Школа для бацькоў вучыць камунікацыі

Чым больш увагі ў сям’і ўдзяляецца дзіцяці, тым больш упэўнена яно будзе адчуваць сябе ў жыцці. Асабліва гэта тычыцца дзетак з абмежаванымі магчымасцямі. Работа з такімі сем’ямі спецыялістаў Хойніцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі — адзін з самых важных кірункаў дзейнасці. Галоўная задача педагогаў — не толькі даць рэкамендацыі па навучанні і выхаванні дзяцей, але і прапанаваць умовы, якія максімальна стымулююць членаў сям’і да актыўнага вырашэння праблем.

У нашым цэнтры на працягу многіх гадоў існуе сямейны клуб “Школа для бацькоў”. Тэмы яго пасяджэнняў разнастайныя: “Як справіцца з капрызамі дзіцяці”, “Выхаванне без крыку”, “Як навучыць дзіця самастойнасці”, “Вучымся гуляючы”, “Кар’ера + сям’я + хатняя гаспадарка”, “Як стварыць асяроддзе, якое развівае” і інш.

Як жа эфектыўна і цікава правесці гэтыя пасяджэнні? У гэтым нам дапамагае выкарыстанне розных інтэрактыўных форм, такіх як круглы стол, трэнінг, дыскусія, семінар, дзелавая гульня. Інтэрактыўнае навучанне дае магчымасц­ь супрацоўнічаць адно з адным, суперажываць і дзяліцца ўражаннямі, абменьвацца інфармацыяй, вырашаць праблемы, ацэньваць дзеянні іншых і свае паводзіны, мадэляваць рэальныя жыццёвыя сітуацыі.

Інтэрактыўныя метады “Клубочак”, “Памяняйцеся месцамі”, “Аліўе”, “Алітэрацыя імя”, “Прывітанне часткамі цела” выкарыстоўваюцца для стварэння спрыяльнай атмасферы і арганізацыі эфектыўнай камунікацыі на розных мерапрыемствах. Для падвядзення вынікаў, фіксавання ўдзельнікамі прагрэсу ў самаразвіцці прымяняюцца розныя метады рэфлексіўнай дзейнасці: “Завяршы фразу”, “Рэфлексіўная мішэнь”, “Усё ў мяне ў руках”, “Аўстралійскі дождж”…

Пасяджэнне сямейнага клуба на тэму “Уплыў псіхалагічнага мікраклімату сям’і на здароўе дзіцяці” выклікала жывую цікавасць усіх удзельнікаў. На ім прысутнічала 13 бацькоў. Педагог-псіхолаг правяла семінар-трэнінг на тэму “Уплыў унутрысямейных адносін на эмацыянальны стан дзіцяці”, мэтай якога было фарміраванне матывацыі бацькоў на паляпшэнне ўзаемаадносін з дзецьмі, прафілактыка дзіцяча-бацькоўскіх канфліктаў, удасканаленне псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў.

Для знаёмства бацькоў былі праведзены практыкаванні “Клубочак”, “Аліўе”. Бацькі адчулі важнасць стварэння ўтульнасці і спрыяльнай псіхалагічнай атмасферы ў сям’і. Таксама былі прапанаваны такія гульні і практыкаванні, як “Асацыяцыі”, “Ідэальнае дзіця”, “Чысты ліст”, мэты якіх — наладжванне зносін, развіццё эфектыўнай камунікацыі пры праблемах, навучэнне канструктыўным спосабам выхаду з канфліктаў. Бацькі і педагогі прымалі актыўны ўдзел у прапанаваных гульнях і практыкаваннях. Пасля ўсіх прысутных запрасілі на інсцэніроўку казкі “Церамок”, якую падрыхтаваў сацыяльны педагог сумесна з выхаванцамі.

Якіх  вынікаў мы чакаем ад нашых сустрэч? Гэта навучанне эфектыўным і даступным прыёмам узаемадзеяння з дзіцем з мэтай уключэння яго ў адукацыйны працэс і карэкцыйна-педагагічную дапамогу, сацыяльна-педагагічная падтрымка сям’і, павышэнне педагагічнай кампетэнтнасці, навучанне эфектыўным і даступным формам узаемадзеяння з дзіцем, фарміраванне патрэбы ў педагагічных ведах, жадання выкарыстоўваць іх у інтарэсах дзіцяці і для ўласнага развіцця, павышэнне матывацыі бацькоў да ўдзелу ў выхаванні, навучанні і сумеснай дзейнасці з дзецьмі…

Алена ЖДАНАВА,
педагог-псіхолаг;
Таццяна ЧЭКАН,
намеснік дырэктара Хойніцкага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.