Сеткавае ўзаемадзеянне

Адукацыя на сучасным этапе мае на ўвазе фарміраванне не толькі прадметных, але і метапрадметных кампетэнцый, каб дасягнуць асобасных вынікаў. Гэтыя задачы знаходзяць адлюстраванне ў Адукацыйным стандарце агульнай сярэдняй адукацыі і прадугледжваюць засваенне навучэнцамі зместу адукацыйных праграм на базе аднаго, некалькіх або ўсіх вучэбных прадметаў. 

З 2019 года ў нашай школе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе арганізацыі і функцыянавання медыяцэнтра ўстановы адукацыі”. Ідэя заключаецца ў арганізацыі працэсу творчай праектнай дзейнасці навучэнцаў на матэрыялах і з дапамогай медыя, што забяспечвае ўмовы для развіцця самастойнай, творчай, ініцыятыўнай, адказнай асобы і яе паспяховай сацыялізацыі не толькі ў рамках установы адукацыі, але і ў адкрытай адукацыйнай прасторы. У якасці актыўных форм дзейнасці выступаюць у тым ліку сеткавыя праекты, адукацыйныя квілты, вэб-квесты, заснаваныя на сумеснай вучэбна-пазнавальнай, даследчай, творчай або гульнявой дзейнасці навучэнцаў-партнёраў, арганізаваныя з дапамогай сеткавага ўзаемадзеяння, аб’яднаныя агульнай праблемай, мэтай, узгодненымі метадамі, спосабамі дзейнасці і накіраваныя на дасягненне сумеснага выніку. Перавагі сеткавых форм дзейнасці пры дыстанцыйнай рабоце з навучэнцамі відавочныя: магчымасць канструктыўных зносін у інтэрнэце, абмен вопытам, меркаваннямі, вынікамі ўласных і сумесных распрацовак, інтэграцыя некалькіх вучэбных прадметаў, комплекснае развіццё ўсіх універсальных вучэбных дзеянняў: асобасных, прадметных і метапрадметных.

Удалым прыкладам міжпрадметнай інтэграцыі можна лі­чыць вопыт удзелу ў міжнародных літаратурных квілтах “Калядныя гісторыі”, “Мы чытаем аб вайне”, вэб-квесце “Там, на невядомых дарожках…”, міжнародных сеткавых праектах “Добры след”, “Дэтэктыўнае агенцтва містара G”, “Лёгкія нялёгкія словы”, “Лясны калейдаскоп”, “Свет у руху”, “Ключыкі да сэрца”, “Задачкін і яго сябры”, “Фестываль культур”. Усе прадукты, якія ствараюцца ў рамках праектаў (інтэрактыўныя кнігі, медыяпублікацыі, мультымедыйныя плакаты, постары, фотакалажы і г.д.), былі накіраваны на развіццё метапрадметных уменняў і інтэгравалі веды з розных прадметных галін. Аднак удзелу ў “чужых” праектах недастаткова, іншая справа — укараненне ў практыку ўласных электронных рэсурсаў. Сучасны настаўнік, навучаючы глабальна і крэатыўна, выступае ў ролі “дызайнера” вучэбнага асяроддзя, становіцца яго аўтарам і распрацоўшчыкам. На рахунку нашых педагогаў — міжнародны адукацыйны сеткавы праект “Фантафета — гэта цэлая навука…” https://bit.ly/2IuWSKp (І.А.Крупакова, настаўніца пачатковых класаў), літаратурныя квілты “Будзь­це шчаслівыя, летуценнікі!” https://bit.ly/2v5Bvaw, “Прайсціся па родных сцяжынках…” https://bit.ly/2VPoBcN (А.У.Кубарка, настаўніца рускай мовы і літаратуры), творчы літаратурна-пазнавальны квілт “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць, ці Сяржант Сідараў запрашае!” https://clck.ru/TNGCc (А.А.Мароз, настаўніца беларускай мовы і літаратуры), рэспубліканскі праект з міжнародным удзелам “Кніга міру” https://www.calameo.com/read/006348048edf9f1cb3cd6 (кіраўнік рэспубліканскай творчай групы А.М.Стальмачонак, настаўніца нямецкай мовы). І поспехі не прымусілі сябе чакаць: дыпломам І ступені ўзнагаро­джана каманда “Плюс” (нашы навучэнцы 5—9 класаў Лізавета Фяськова, Ксенія Макарава, Дар’я Грачухіна, Алена Байголава) у сеткавым праекце “Media_Волна”, арганізаваным пры падтрымцы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і педагагічнай ініцыятывы “PROрух адукацыйных ініцыятыў” (лонгрыд “Крок у неўміручасць” https://clck.ru/UKAwN). Работы даследчага характару на аснове матэрыялаў рэспубліканскага праекта “Кніга міру” адзначаны па выніках абласнога конкурсу работ даследчага характару “Я пазнаю свет”, раённай канферэнцыі “Першы крок у навуку” (Ксенія Макарава, дыпломы I ступені), конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці “Эўрыка” (Цімафей Мацвеенка, дыплом I ступені). 

Імпульс да самаразвіцця, шторм крэатыўных ідэй і паток станоўчых эмоцый — гэта тое, што аб’ядноўвае ўдзельнікаў сеткавых форм узаема­дзеяння. У сваю чаргу яны даюць настаўніку набор эфектыўных інструментаў навучання. Але галоўнае ў тым, што педагогі ў адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых мэтах актыўна выкарыстоўваюць прывычныя і цікавыя для сучасных школьнікаў спосабы і віды дзейнасці ў сетцы інтэрнэт, што садзейнічае набыццю неабходных уменняў і якасцей, дазваляе навучэнцам і педагогам раскрыць і прадэманстраваць свае інтэлектуальныя, эстэтычныя, аналітычныя і творчыя здольнасці.

Ірына КРУПАКОВА, 
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Зялёнкаўскага дзіцячага сада — базавай школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна.