Са школьнай брыгады пачынаецца працоўны стаж

Для многіх рагозніцкіх школьнікаў лета прайшло прадукцыйна. Юнакі і дзяўчаты паспелі не толькі адпачыць, але і зарабіць на кішэнныя расходы.

У школе ўжо стала традыцыяй летам арганізоўваць працоўную брыгаду. І вось 12 хлопчыкаў і дзяўчынак — навучэнцаў 8—10 класаў — прыступілі да працы ў якасці падсобных работнікаў першага разраду.

Перад пачаткам работы навучэнцы азнаёміліся з тэрміновымі дагаворамі і прайшлі інструктаж па ахове працы. Непаўналетнія чатыры гадзіны ў дзень былі заняты на розных сацыяльна значных аб’ектах. Займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі ўстановы адукацыі і навядзеннем санітарнага парадку, дапамагалі рыхтаваць школу да новага навучальнага года, рамантавалі мэблю.

Кожны дзень, праведзены ў брыгадзе, для навучэнцаў быў па-свойму  незабыўны, насычаны разнастайнымі, але дапаўняючымі адзін аднаго відамі працоўнай дзейнасці. Юнакі і дзяўчаты з вялікім жаданнем працавалі ў складзе брыгады, бо тут яны атрымалі магчымасць зарабіць, замацаваць прафесійна-працоўныя навыкі, якія спатрэбяцца ў будучыні, пасябраваць і разам несці адказнасць за атрыманы вынік.

Сумесная праца аказвае добрае выхаваўчае ўздзеянне: навучэнцы пачынаюць паважліва ставіцца адно да аднаго, да навакольных, становяцца спрытнымі і знаходлівымі. У такой працы ёсць важны выхаваўчы момант — тое, што сваімі рукамі саджаў або папраўляў, ірваць і ламаць ужо не захочацца. Запланаваная праца была выканана ў поўным аб’ёме.

Алена МАМОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.