Самае галоўнае — запаліць агонь

Кожны год абласны фестываль аматарскіх тэатральных калектываў на замежных мовах “Аркада” збірае сотні дзяцей з усіх куткоў Гомельшчыны. Сёлета конкурс праходзіў дыстанцыйна.

Задачамі фестывалю з’яўляюцца папулярызацыя замежных моў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, развіццё творчых здольнасцей і ўдасканаленне іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў, павышэнне іх матывацыі да вывучэння замежных моў, далучэнне да культурнай спадчыны краіны вывучаемай мовы.

У стагоддзе касмічных хуткасцей і мноства інфармацыйных патокаў вельмі хочацца, каб дзеці як мага часцей мелі магчымасць жывых зносін. Пачуццё локця, уменне працаваць у камандзе, агульная мэта, вера ў перамогу і, вядома, магчымасць творчага самавыяўлення — вось што нам даў фестываль. Гэта выдатная ідэя, дзякуючы якой нашы дзеці маюць магчымасць не толькі прадэманстраваць сваё валоданне замежнай мовай, але і адчуць, што такое творчы кураж, навучыцца працаваць у камандзе.

На суд журы свае відэапастаноўкі прадставілі 33 тэатральныя калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля, Гомельскага, Жлобінскага, Петрыкаўскага, Брагінскага, Мазырскага, Рэчыцкага і іншых раёнаў. Самы вялікі конкурс, як заўсёды, быў сярод англа­моўных калектываў. Пераможцамі фестывалю журы прызнала тэатральныя калектывы Petrikov gymnasium гімназіі Петрыкава і “Маскі” сярэдняй школы № 16 Мазыра. Лічу, што менавіта дасканала спланаваная работа ў камандзе з’яўляецца залогам поспеху любой справы. Наша перамога — гэта не толькі творчыя пошукі настаўнікаў і вучняў. Гэта зацікаўленасць адміністрацыі ў асобе дырэктара Аксаны Міхайлаўны Кавальковай і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Настассі Сяргееўны Саламаха, дапамога дэкаратараў, касцюмера, аператара, харэографа.

У такі няпросты для ўсіх жыхароў планеты перыяд нашы навучэнцы яшчэ раз даказалі сваё імкненне жыць ярка, нягледзячы на ўсе цяжкасці. У нашай пастаноўцы ўдзельнічалі навучэнцы розных класаў з розным узроўнем валодання замежнай мовай. Але вельмі важна, што кожнае дзіця, нават самае нясмелае і няўпэўненае ў сабе, верыла ў сваю ўнікальнасць і ў тое, што ў яго ўсё атрымаецца. Я шчаслівая, што змагла самае галоўнае — запаліць агонь у сэрцах дзяцей, які яны пранясуць праз усё жыццё, і юныя акцёры будуць успамінаць гэтую падзею іх школьнага жыцця як адну з самых займальных і яркіх.

Юлія РОГАВА,
настаўніца англійскай мовы, кіраўнік аматарскага тэатральнага калектыву “Маскі” сярэдняй школы № 16 Мазыра.
Фота аўтара.