Школа — батанічны сад

На тэрыторыю Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна многія прыходзяць, каб зрабіць яркія і прыгожыя фотаздымкі на фоне жывапіснай прыроды, прагуляцца ў школьным дэндрарыі.

Больш за 120 гадоў назад пачала сваю работу Парэцкая сярэдняя школа. Яна знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Гродна і за 5 кіламетраў ад мяжы. З бакоў гэтая мясцо­васць акружана лясамі Гродзенскай пушчы, азёрамі, рэкамі і балотамі. За гэты час школа прайшла шлях ад маленькай драўлянай пабудовы да прасторнага трохпавярховага будынка. Тэрыторыя ўстановы прылягае да ляснога масіву, і гэта паспрыяла таму, каб менавіта тут узнік дэндрарый — участак тэрыторыі, на якім размешчана калекцыя жывых раслін (дрэў, хмызнякоў), што культывуюцца ў адкрытым грунце. Тут высаджваюць расліны мясцовай флоры і завезеныя з іншых геаграфічных раёнаў. У першыя гады існавання новага будынка школы была пасаджана алея каштанаў. Праз некалькі гадоў высадзілі блакітныя елкі.

У выніку праведзеных рамонтных работ на тэрыторыі школы былі створаны новыя месцы для клумб, над фарміраваннем якіх неабходна было яшчэ шмат папрацаваць. Аднак гэта не спалохала, а нават натхніла на стварэнне новай прыгажосці. На эстэтычнае афармленне клумб было патрачана шмат сіл і часу, але цяпер гэтая тэрыторыя радуе не толькі работнікаў школы, настаўнікаў і вучняў, але таксама мясцовых жыхароў і гасцей Парэчча.

У 2010 годзе на тэрыторыі Парэцкай сярэдняй школы закладзены дэндрарый агульнай плошчай 1,2 га. Былі высаджаны саджанцы барбарысу Тунберга, ядлоўцу казацкага, туі заходняй “смарагд”, кізільніку гарызантальнага, спірэі японскай і інш. Тады ж былі вызначаны і абазначаны ўжо існуючыя і новыя пасаджаныя пароды дрэў, складзены спіс раслін на тэрыторыі дэндрарыя. У далейшым паступова павялічвалася колькасць зялёных насаджэнняў, а калекцыя дрэў і хмызнякоў з года  ў год папаўнялася новымі відамі. Рэгулярна ажыццяўляліся іх праполка і паліў. Гэтай дзейнасцю з ахвотай займаліся выхаванцы школьнага лясніцтва сумесна з супрацоўнікамі Скідзельскага лясгаса.

Цяпер на тэрыторыі школы і дэндрарыя налічваецца 284 дрэвы, што прадстаўлены 12 відамі, 30 відаў хмызнякоў — 214 адзінак. Травяністыя формы, якія ўпрыгожваюць школьныя клумбы, прадстаўлены кожны год 45—50 відамі.

Акрамя таго, школьны дэндрарый выкарыстоўваецца як месца для правядзення экскурсій на ўроках біялогіі і для вучняў пачатковай школы. Таксама тут праходзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Юны лесавод”. На такіх экскурсіях і занятках школьнікі назіраюць, вучацца вызначаць неабходныя аб’екты, знаходзіць прыклады ўзаемасувязі жывых арганізмаў адно з адным і з умовамі навакольнага асяроддзя. На тэрыторыі дэндрарыя вучні праводзяць свае першыя эксперыменты ў жывой прыродзе. Вынікі яны выкарыстоўваюць пры афармленні навукова-даследчых работ, якія прадстаўляюць на конкурсах розных узроўняў — ад раённага да рэспубліканскага. Важным з’яўляецца набыццё працоўных навыкаў догляду розных парод дрэў і хмызнякоў. Сапраўдная ўзнагарода — назіраць, як каля роднай школы расце і прыгажэе пасаджаная табой новая расліна. Для многіх школьнікаў такая работа можа стаць першым крокам да будучай прафесіі, звязанай з лясной гаспадаркай.

Такім чынам, тэрыторыя школы нагадвае сапраўдны батанічны сад. Тут мы можам сустрэць як звычайныя для нашай мясцовасці віды дрэў, хмызнякоў і кветак, так і дастаткова рэдкія: фарзіцыю, айву звычайную, самшыт вечназялёны, энатэру жоўтую, мышыны гіяцынт, пралеску, крокус анкарскі, жывучку паўзучую і многія іншыя. Школьны дэндрарый выконвае не толькі функцыю эстэтычнага ўпрыгажэння, але яшчэ і пазнавальную, экалагічную, духоўна-маральную функцыі ў развіцці школьнікаў, а таксама фарміруе навыкі фізічнай працы.

Кацярына ЗВЕРАВА,
настаўніца геаграфіі Парэцкай сярэдняй школы.
Фотаздымкі прадастаўлены Парэцкай сярэдняй школай.