Сартуем адходы для выратавання прыроды

Юны выхаванец старшай групы № 2 ясляў-сада № 15 Мазыра Захар Навіцкі разам з бацькамі Юліяй Яўгенаўнай і Аляксандрам Віктаравічам Навіцкімі правялі даследчую работу па тэме “Дзіця і прырода”. А пачалося ўсё з пытання, адказ на якое сям’я шукала разам: куды смецце знікае пасля таго, як мы яго выкінулі ў скрыню?

Мама з сынам спачатку наведалі станцыю па сартаванні цвёрдых камунальных адходаў у Мазыры. Тут яны пераканаліся ўвачавідкі: калі смецце папярэдне не сартавалі, вялікая маса яго адправіцца на палігон, які імкліва расце. Што ж можна лічыць смеццем? Напрыклад, кара дрэва — гэта смецце? А пластыкавая бутэлька? А кардонная каробка? Ці можа смецце быць небяспечным?

З мультфільма “Спытай у Альберта. Смецце і адходы як бумеранг” даведаліся, як смецце раскладаецца ў прыродзе, як яго сартуюць для перапрацоўкі. Таксама паглядзелі серыю мультсерыяла “Свінка Пепа. Перапрацоўка”. Пасля зрабілі выснову: каб правільна перапрацаваць смецце, яго трэба правільна сартаваць. Сартаванне хатняга смецця стала для Захара сапраўдным адкрыццём:

— Мы ратуем прыроду! Тут і пластык, шкло і папера, лекі і батарэйкі. Усё асобна!

Батарэек сабралася шмат. З імі вырашылі разабрацца асобна. У гэтай справе дапамог прагляд серыі мультсерыяла “Фіксікі. Батарэйкі”. Таксама Навіцкія правялі даследаванне на тэму, якую шкоду могуць нанесці адпрацаваныя элементы сілкавання прыродзе і чалавеку, трапіўшы ў навакольнае асяроддзе. Узялі тры шклянкі з вадой. У першую для кантролю была наліта толькі вада, у другую паклалі адпрацаваную батарэйку. У трэцюю шклянку паклалі батарэйку, якую для доследу разабраў тата Захара. На наступны дзень усе заўважылі, што ў другой шклянцы вада пажоўкла, а ў трэцяй выпаў цёмны асадак, батарэйка пачала акісляцца, а вада стала ржавага колеру.

Яшчэ адзін дослед, які быў запазычаны ў серыі мультфільма “Фіксікі. Батарэйкі”, даказаў, што кветка, у якую закапалі батарэйку, стала завядаць. Захар зрабіў выснову, што батарэйкі атручваюць не толькі ваду, але і глебу, таму іх адносяць да небяспечных адходаў, якія трэба ўтылізаваць і перапрацоўваць, інакш яны будуць атручваць усё навокал. Пра тое, куды здаць скарыстаныя батарэйкі ў Мазыры, Навіцкія даведаліся пры дапамозе дадатку “Яндэкс. Карты”. Усе непатрэбныя батарэйкі хлопчык занёс у пункт прыёму адпрацаваных элементаў сілкавання.

— Падчас правядзення даследавання мы высветлілі важнасць сартавання смецця, — гаворыць маці юнага даследчыка Юлія Навіцкая. — Доследным шляхам даказалі, што батарэйкі нельга выкідваць у кантэйнеры з агульным смеццем. Нашы даследаванні не закончаны. Усёй інфармацыяй мы збіраемся падзяліцца з сябрамі, роднымі і блізкімі. Мы ўсе — дарослыя і дзеці — павінны рабіць свой пасільны ўклад у паасобны збор і сартаванне смецця. Прынамсі, відэасюжэт, які мы знялі, раскажа падрабязнасці пра нашы з сынам даследаванні: https://youtu.be/o5f9wpWtmYU.

Таццяна ШОРАП,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 15 Мазыра.