Перадумовай паспяховага развіцця эмацыянальна-валявой сферы дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляецца стварэнне ўмоў для ўзбагачэння яго пачуццёвага свету і сенсорнага вопыту. Разуменне сваіх эмоцый і пачуццяў, уменне правільна распазнаць пачуцці іншага чалавека з’яўляюцца асабліва актуальнай праблемай у рабоце з дзецьмі, якія маюць парушэнні ў развіцці.
Чаму менавіта лепку з цеста я выбрала як сродак карэкцыі ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці? Перш за ўсё таму, што лепка з салёнага цеста валодае вялікім развіццёвым патэнцыялам, дае цудоўную магчымасць мадэляваць свет і сваё ўяўленне пра яго і пра сябе. Гэтая тэхніка даступна не толькі для дзяцей з захаваным інтэлектам, але і з інтэлектуальнай недастатковасцю і не патрабуе значных матэрыяльных затрат, спецыяльнага абсталявання.
Падчас заняткаў я пераканалася, што лепка з цеста спрыяе ўстараненню і змяншэнню нервова-псіхічных расстройстваў, аднаўленню і развіццю парушаных функцый, набыццю навыкаў, фарміраванню здольнасцей. Работа з цестам развівае маторыку, з’яўляецца адным са спосабаў кропкавага масажу, дапамагае “выліць” негатыўную энергію бяспечным спосабам і “ператварыць” яе ў пазітыўную.
Як я арганізоўвала работу з навучэнцамі па цестапластыцы ва ўмовах ЦКРНіР Навагрудскага раёна?
Праводзячы заняткі па цестапластыцы, абавязкова ўлічвала праблемы дзіцяці, характар захворвання і асаблівасці асобы. Кожнае дзіця працавала ў індывідуальным тэмпе, але варта адзначыць, што далёка не ўсе адразу змаглі ўключацца ў дзейнасць. Асаблівую каштоўнасць індывідуальная работа з цестам мае для дзяцей, якія адчуваюць цяжкасці ў вербалізацыі сваіх перажыванняў, а таксама маюць праблемы ў эмацыянальнай і паводзінскай сферах. Вербальны кантакт з такімі навучэнцамі ў класе вельмі цяжкі. Яны паглыблены ў сябе, іх дзеянні носяць стэрэатыпны характар. Спробы змяніць гэтыя стэрэатыпы, як правіла, выклікаюць моцную трывогу і нават агрэсію. Цестапластыка з выкарыстоўваннем індывідуальнага падыходу дазваляе ў нейкай ступені атрымаць доступ да перажыванняў такога дзіцяці, актывізаваць яго, спрыяць развіццю некаторых практычных навыкаў, а таксама дапамагае фарміраваць у дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю ўяўленні пра сябе. Напрыклад, я прапаноўвала дзецям на выбар ляпіць тыя прадметы, якія адпавядалі іх палавой прыналежнасці (“Дапаможам маме”, “Татавы інструменты” і г.д.).
Работа па цестапластыцы сістэмная і прадугледжвае некалькі этапаў.
1 ЭТАП

На гэтым этапе я знаёміла дзяцей з асаблівасцямі, інструментамі, якія неабходны для работы з цестам, найпрасцейшымі тэхналагічнымі прыёмамі. Я заўсёды замешвала цеста ў прысутнасці дзяцей, давала ім магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай справе: дакрануцца, панюхаць, памясіць, расказаць пра ўласцівасці цеста. Вялікую ўвагу ўдзяляла пераадоленню раз’яднанасці паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, прапаноўвала дзецям дзейнічаць разам, але ў адпаведнасці з палавой ідэнтыфікацыяй (напрыклад, дзяўчынкам выбраць ружовае цеста, хлопчыкам — блакітнае).
2 ЭТАП
Спачатку прапаноўвала дзецям ляпіць і ўпрыгожваць плоскія фігуркі (загадзя падрыхтаваныя педагогам фігуркі жывёл, птушак, рыб і г.д.). У рабоце шырока выкарыстоўвала непрыдатны матэрыял (накрыўкі, каўпачкі ад фламастараў, бутэлечкі для раскачвання цеста і г.д.). Аснову, куды выкладаюцца ці прыклейваюцца фігуркі з цеста, мы часта рабілі з пластыкавых накрывак ад ёмістасцей з сырам ці маянэзам, з пенапластавых ці кардонных латкоў і талерак. Форма асновы можа быць рознай. Фігуру з цеста можна ўпрыгожыць узорамі, нанесенымі зубачысткай, стэкам і г.д.
3 ЭТАП
На гэтым этапе з маёй дапамогай дзеці вучыліся ляпіць аб’ёмныя формы, паступова пераходзячы ад простых да больш складаных.
Адной з тэхнік стала мазаіка. Гэтая тэхніка падыходзіць таксама для дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі ў развіцці. Загадзя падрыхтаваныя і высушаныя ў духоўцы квадрацікі аднолькавага памеру і рознага колеру прапануюцца дзецям разам з адлюстраванымі на тоўстым кардоне контурамі малюнкаў.
Для таго каб дзіцяці было лягчэй вызначыцца з колерам пры выкарыстанні мазаікі, каляровымі алоўкамі акуратна размалёўвалі эскіз.
Потым адбывалася знаёмства з аб’ёмнымі фігурамі. Дзецям я прапаноўвала аблепліваць цестам разнастайныя аб’ёмныя формы (розныя слоічкі, бутэлечкі, скрыначкі), а потым яшчэ на сырым цесце можна намаляваць палачкай якія-небудзь малюнкі, упрыгожыць іх дробным бісерам, пацеркамі, стразамі, гузікамі, макароннымі вырабамі.
4 ЭТАП
Фінальным этапам выканання вырабаў з’яўляецца размалёўванне з дапамогай любых водарастваральных фарбаў (лепш — акрылавых). На цеста фарбы кладуцца нераўнамерна, так што перад размалёўваннем неабходна папярэдне прагрунтаваць выраб. Для гэтага нанесці белую фарбу і даць ёй высахнуць. Наступны пласт фарбы будзе класціся ўжо значна раўней.
Вялікая колькасць карцін і кампазіцый, што ствараюцца ў класе, — гэта калектыўныя работы дзяцей, бацькоў і педагогаў. Дзеці спачатку працуюць індывідуальна, з улікам агульнай задумы, і толькі на завяршальным этапе работа кожнага становіцца часткай агульнай кампазіцыі.
Каб павысіць цікавасць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю да вынікаў сваёй працы, я выкарыстоўваю гульнявыя матывацыі. А ў канцы заняткаў прапаноўваю дзецям абыграць свой выраб. Гэтыя прыёмы дапамагалюць палегчыць зносіны адно з адным, спрыялюць развіццю камунікатыўных і творчых здольнасцей дзяцей.
Праводзячы работу з салёным цестам, заўважыла, што ў дзяцей, якія маюць парушэнні ў развіцці, адзначаецца ўстойлівая цікавасць да лепкі з салёнага цеста, жаданне навучыцца, дабіцца добрых вынікаў.
Такім чынам, цестапластыка дазваляе больш паспяхова вырашаць пытанні карэкцыі асобы з парушэннем інтэлекту, добра ўздзейнічае на арганізм, спрыяе замацаванню станоўчых эмоцый, павялічвае працягласць добрага, ураўнаважанага настрою.
Таццяна САК,
выхавальніца Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна.