Школьнікі на ”Арбіце”

Сёння ў многіх установах адукацыі існуе друкаванае выданне. Такая ж творчая лабараторыя функцыянуе і ў нашай школе.

Школьная газета адыгрывае вялікую ролю ў жыцці вучняў, якія яе выдаюць. Яна садзейнічае сталенню дзяцей, іх выхаванню. У выніку работы кожны ўдзельнік адчувае асабістую прыналежнасць да вырашэння школьных задач.

Наша школьная газета “Арбіта” выходзіць з 2013 года. Перыядычнасць выхаду выдання — адзін раз на чвэрць, а пры неабходнасці і часцей. Склад рэдкалегіі — 10 чалавек. Гэта вучні розных класаў, у асноўным з 9-га па 11-ы.

У жыцці шмат добрага, пазітыўнага і цікавага, і гэтаму на нашых старонках аддаецца прыярытэт.

На старонках газеты можна прачытаць пра цікавыя агульнашкольныя і класныя справы, паразгадваць крыжаванкі, прайсці прадметныя віктарыны, па­дзівіцца талентам пачынаючых паэтаў. Важнае месца належыць аповедам пра паходы, экскурсіі, у тым ліку і па родных мясцінах.

У газеце друкуем інтэрв’ю з настаўнікамі і вучнямі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пераможцам прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, пераможцам творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў.

Вучні з задавальненнем
удзель­нічаюць у выпуску школьнага выдання, раскрываюць свой творчы патэнцыял і здольнасці ў розных відах дзейнасці: журналісцкай рабоце, літаратурнай творчасці, камп’ютарнай графіцы.

Як настаўнік-філолаг магу з упэўненасцю сказаць, што такі від пазакласнай работы развівае ўменне валодаць вуснай і пісьмовай мовай, удасканальвае навыкі напісання нататак, эсэ, інтэрв’ю, рэпартажаў і інш.

Менавіта школьная газета дазваляе дзецям навучыцца выказваць свае ідэі, адносіны да таго, што адбываецца, дапамагае лепш пазнаць сябе.

У працэсе работы над школьнай газетай фарміруюцца такія маральныя каштоўнасці, як талерантнасць і любоў да Радзімы.

Тамара САЛОМКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны карэспандэнт” Гародзькаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валожынскага раёна.
Фота аўтара.