Сабе, гімназіі, роднаму гораду

Лета — самы чаканы час у жыцці любога школьніка, таму што гэта самыя доўгія канікулы. Ёсць мноства варыянтаў, як іх правесці, але пытанне, што з заняткаў выбраць, каб займацца прывабнай і адначасова карыснай справай, хвалюе ўсіх. У любым выпадку летні адпачынак — лепшы час для ўмацавання свайго здароўя, папаўнення сіл, якія расходуюцца на працягу навучальнага года, развіцця творчых здольнасцей, адкрыцця новага і цікавага.

У гэтым годзе мне не прыйшлося доўга разважаць над тым, чым заняцца на канікулах, бо, на шчасце, з’явілася магчы­масць пабываць у “Інтэлектуале” — летнім лагеры працы і адпачынку Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Лагер якраз аб’ядноўвае ў сабе ўсе пералічаныя складнікі, неабходныя для незабыўнага лета. Кожную раніцу я прачыналася з думкай аб цікавых падзеях, якія адбудуцца ў лагеры: у мяне і маіх сяброў была магчы­масць пражыць наступныя гадзіны так, каб яны прынеслі не толькі радасць і добры настрой, але і карысць сабе і роднаму гораду. Таму невыпадкова наша змена мела дэвіз “Лета карыснага колеру”. Кожны дзень, насамрэч, праходзіў пад рознымі колерамі і быў прысвечаны пэўнай тэме: дзень здароўя — зялёны колер, этыкету — фіялетавы, усмешкі — жоўты, інтэлектуала — блакітны і г.д., колеры ніколі не паўтараліся. Для таго каб кожны ўдзельнік лагернай змены ведаў, які дзень будзе заўтра, мы стварылі рознакаляровы каляндар карысных спраў. Акрамя гэтага, штораз у лагеры нас чакалі розныя заданні, звязаныя з тэмай дня, таму сумаваць не даводзілася. Варта адзначыць, што ў нашых творчых справах мы не абмяжоўваліся тым, што адбывалася ў гімназіі. Да таго ж наша каманда “Інтэлектуалы” прыняла ўдзел у абласным конкурсе летніх лагераў “Яркае лета”. У ім былі 4 этапы, удзел у якіх дапамог усім нам шмат чаму навучыцца, атры­маць станоўчыя эмоцыі і незабыўныя ўражанні. У гонар надыходзячага Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні 22 чэрвеня мы наведалі мноства помнікаў і памятных мясцін, звязаных з ваеннымі падзеямі. Яшчэ наша каманда зняла ролік-візітку, а таксама відэафлэш-моб, у якім мы чыталі верш пра наш родны горад. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. Для апошняга этапу конкурсу мы стварылі калаж “Лета добрых спраў”, прымеркаваны да Сусветнага дня моладзі. Трэба сказаць, гэты конкурс адыграў сапраўды вялікую ролю ў нашай змене, дапамог нам раскрыць свае таленты і прадэманстраваць іх. Аднак, акрамя творчага складніка лагера, быў яшчэ працоўны, бо лета —  гэта і выдатная магчы­масць для падлетка крыху падзарабіць, адначасова прыносячы карысць. Мы працавалі ў гімназіі: палолі клумбы, палівалі кветкі, дапамагалі пераносіць парты і крэслы, адным словам, выконвалі ўсё, што патрабавалася для акультурвання тэрыторыі і падрыхтоўкі ўстановы да новага навучальнага года. Але мы не абмежаваліся толькі дапамогай гімназіі: добраўпарадкавалі тэрыторыю ля помніка славутаму першадрукару Францы­ску Скарыну і помніка, які прысвечаны падзеям вайны 1812 года, а таксама на вуліцы Ніжне-Пакроўскай.

Вядома, усе карысныя і добрыя лагерныя справы не засталіся незаўважанымі. “Інтэлектуал” даў магчымасць усвядоміць самім, а потым расказаць людзям праз сродкі масавай інфармацыі пра тое, што неабходна нам, сучаснай мола­дзі. Цяпер фатаграфіі і відэа са змены знахо­дзяцца на розных інфармацыйных пляцоўках нашай школы (“Інста­грам”, “УКантакце”, сайт гімназіі) і горада (газета “Полацкі веснік”, сайт БРПА Полацкага раёна). У артыкуле на старонках раённай газеты мы кінулі выклік іншым школам горада, каб і яны паўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні роднага Полацка. У выніку стартаваў летні маладзёжны чэлендж “Зрабі карысную справу свайму гораду”. Вядома, акрамя працы, у лагеры мы развіваліся інтэлектуальна. Падчас змены кожны меў выдатную магчымасць паглыбіцца ў вывучэнне любімага школьнага прадмета. Таксама на змене право­дзіліся розныя віктарыны, напрыклад:  “Інтэлектуальнае казіно”, “ Гульні народаў свету”, “Дзе логіка?”. Мы акунуліся і ў спартыўны свет, даведаліся пра самых знакамітых беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў, пазнаёміліся з іх рэкордамі. Гэта дакладна было карысна, бо пашырыла наш кругагляд. Хочацца сказаць вялікі дзякуй дырэктару гімназіі Святлане Міхайлаўне Валюшкінай, дзякуючы якой упершыню быў арганізаваны гэты выдатны лагер, а таксама нашым важатым — настаўніку фізічнай культуры і здароўя Надзеі Станіславаўне Транчэўскай і настаўніцы англійскай мовы Алене Міхайлаўне Ясюкевіч, якія дапамагалі нам ва ўсім на працягу змены і дазволілі адкрыць сябе з новага боку. Лагер “Інтэ­лектуал” — сапраўды неверагоднае месца, якое аб’ядноўвае ў сабе творчую, пазнавальную і працоўную сферы і да­зваляе цікава правесці час разам са сваімі сябрамі. Упэўнена, што гэты не толькі вясёлы, але і карысны этап нашага лета застанецца ў памяці ўсіх нас на гады.

Марыя БАТУРЫНА,
навучэнка Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны.