсіі і сустрэчы для сваіх выхаванцаў: “Самая смачная прафесія”, “Прафесія — медыцынская сястра”, “Усе прафесіі патрэбныя…” і інш.    

Не заўсёды ёсць магчымасць наведаць тое ці іншае прадпрыемства або ўстанову. Таму мы распрацавалі шэраг віртуальных экскурсій. Напрыклад, выхавальнікі В.М.Балабосава, А.І.Турава арганізавалі для сваіх выхаванцаў займальную экскурсію ў гістарычна-краязнаўчы музей, знаёмства з прафесіямі паштальёна (пошта), фармацэўта (аптэка).

Пры азнаямленні выхаванцаў з прафесіямі дарослых выкарыстоўваем такую форму арганізацыі адукацыйнага працэсу, як квесты. У ходзе падобных заняткаў-гульняў заў­сёды выкарыстоўваюцца заданні, дзе неабходна нешта адшукац­ь — падказку ці прадмет, каб можна было рухацца далей. Педагогі Т.В.Малевіч, В.М.Балабосава правялі заняткі-квесты “Горад майстроў”, “Падарожжа ў краіну прафесій”, у якіх дзеці 5—6 гадоў з захапленнем выконвалі ўсе заданні.      

Атрыманыя ўяўленні аб прафесіях дарослых дзеці пераносяць у гульнявую дзейнасць. Адным з асноўных відаў гульні з’яўляецца сюжэтна-ролевая гульня. Яна дапамагае дашкольнікам увайсці ў свет дарослых, засвоіць узоры паводзін і формы зносін, сацыяльныя нормы і правілы, вызначыцца з выбарам прафесіі, што, магчыма, будзе прыносіць у будучыні радасць і задавальненне.

Развіццю цікавасці да такой формы работы спрыяюц­ь створаныя ў групах шырмы для сюжэтна-ролевых гульняў: “Шынамантаж”, “АЗС”, “Кафэ”, “Аптэка”, “Родны кут”, “Паліклініка”, “Банк”, “Пажарная часць”. Дзякуючы такім шырмам, дзіця ў адно імгненне можа адчуць сябе ў ролі шафёра, пажарнага, урача ці прадаўца.    

Таксама мы актыўна працуем у напрамку ўзаемадзеяння з бацькамі выхаванцаў. Праводзіцца дзень прафесій бацькоў, калі ў дашкольную ўстанову запрашаюцца бацькі выхаванцаў — прадстаўнікі розных прафесій. Многія з іх працуюць на ААТ “Дубровенскі льнозавод” — адным з вядучых прадпрыемстваў краіны па вырошчванні і апрацоўцы льну. Запрошаныя баць­кі прадставілі такія прафесіі, як аграном, механізатар, бухгалтар, работнік цэха па перапрацоўцы льну. Гутаркі з бацькамі, прагляд прынесеных імі фота- і відэаматэрыялаў, а галоўнае — жывыя зносіны з мамай або татам выклікаюць непадробленую цікавасць дашкольнікаў. Сумесна з бацькамі арганізуецца фота­выстава, афармляюцца альбомы аб прафесіях.

Распрацаваная сістэма работы з дашкольнікамі па гэтай тэме не толькі фарміруе ўяўленні аб прафесіях дарослых, але і дазваляе аказаць істотны ўплыў на далейшы выбар жыццёвага шляху дзіцяці.

Святлана ЧЭПІКАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Дуброўна.