Шахматны ўсенавуч для дашкольнікаў

Мэтай развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі з’яўляецца рознабаковае гарманічнае развіццё асобы. Больш чым дзесяцігадовы вопыт работы пераканаў нас, што гульні ў шахматы і шашкі — вельмі магутны інструмент гарманічнага развіцця інтэлекту дзіцяці. Яны дазваляюць паспяхова вырашаць шэраг задач пазнавальнага развіцця старшых дашкольнікаў: развіццё псіхічных працэсаў, перадумоў матэматычных здольнасцей, фарміраванне ўмення прасторавай арыенціроўкі на плоскасці, лагічнага мыслення. Гэта не толькі гульня, якая дастаўляе шмат радасці, але і эфектыўны сродак выхавання.

Працэс далучэння да гульні выхоўвае ў дзяцей звычку да пераадолення цяжкасцей. Навучанне гульні ў шахматы адкрывае дарогу да творчасці многім дзецям некамунікатыўнага тыпу: дазваляе ім пераадолець замкнёнасць, сарамлівасць. А жваваму дзіцяці дапамагае стаць спакойным, ураўнаважаным, вучыць доўга засяро­джвацца на адным відзе дзейнасці. У няўважлівага дзіцяці з дапамогай гульняў у шахматы і шашкі выпрацоўваецца здольнасць да працяглай канцэнтрацыі ўвагі.

Шахматныя і шашачныя гульні занялі пэўнае месца ў працэсе адукацыйнай работы з выхаванцамі. Работа арганізавана з мэтай навучання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту гульні ў шахматы, фарміравання цікавасці да гульні, развіцця інтэлектуальных здольнасцей і накіравана на вырашэнне наступных задач: развіваць кругагляд, актывізаваць разумовую дзейнасць, лагічнае мысленне, памяць, увагу, уменне прадбачыць вынікі сваёй дзейнасці ў працэсе гульні; спрыяць развіццю аналітыка-сінтэтычнай дзейнасці; спрыяць развіццю настойлівасці, вытрымкі, упэўненасці ў сваіх сілах; выхоўваць партнёрскія, сяброўскія ўзаемаадносіны.

Гульні ў шахматы і шашкі педагогі актыўна выкарыстоўваюць пры планаванні і арганізацыі разнастайных відаў дзіцячай дзейнасці ў сярэдніх і старшых групах. З шахматнай дошкай дзеці знаёмяцца ў сярэдніх групах, асвойваючы асновы гульні ў шашкі. У старэйшым узросце да ўжо знаёмай дошкі і шашак дадаюцца шахматныя фігуры. На гульнявых занятках і ў свабодных відах дзіцячай дзейнасці ў простай і зразумелай форме дашкаляты знаёмяцца са светам шашак і шахмат, даведваюцца пра сакрэты шахматных фігур, “чароўныя” ўласцівасці і загадкавыя асаблівасці дошкі, элементарныя правілы гульні і некаторыя яе прынцыпы, этыку шахматнай барацьбы. Заняткі носяць комплексны характар, дзеці засвойваюць не толькі шахматныя, але і матэматычныя паняцці, вырашаюцца задачы па развіцці маўлення, выяўленчай дзейнасці. Перавага аддаецца гульнявому метаду навучання. Для ўводу дзяцей у дзіўны свет драўляных каралёў шырока выкарыстоўваюцца шахматныя казкі, рэбусы, загадкі, шарады, займальныя задачы, віктарыны. Выкарыстанне электроннай дзіцячай праграмы па навучанні гульні ў шахматы “Дыназаўры вучаць шахматам” дазволіла паспяхова гуляць у шахматы з камп’ютарам. Далучэнню да свету шахмат спрыяе і музычная дзейнасць, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з класічнымі танцамі “Паланэз”, “Шахматны эцюд”. Тэатралізаваная дзейнасць дапамагае самім дзецям на час стаць шахматнымі фігурамі. Пры арганізацыі пазнавальнай дзейнасці адбываецца знаёмства з гісторыяй шахмат і шашак, знаёмства з вядомымі гросмайстрамі.

У кожнай групе арганізаваны цэнтры шашак і шахмат, дзе, акрамя традыцыйных гульняў, прадстаўлены гульні-галаваломкі, крыжаванкі, дыдактычныя і развіццёвыя гульні, шахматы і шашкі, выкананыя ў розных тэхніках сваімі рукамі. Гэта знаёмыя нам гульні, але адаптаваныя да шахматна-шашачнай тэматыкі.

Магчымасць гуляць у шахматы і шашкі прада­стаўляецца нашым выхаванцам цэлы год. З гэтай мэтай у летні перыяд на тэрыторыі ўстановы арганізавана работа тэматычнай пляцоўкі “Шахматны дворык”.

Далучэнню педагогаў да гульні ў шахматы спрыяе метадычная работа. З апорай на методыкі пачатковага навучання шахматнай гульні падабрана метадычная скарбонка для педагогаў: кансультацыі, рэкамендацыі, майстар-клас.

Захапленне гульнямі ў шахматы і шашкі перадалося і бацькам нашых выхаванцаў. Для бацькоў гэта добрая нагода для зносін са сваімі дзецьмі. Гэтая цудоўная гульня становіцца сродкам сямейнага выхавання і навучання, прычым ненадакучлівага, цікавага, захапляльнага. Так, бацькі выхаванцаў старшых груп актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах “Незвычайныя шахматы сваімі рукамі”, “Роставыя шахматныя фігуры”, “Беларускія мастакі шахматнага каралеўства”. З’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі турніраў, свят, віктарын. Навучаючы сваіх дзяцей, яны вучацца самі.

З мэтай педагагічнай асветы бацькоў у пытаннях далучэння да свету шахмат на сайце дашкольнай установы прадстаўлена рубрыка “Малышы гуля­юць у шахматы і шашкі”, дзе размешчаны тэматычныя кансультацыі, рэкамендацыі для бацькоў, гульнятэка, вершы, загадкі пра шахматы.

Традыцыйным стаў штогадовы ўдзе­л нашых выхаванцаў у раённым шахматна-шашачным турніры “Малышы гуляюць у шахматы і шашкі”. Па ўжо існуючай з 2003 года традыцыі на сустрэчу з Шахматнай каралевай спяшаюцца дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту з устаноў усяго раёна, а таксама дарослыя: бацькі, бабулі, дзядулі, педагогі. Кожны год іх сустрака­юць любімыя персанажы: Кароль і Каралева, фіксікі або іншапланецяне. Да кожнага шахматнага турніру афармляюцца тэматычныя выставы: разнастайных па дызайне і мастацкім афармленні шахмат; навукова-папулярнай літаратуры па навучанні дзяцей гульні ў шахматы; дзіцячых малюнкаў на шахматную тэматыку; тэматычных фатаграфій і фотапастоў; метадычных распрацовак.

Шахматная каралева праводзіць з дзецьмі займальныя гульні, дае гульнявыя заданні на кемлі­васць: загадкі, крыжаванкі, рэбусы. Актыўныя ўдзель­нікі турніру — бацькі малых, іх бабулі і дзядулі. Ім таксама прадастаўляецца магчымасць праявіць свае веды ў гульнях для дарослых, разгадаўшы займальную крыжаванку, рашыўшы шахматныя задачы, адказаўшы на загадкі-жарты, пералічыўшы вядомых гросмайстраў. Бацькам даецца магчымасць і пазмагацца адно з адным. Дарослыя ўдзельнікі спаборнічаюць не менш захоплена, з дзіцячым запалам і азартам.

Стала добрай традыцыяй, што выхаванцы нашай установы штогод становяцца прызёрамі і пераможцамі турніру.

Вопытам работы ў гэтым напрамку мы дзелімся з калегамі не толькі нашага раёна, але і вобласці. Так, у мінулым годзе праведзены абласны семінар для работнікаў дашкольных устаноў, прынялі ўдзел у абласным вэбінары, у абласным спартыўна-масавым мерапрыемстве “Ферзь і пешка”.

Дзеці, якія прайшлі пачатковы курс шахматнага навучання, паказваюць выдатныя вынікі ў школе. Бацькі адзначаюць, што яны сталі больш уседлівымі, вытрыманымі, уважлівымі. У дзяцей добра развіта лагічнае мысленне і памяць. Спазнаўшы асалоду гульні, 85% выхаванцаў нашай установы працягва­юць навучанне гульні ў шахматы ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Адзінства” Дзяржынскага раёна. Дзеці, якія навучыліся гуляць у шашкі і шахматы, не абавязкова павінны стаць чэмпіёнамі. Мы не імкнёмся з кожнага дзіцяці вырасціць Карпава або Каспарава. Навучанне гульні не самамэта! Важней выкарыстоўваць гульню як магутны сродак раскрыцця таго вялікага патэнцыялу, які закладзены ад прыроды ў кожным малышу.

Ірына КАШЫНСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Дзяржынска.