Сенсорнае выхаванне разам з Фіксікамі

Ранні ўзрост — самы спрыяльны час для сенсорнага выхавання, без якога ў дзіцяці немагчымы нармальнае развіццё працэсаў успрымання і фарміраванне ўяўленняў аб прадметах і з’явах навакольнага свету.

Год працуючы з дзецьмі ў групе ранняга ўзросту Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г.п.Зэльва, зразумела, што цяжка пераацаніць значэнне сенсорнага развіцця. І менавіта гэты ўзрост найбольш спрыяльны для ўдасканалення дзейнасці органаў пачуццяў, назапашвання ўяўленняў аб навакольным свеце.

Вялікае значэнне для сенсорнага выхавання мае правільна арганізаванае развіццёвае асяроддзе. Усе дзеці, як вядома, розныя, і кожны дашкольнік мае права на ўласны шлях развіцця, таму з мэтай рэалізацыі індывідуальных інтарэсаў, схільнасцей і патрэб дашкольнікаў прадметна-развіццёвае асяроддзе арганізоўваю так, каб кожнаму дзіцяці забяспеч­ваць права і свабоду выбару ўласнай траекторыі дзейнасці.

У летні перыяд большасць рэжымных момантаў ладзіцца на свежым паветры. Таму развіццёвае асяроддзе арганізавана так, каб кожнае дзіця мела свабодны доступ да гульняў, цацак, матэрыялаў не толькі ў групе, але і на гульнявой пляцоўцы, дзе малых чакаюць знаёмыя героі любімых мультфільмаў — Фіксікі. Гарманічнае спалучэнне разнастайных форм, памераў, фактур, колеравай гамы прадметаў, натуральныя якасці прыродных матэрыялаў не толькі дазваляюць дзецям атрымліваць новыя адчуванні, але і ствараюць асаблівы эмацыянальны настрой.

У гульнявых кутках падабраны сенсорны матэрыял і цацкі, прызначаныя для дзяцей ранняга ўзросту, якія дазваляюць замацоўваць іх арыенціроўку ў колеры, форме і велічыні прадметаў, развіваць дробную маторыку рук.

Асноўнымі характарыстыка­мі асяроддзя для сенсорнага развіцця дзяцей ранняга ўзросту з’яўляюцца:

– зместавая насычанасць: наяўнасць разнастайнага дыдактычнага матэрыялу;

– даступнасць: размяшчэнне гульнявога і дыдактычнага матэрыялу ў полі зроку дзiцяцi;

– варыятыўнасць: перыядычная змяняльнасць дыдактычных гульняў і дапаможнікаў;

– поліфункцыянальнасць гульняў і дапаможнікаў, што дазваляе выкарыстоўваць іх у розных відах дзіцячай актыўнасці. Напрыклад, атрыбуты для адной сюжэтнай гульні выкарыстоўваюцца па жаданні дзяцей як прадметы-замяшчальнікі для ўдасканалення сюжэтнай лініі іншых гульняў. Адны і тыя ж дапаможнікі выкарыстоўваюцца для развіцця ў дзяцей сенсорна-маторных навыкаў, маўленчага развіцця, навыкаў даследча-пошукавай работы;

– трансфармуемасць, якая забяспечвае магчымасць змянення прадметна-развіццёвага асяроддзя, што дазваляе вывесці на першы план тую ці іншую функцыю прасторы;

– бяспека, якая прадугледжвае адпаведнасць усіх элементаў патрабаванням па надзейнасці і бяспецы іх выкарыстання.

Прадметна-развіццёвае асяроддзе па сенсорным выхаванні я разглядаю як пошукавае поле дзіцяці, у якім яно ставіць уласныя мэты, выбірае сродкі і спосабы іх дасягнення, робіць высновы, асабістыя адкрыцці.

Значную ролю ў сенсорным выхаванні дзяцей маёй групы адводжу развіццёвым гульням. Менавіта ў гульні выяўляюцца і развіваюцца розныя бакі асобы дзіцяці, задавальняюцца многія інтэлектуальныя і эмацыянальныя патрэбы, фарміруецца характар. Выхаванцы з задавальненнем удзельнічаюць у дыдактычных гульнях на замацаванне велічыні, колеру, развіццё дробнай маторыкі рук. Дарэчы, для развіцця дробнай маторыкі выкарыстоўваюцца як спецыяльныя дыдактычныя цацкі (укладышы, пірамідкі, матрошкі, шнуроўкі), так і гульні, сваімі рукамі выкананыя з розных матэрыялаў.

Сенсаматорны куток даступны для самастойнай дзейнасці малых. Усе гульні размешчаны на падносах, сталах. Мае выхаванцы любяць выкладваць узоры з мазаікі, імкнуцца праяўляць настойлівасць у дасягненні выніку сваіх дзеянняў, валодаюць актыўнай мовай, уключанай у зносіны, звяртаюцца з пытаннямі і прось­бамі, разумеюць мову дарослых, ведаюць назвы навакольных прадметаў і цацак, імкнуцца да зносін з дарослымі і актыўна гуляюць у гульні, у якіх прайграваюць дзеянні дарослага.

Створанае асяроддзе выклікае ў дзяцей пачуццё радасці, фарміруе станоўчыя адносіны да ўстановы дашкольнай адукацыі, жаданне наведваць яе, узбагачае новымі ўражаннямі, падахвочвае да актыўнай творчай дзейнасці, спрыяе інтэлектуальнаму і сацыяльнаму развіццю. Дзеці сталі больш сацыялізаванымі, умеюць кантактаваць адно з адным, павысіліся іх пазнавальны інтарэс, дапытлівасць.

Таісія КІСЛАЯ,
выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г.п.Зэльва.