Рэсурсны цэнтр па англійскай мове як сеткавае адукацыйнае асяроддзе

Адным з эфектыўных спосабаў вырашэння праблем даступнасці і якасці адукацыі з’яўляецца арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Гэтыя формы навучання адносна новыя ў сферы сучаснай адукацыі і патрабуюць дастатковага забеспячэння нарматыўнымі прававымі, метадычнымі і дыдактычнымі матэрыяламі.

Часта настаўнік вымушаны марнаваць шмат часу і сіл на пошук і аднаўленне неабходных для работы матэрыялаў. Таму з мэтай узаемадапамогі метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-прадметнікаў устаноў адукацыі ствараюць інфармацыйныя рэсурсныя мультымедыяцэнтры, дзе захоўваюцца спецыяльна падабраныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. У 2012 годзе аддзелам адукацыі Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта створаны такі цэнтр па падтрымцы настаўнікаў англійскай мовы на базе гімназіі № 10 Гомеля — адной з вядучых устаноў адукацыі Гомеля ў навучанні англійскай мове.

Змест інфармацыйна-адукацыйнага рэсурснага цэнтра па вучэбным прадмеце прапарцыянальна залежыць ад яго асноўнай мэты дзейнасці. Гомельскі гарадскі рэсурсны цэнтр займаецца нарматыўным прававым суправаджэннем адукацыйнага працэсу, аказаннем метадычнай дапамогі настаўнікам, дапамогі па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд, конкурсаў і г.д. Ён змяшчае нарматыўнае прававое забеспячэнне адукацыйнага працэсу, вучэбныя праграмы па прадмеце, вучэбна-метадычныя комплексы для правядзення факультатыўных заняткаў, матэрыялы для падрыхтоўкі да выніковай атэстацыі вучняў, ЦТ і алімпіяд, займаецца арганізацыяй даследчай дзейнасці па прадмеце…

Падчас выбару месца размяшчэння рэсурснага цэнтра неабходна прадугледзець наяўнасць камп’ютара (ці сеткі камп’ютараў) са сфарміраванай на іх электроннай базай дакументаў, метадычных і дыдактычных дапаможнікаў і электронных адукацыйных рэсурсаў, са свабодным доступам у інтэрнэт для абмену данымі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу. У гімназіі базай для рэсурснага цэнтра выбраны лінгафонны кабінет.

Сеткавая інфраструктура рэсурснага цэнтра павінна забяспечваць доступ педагогаў і вучняў да матэрыялаў рэсурснага цэн­тра, а таксама садзейні­чаць абмену матэрыяламі, ідэямі і творчымі прадуктамі вучэбнай дзейнасці. Дадаткі для абмену тэкставымі, аўдыя- і відэапаведамленнямі (Skype, Viber і інш.), сучасныя воблачныя тэхналогіі (Google Drive, “Яндэкс.Дыск” і інш.) дапамагаюць педагогам і вучням на аддаленасці кантактаваць адно з адным, а таксама забяспечваюць анлайн-доступ да матэрыялаў цэнтра з любога га­джэта для любога карыстальніка.

Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі неабходна выкарыстоў­ваць у рабоце рэсурснага цэнтра пры арганізацыі анлайн-канферэнцый, конкурсаў, семінараў, практыкумаў. Каб зрабіць матэрыялы, сабраныя ў рэсурсным цэнтры, дасягальнымі для шырокага кола карыстальнікаў, на афіцыйным сайце гімназіі № 10 Гомеля створаны раздзел “Рэсурсны цэнтр па англійскай мове”. Ён змяшчае ўсю сабраную базу метадычных і дыдактычных рэсурсаў. Гэты раздзел мае адкрыты доступ для ўсіх карыстальнікаў сеткі www.gymnasium10.by/resursnyiy-tsentr-po-angliyskomu-yazyiku.

Безумоўна, работу рэсурснага цэнтра нельга абмяжоўваць толькі зборам, захоўваннем, сістэматызацыяй і распаўсюджваннем нарматыўных прававых, метадычных і дыдактычных матэрыялаў для суправаджэння вучэбнага працэсу. Такі цэнтр павінен не толькі ажыццяўляць падтрымку дзейнасці настаўнікаў, але і актыўна са­дзейнічаць правядзенню розных відаў адукацыйнай дзейнасці: выкарыстанню сучасных адукацыйных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, вывучэнню і распаўсюдж­ванню педагагічнага вопыту, арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння па вывучэнні вучэбнага прадмета.

На базе рэсурснага цэнтра ў гімназіі № 10 Гомеля рэгулярна праходзяць семінары-практыкумы і майстар-класы для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі Гомельскага інстытута развіцця адукацыі. Цэнтр аказвае метадычную падтрымку педагогам горада, вобласці і краіны праз узаемадзеянне ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.

Эфектыўная арганізацыя работы рэсурснага цэнтра зале­жыць і ад наяўнасці ва ўстанове высокакваліфікаваных настаўнікаў, педагогаў, якія здольны працаваць у камандзе, зацікаўлены ў павышэнні статусу сваёй установы адукацыі.

Вольга БУШУЕВА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 10 Гомеля, кіраўнік Гомельскага гарадскога рэсурснага цэнтра па англійскай мове.