Шлях да духоўнасці і станаўленне сапраўднага чалавека

У наш няпросты час праблеме духоўнасці і маральнасці ўдзяляецца шмат увагі. Без іх немагчыма існаванне вечных і светлых ідэалаў чалавецтва — кахання, павагі, цярплівасці адно да аднаго, міласэрнасці. Духоўна-маральнае выхаванне — прыярытэтная задача педагогаў, адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі нашай краіны, яно станоўча ўплывае на ўсе формы ўзаемаадносін чалавека са светам. Неабходна фарміраваць у навучэнцаў уяўленне аб гістарычным, духоўным і сацыяльным вопыце нашага народа, традыцыйным сямейным укладзе, святах і буднях.
Як настаўнік я многа працую над духоўна-маральным выхаваннем вучняў у рамках класнага кіраўніцтва. Работа гэтая накіравана на стварэнне ўмоў для выхавання высокамаральнай асобы на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа, фарміраванне культуры адносін да сябе, сваёй сям’і, людзей, прыроды і дзяржавы. Рэалізацыі гэтай мэты спрыяе вырашэнне шэрага задач: далучаць вучняў да праваслаўнай культуры; фарміраваць нацыянальную самасвядомасць і патрыятычныя пачуцці навучэнцаў; спрыяць павышэнню ўзроўню выхаванасці вучняў праз вывучэнне праваслаўнай культуры, свят і традыцый, якія ўтвараюць сістэму духоўна-маральнага выхавання.
Мой вопыт работы па духоўна-маральным выхаванні быў прадстаўлены на педагагічным савеце школы ў студзені 2015 года і высока ацэнены на конкурсе метадычных распрацовак Інстытута тэалогіі св. Мяфодзія і Кірыла БДУ ў верасні 2015 года. Прапаную яго чытачам “Настаўніцкай газеты”.

Добрыя справы здзяйсняюцца разам

У нашай школе склалася пэўная сістэма правядзення мерапрыемстваў духоўна-маральнай накіраванасці: гэта сустрэчы з цікавымі людзьмі, тэматычныя вечары, экскурсійныя паездкі, дабрачынныя акцыі, выставы. У кожнага класнага кіраўніка сабрана “скарбонка” такіх мерапрыемстваў: распрацаваны цыклы класных гадзін, сцэнарыі народных свят, праводзіцца работа з бацькамі і інш. Зразумела, разавыя мерапрыемствы не даюць плёну. Таму неабходна весці сістэмную работу па выхаванні вучняў на праваслаўных і духоўных традыцыях.
Пры планаванні выхаваўчай і ідэалагічнай работы я заўсёды ўлічваю ўзроставыя асаблівасці вучняў, прынцып бесперапыннасці і пераемнасці, распрацоўваю перспектыўны план і праводжу мерапрыемствы паэтапна. На працягу 12 гадоў плённа супрацоўнічаю з Капыльскім раённым краязнаўчым музеем, навуковыя супрацоўнікі якога заўсёды аказваюць дапамогу ў арганізацыі экскурсій, кансультуюць па пытаннях складання маршрутаў, прадастаўляюць неабходны тэарэтычны матэрыял. Неацэнную падтрымку аказвае святар Спаса-Узнясенскай царквы благачынны цэркваў Капыльскага раёна Сергій Чарны і Капыльская раённая цэнтральная бібліятэка імя Анатоля Астрэйкі.
Мне пашанцавала працаваць з выдатнымі калектывамі навучэнцаў, з якімі цікава і камфортна ўзаемадзейнічаць. Дзецям заўсёды хочацца быць побач адно з адным, праяўляць арганізатарскія і творчыя здольнасці ў розных відах дзейнасці. Яны ахвотна самі прапаноўваюць віды пазаўрочнай дзейнасці, якія вучаць быць неабыякавымі адно да аднаго, да людзей, развіваюць іх творчыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі, вучаць працаваць у камандзе.

Праваслаўнае краязнаўства

Лічу, што выкарыстанне сродкаў краязнаўства ў выхаваўчым працэсе спрыяе папаўненню ведаў вучняў у рамках вучэбных прадметаў, далучэнню да культуры роднага краю і фарміруе такія якасці асобы, як любоў да малой радзімы, патрыятызм. А калі спалучыць краязнаўства з праваслаўнымі каштоўнасцямі, то атрымліваецца моцны выхаваўчы інструмент. У 5—6-х класах у рамках духоўна-маральнага выхавання рэалізоўваю праваслаўнае краязнаўства, якое дапамагае вывучаць гісторыю праваслаўя на Капыльшчыне. Экскурсія як форма выхаваўчай работы выбіраецца тады, калі трэба пазнаёміць навучэнцаў з рэальным жыццём, з аб’ектамі рэальнага свету ў іх натуральным асяроддзі. Мы наведваем з экскурсіямі Свята-Троіцкую царкву ў вёсцы Цялядавічы, Спаса-Узнясенскую царкву ў Капылі, Свята-Георгіеўскую царкву ў вёсцы Лешня. Таксама адпраўляемся ў экскурсійную паездку “Мінск праваслаўны”. Як правіла, такія экскурсіі пакідаюць у дзяцей моцныя ўражанні. Пабываўшы ў царкве, навучэнцы цікавяцца яе гісторыяй, храмавым мастацтвам, іканапісам, сімволікай, унутраным і знешнім выглядам, гутараць са святаром. Мною распрацаваны экскурсійны маршрут па вывучэнні праваслаўных святынь Капыля і Капыльскага раёна. Для навучэнцаў 7—11 класаў праводзяцца гадзіны гутарак са святаром Спаса-Узнясенскай царквы благачынным цэркваў Капыльскага раёна Сергіем Чарным. Тэматыка сустрэч папярэдне ўзгадняецца з настаяцелем. “Сямейныя арыенціры”, “Аб граху брыдкаслоўя”, “Аб цнатлівасці”, “Мы будзем вечна праслаўляць тую жанчыну, чыё імя — Маці!”, “Асцярожна, секта!”, “Дарога да храма”, “Гатоўнасць да бацькоўства” і інш. Гэта далёка не поўны пералік тэм. Навучэнцы з вялікай цікавасцю слухаюць настаяцеля храма і прымаюць удзел у дыялогу, задаючы пытанні, якія іх цікавяць.
У 2004 годзе ў школе быў арганізаваны атрад “Міласэрнасць”, у якім задзейнічаны навучэнцы 7—8 класаў. Мэтай работы атрада з’яўляецца выхаванне грамадзянскасці і маральнасці, чулых адносін да людзей і здольнасці адчуваць боль іншага чалавека, спачуваць. Асноўная дзейнасць накіравана на супрацоўніцтва з Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Капыльскага раёна. Супрацоўніцтва ўключае наведванні дзяцей з АПФР у цэнтры, збор цацак для іх, навагоднія і калядныя акцыі, сумесныя прагулкі, спартландыі, падрыхтоўку да свят.
Штогод у школе праводзяцца розныя святы і акцыі. Рыхтуючыся і ўдзельнічаючы ў такіх мерапрыемствах, як акцыі “Дзеці — дзецям”, “Цуды на Каляды”, “Павіншуем ветэрана са святам”, “Мы розныя, але мы разам” (акцыя, прысвечаная Міжнароднаму дню інваліда), навучэнцы ўсведамляюць сваё дачыненне да жыцця школы. Добрай традыцыяй стаў удзел маіх выхаванцаў у аказанні дапамогі адзінокім пенсіянерам, ветэранам педагагічнай працы.

Гадзіны яднання і спагады

Працэс духоўна-маральнага выхавання ў школе характарызуецца шматпланавасцю і разнастайнасцю сродкаў педагагічнага ўздзеяння на навучэнцаў. Улічваючы ўзрост вучняў, я на працягу навучальнага года праводжу калектыўныя справы, якія дапамагаюць кожнаму найбольш поўна раскрыцца. Самай распаўсюджанай формай такой работы з’яўляецца класная гадзіна, на якой звычайна праводжу гутаркі аб працавітасці, праўдзівасці, таварыстве, сяброўстве, справядлівасці, беражлівасці, дабрыні і спагадлівасці, сціпласці. Тэматыка разнастайная: “Імкніся рабіць дабро”, “Святы радасці”, “Святы ў нашай хаце”, “Талерантнасць і міласэрнасць”, “Як пазбавіцца ад шкодных звычак”, “Сямейныя каштоўнасці”, “Дзмітрыеўская субота”, “Хрышчэнне Гасподняе”, “Традыцыі і абрады” і інш. Галоўнае патрабаванне да класнай гадзіны — актыўны ўдзел усіх навучэнцаў.Працуючы ў якасці класнага кіраўніка, я ўвесь час звяртаюся да літаратуры па духоўных асновах выхавання. Праводжу класныя і інфармацыйныя гадзіны па апавяданнях Барыса Ганаго, праваслаўнага часопіса “Калыска”. У кабінеце створана бібліятэка па духоўна-маральным выхаванні, што палягчае пошук неабходнай інфармацыі пры падрыхтоўцы да мерапрыемстваў рознага кшталту. Ёсць відэатэка. Фільмы дапамагаюць дзецям адказаць на многія пытанні, звярнуць увагу на свае лепшыя якасці і недахопы. Для вучняў 5—7-х класаў рэкамендую сумесны прагляд з далейшым абмеркаваннем мастацкага фільма “Шчанюк” (рэжысёр Марыя Яўстаф’ева). Гэты фільм пра гісторыю сапраўднага сяброўства фарміруе ў вучняў такія агульначалавечыя якасці, як уменне дараваць і ахвяраваць сваімі інтарэсамі на карысць бліжняга. У 10—11-х класах абавязковым лічу прагляд дакументальнага фільма “Фарпост” (рэжысёр Міхаіл Шадрын). Гэта карціна аб чыстай бескарыслівай любові, якой вучыць Хрыстос у Евангеллі, аб дабрыні, якой так часта не хапае ўсім людзям на гэтай зямлі. Пасля прагляду і абмеркавання фільма рэкамендую напісаць сачыненне-разважанне на тэму “Прага жыцця”. Такія класныя гадзіны дапамагаюць не толькі пашырыць межы звычайных зносін у класным калектыве, але і спрыяюць фарміраванню духоўна-маральных якасцей асобы і згуртаванню калектыву.

Пошук сябе ў вечным

У рамках класнага кіраўніцтва ў 8—10 класах мы з дзецьмі ствараем метадычныя інфармацыйныя веснікі, у якія ўключаем распрацоўкі ўрокаў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў з наступным выкарыстаннем на класных гадзінах і пазакласных мерапрыемствах. За 2014/2015 навучальны год у супрацоўніцтве з настаўніцай геаграфіі Тамарай Міхайлаўнай Рашкевіч былі выпушчаны 4 маладзёжныя інфармацыйныя веснікі. На класных гадзінах, у пазаўрочны час, па суботах арганізоўваецца інтэлектуальна-пазнавальная дзейнасць з навучэнцамі з мэтай вывучэння жыція святых. Гэта яшчэ больш збліжае дзяцей, выхоўвае культуру зносін і супрацоўніцтва. Класны калектыў усё часцей выступае як адзінае цэлае, як садружнасць дзяцей і дарослых, аб’яднаных агульнай мэтай, адносінамі творчай садружнасці і агульнай адказнасцю. Навучэнцы ўжо вывучылі жыціе Валянціны Мінскай, Ксеніі Пецярбуржскай, Софіі Слуцкай і Матроны Маскоўскай. На 2015/2016 навучальны год запланавана вывучэнне жыція святых Прападобнай Манефы Гомельскай, Сергія Раданежскага, Серафіма Сароўскага і Антонія Опцінскага. Гутарка пра людзей асаблівых, самаадданых прымушае кожнага задумацца аб сэнсе жыцця, аб тым, што трэба імкнуцца быць лепшымі, дабрэйшымі, любіць усіх.У маладзёжным інфармацыйным весніку фармулююцца мэта і задача, змяшчаюцца ўступнае слова класнага кіраўніка, слайдавая прэзентацыя, якую выкарыстоўваюць у сваіх выступленнях навучэнцы. У камплект распрацоўкі ўваходзіць друкаваны матэрыял, дыск з відэафільмамі і электроннай прэзентацыяй па тэматыцы. Навучэнцы знаёмяцца з жыційнай літаратурай: вывучаюць кампазіцыю жыція, асноўныя вехі жыцця святых, абагульняюць вывучаны матэрыял. Гэтая праца выклікае ў дзяцей цікавасць да літаратуры, гісторыі Праваслаўнай царквы, а выкарыстанне гатовай інфармацыі дапамагае настаўніку хутка скампанаваць вучэбны і ілюстрацыйны матэрыял, дае магчымасць скараціць час на падрыхтоўку да ўрока. Навучэнцаў класа запрашаюць на класныя і інфармацыйныя гадзіны ў іншыя класы, і яны з задавальненнем адгукаюцца на запрашэнні. Метадычныя распрацоўкі можна выкарыстоўваць на ўроках гісторыі, літаратуры, а таксама на ўроках па асновах праваслаўнай культуры, на пазакласных мерапрыемствах.
Вядома, што сапраўдная мудрасць хаваецца не ў засваенні ведаў, а ў правільным прымяненні іх на карысць. Таму галоўны вынік, якога хацелася б дасягнуць, заключаецца ў прыняцці вучнямі вечных каштоўнасцей: міласэрнасці, спагады, імкнення да дабра. І я лічу, што толькі такая праца, якая праводзіцца сумесна і ў сістэме, мэтанакіравана і паслядоўна дае добрыя вынікі ў выхаванні Сапраўднага Чалавека, годнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы, які ведае гісторыю і традыцыі свайго народа.

Таццяна МАРОЗ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага.