Рознакаляровы свет англійскай мовы

Свет замежнай мовы мае мноства колераў і адценняў. Задача настаўніка — данесці да навучэнцаў яго прыгажосць і разнастайнасць. Вывучэнне граматычных структур, маўленчых клішэ, “застылых” выразаў, безумоўна, вельмі важнае, але, каб навучэнцы палюбілі замежную мову, бывае недастаткова традыцыйных і не вельмі ўрокаў з іх абавязковымі элементамі. У руках настаўніка ёсць пэўныя інструменты, якія дазваляюць матываваць школьнікаў вывучаць замежную мову і рабіць гэта з задавальненнем.

Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту аб’яднанні па інтарэсах з’яўляюцца першым крокам да знаёмства з замежнай мовай. У 2019/2020 навучальным годзе для навучэнцаў 2-х класаў у нашай школе быў арганізаваны гурток па англійскай мове “Чароўная краіна”. На занятках дзеці здзейснілі віртуальнае падарожжа на далёкі востраў Вялікабрытанія, пабывалі ў гасцях у казачных персанажаў, прынялі ўдзел у песенным марафоне, пазнаёміліся з традыцыямі англамоўных краін.

У старэйшых навучэнцаў такія пазаўрочныя мерапрыемствы, як тэматычныя святы, прысвечаныя, напрыклад, Дню святога Валянціна, выклікаюць жывую цікавасць. Мае вучні з задавальненнем прымаюць удзел у іх падрыхтоўцы.

У праграме 8 класа ёсць раздзел, прысвечаны  брытанскім традыцыям (адзін з самых любімых, дарэчы). У нас з навучэнцамі ўжо стала добрай традыцыяй ладзіць брытанскую Калядную вечарыну Potluck. Гэтае мерапрыемства я праводжу на апошнім уроку 2-й чвэрці, напярэдадні калядных і навагодніх канікул. Па ўмовах вечарынкі навучэнцы павінны згатаваць страву і падзяліцца яе рэцэптам на англійскай мове падчас чаявання. Часцей за ўсё гэта страва з кнігі рэцэптаў, якая была прадстаўлена навучэнцамі на абароне праектаў па адпаведнай тэме. Для стварэння атмасферы свята афармляем кабінет, ставім і ўпрыгожваем ёлку. Мерапрыемства стварае выдатны настрой перад канікуламі, дазваляючы пры гэтым добра прапрацаваць лексічны матэрыял па тэме “Ежа”, асвя­жыць у памяці неабходныя граматычныя структуры.

Для навучэнцаў старшай ступені, калі ў вучняў ужо ёсць пэўны запас ведаў па прадмеце, удзел у праектах з’яўляецца важным матыватарам для вывучэння мовы. З 2016 года мае навучэнцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных праектаў на пляцоўцы IEARN. Наш першы праект называўся One Day In Your Life. Парт­нёрам па ім стала школа з Тайваня. У рамках наступнага праекта My School, Your School хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з аднагодкамі з ЗША. На працягу навучальнага года вучні мелі зносіны на форуме, абменьваліся лістамі праз электронную пошту, расказваючы пра сябе, свае захапленні, пра сваю школу. Яны настолькі захапіліся праектам, што вырашылі з­няць відэафільм на англійскай мове аб роднай школе, каб адправіць сваім новым сябрам, што і было зроблена.

У 2019 годзе, у рамках праекта Get To Know Others, адбыўся тэлемост паміж сярэдняй школай № 1 Чавус і Міжнароднай Пакістанскай школай у г.Доха, Катар. Падчас анлайн-сесіі навучэнцы расказвалі аб сваіх краінах, іх славутасцях, дэманстравалі нацыянальныя касцюмы, знаёмілі з нацыянальнымі стравамі. Удзельнікі праекта прадставілі беларускі нацыянальны танец. Для нашых партнёраў прагучала беларуская музыка на цымбалах. У канцы анлайн-сесіі навучэнцы дзвюх школ пагутарылі ў рэжыме “пытанн —адказ”.

Гэта быў унікальны вопыт для хлопчыкаў і дзяўчынак, які паказаў, што мова — гэта не толькі набор правіл і слоў. Гэта інструмент, які дазваляе мець зносіны з прадстаўнікамі розных краін і культур, знаходзіць сяброў па ўсім свеце. Набываючы вопыт зносін на англійскай мове, вучні становяцца больш упэўненымі ў сабе. Мова перастае быць для іх чымсьці застылым і сумным, раскрываючыся ў сваёй разнастайнасці і шматфункцыянальнасці.

Ала ШАНДОВА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Чавус.