Сацыяльная адаптацыя дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі

Дзеці з цяжкімі і множнымі парушэннямі маюць асаблівыя здольнасці, свой уласны тэмп і рытм развіцця, а таксама вялікую колькасць абмежаванняў. Часам ім цяжка перамяшчацца, яны не могуць сабе абслугоўваць, пераймаць сацыяльныя паводзіны, падтрымліваць сацыяльнае ўзаемадзеянне. Ім патрэбна сацыяльная адаптацыя: актыўнае прыстасаванне да ўмоў асяроддзя праз засваенне і прыняцце каштоўнасцей, норм, правіл паводзін, якія прыняты ў грамадстве.

Я шмат гадоў працую настаўніцай у Лельчыцкім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Прыйшла да высновы, што дэфіцыт сацыяльнага вопыту, недастатковая падрыхтаванасць гэтай катэгорыі дзяцей аказвае істотны ўплыў на характар адаптацыі ў новых умовах. Дзеткі не могуць устанаўліваць асабістыя кантакты з аднагодкамі і персаналам, негатыўна ставяцца да ўдзелу ў працоўных працэсах, няўпэўненыя, не ведаюць, як паводзіць сябе ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі.

Увесь працэс навучання і выхавання накіроўваю на тое, каб сацыяльна адаптаваць дзіця. Мы адпрацоўваем тыя жыццёвыя сітуацыі, з якімі ім прыйдзецца сутыкнуцца. Размова ідзе не толькі пра вучобу, але і пра розныя віды працоўнай дзейнасці, арганізацыі вольнага часу, паводзіны ў грамадскіх месцах, уменне прымяняць навыкі самаабслугоўвання.

Сацыяльная адаптацыя ўваходзіць у агульную сіс­тэму арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу дзяцей класа. На занятках мы фарміруем сацыяльна-бытавыя ўменні і навыкі. Вучні іх паўтараюць на практыцы ў штодзённым жыцці. У сваёй рабоце выкарыстоўваю прадметна-практычныя заняткі, экскурсіі, гутаркі, дыдактычныя гульні, мадэляванне рэальных сітуацый.

Галоўнай апорай у засваенні любога пазнавальнага матэрыялу, на мой погляд, служаць наглядныя сродкі навучання. Таму на занятках па сацыяльнай адаптацыі выкарыстоўваю прадметы (напрыклад, адзенне, посуд, прадукты), рэальныя аб’екты (напрыклад, памяшканні цэнтра), муляжы, цацкі, мадэлі, малюнкі (прадметныя, сюжэтныя), практычны паказ дзеянняў. Так, пры дэманстрацыі прадметаў навакольнага свету (напрыклад, прадуктаў) дзеці непасрэдна знаёмяцца з імі: разглядаюць, падключаюць іншыя аналізатары — каштуюць на смак, нюхаюць, дакранаюцца і г.д.

Суправаджаю паказ дзеянняў адначасовым тлумачэннем прыёмаў іх выканання. Паказ ажыццяўляю некалькі разоў: першы раз — у звычайным працоўным тэмпе, астатнія — у запаволеным. Напрыклад, мы з дзецьмі вучымся зашпільваць гузікі. Спачатку тлумачу неабходнасць гэтага дзеяння, затым прапаную дзецям паспрабаваць выканаць яго самастойна.

Вядзецца карпатлівая работа па навучанні пэўным навыкам самаабслугоўвання, практычнай дзейнасці, якая фарміруе веды і ўменні, што дапамагаюць вучням наладжваць кантакт з людзьмі, знаходзіць выйсце з жыццёвых сітуацый.

Часта выкарыстоўваю метад мадэлявання рэальных сітуацый. Сюжэты бяру з рэальнага жыцця, але абавязкова ў адпаведнасці з узроўнем ведаў, наяўным вопытам дзяцей, іх магчымасцямі. Пры фарміраванні працоўных навыкаў і ўменняў асабліва важная штодзённая практычная дзейнасць. Яна арганізоўваецца ў наступных формах: даручэнні, калектыўная дзейнасць. Для дзяцей з множнымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця выкарыстоўваю самую простую форму арганізацыі працоўнай дзейнасці — даручэнні накшталт “Дай мне”, “Прынясі мне”, “Вазьмі” і г.д. Веды і першапачатковыя навыкі для замацавання і трывалага засваення неабходна шматразова, рэгулярна паўтараць, замацоўваць у штодзённай дзейнасці.

Падчас карэкцыйных заняткаў вучні атрымліваюць веды пра разнастайныя сферы жыцця і дзейнасці чалавека, набываюць практычныя ўменні, якія дазваляюць ім паспяхова адаптавацца ў сацыяльным асяроддзі.

Вольга ЗЕЛЯНКОЎСКАЯ,
настаўніца Лельчыцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання.