Развіццё сродкамі тэатра

Спевакі, танцоры, мастакі — якіх толькі талентаў не знойдзеш сярод выхаванцаў дзіцячага сада. А з якім энтузіязмам выконваюць яны свае першыя ролі! Тэатралізаваная дзейнасць — вельмі дзейсны сродак развіцця асобы. Для многіх дзяцей, якія прыходзяць да нас у беларускамоўны садок, правільнае беларускае маўленне нязвыклае. Таму далучэнне дашкольнікаў да роднай мовы, культуры для нас, выхавальнікаў, вельмі важная задача.

Знаёмячыся з творамі беларускіх ­пісьменнікаў, паэтаў, прымаючы ­ўдзел у тэатральных пастаноўках, дзеці вучацца ўспрымаць словы, простыя выразы і цэлыя творы на беларускай мове. Мастацкая і тэатралізаваная дзейнасць у сукупнасці спрыяюць развіццю памяці, вобразнага мыслення, фантазіі, эмацыянальнай сферы дзіцяці. У творах беларускіх аўтараў апісваюцца гульнявыя і бытавыя сітуацыі, галоўныя дзеючыя асобы — дзеці, іх любімыя жывёлы (птушка, сабачка, кацяня, пеўнік). Мае 2-3-х гадовыя малышы пакуль яшчэ пасіўныя слухачы, гледачы, але ўжо вучацца ўспрымаць невялічкія сцэнкі, інсцэніроўкі старэйшых дзяцей і дарослых, услухоўваюцца ў маўленне персанажаў. Так яны пачынаюць фарміраваць свой слоўнікавы запас.

Але каб добра асэнсаваць, успрыняць сцэнічны твор, патрабуецца вялікая падрыхтоўчая работа, якая складаецца з цыкла заняткаў. Першыя з іх — выразнае чытанне або аповед з выкарыстаннем элементаў артыстычнасці (міміка, жэсты, сцэнічны вобраз выхавальніка). Галоўнае — стварыць такія ўмовы, каб у малышоў узнікла патрэба ў маўленчым узаемадзеянні з дарослым. Перад чытаннем тлумачым значэнне незнаёмых слоў. У працэсе чытання важна бачыць твары дзяцей, назіраць за іх рэакцыяй. Яны яшчэ вучацца слухаць мастацкі тэкст, суперажываць героям, з цікавасцю разглядаюць ілюстрацыі. Пасля першага прачытання прапаную ўспомніць змест шляхам выканання простых заданняў: дабавіць у фразу патрэбныя словы, узнавіць з дапамогай выхавальніка невялікія ўрыўкі тэксту.

Наступны наш крок — лялечны паказ. Перад інсцэніроўкай даю дзецям магчымасць разгледзець цацкі, плоскасныя фігуркі, каб затым малышы засяродзілі ўвагу на слыхавых уражаннях. Яны з задавальненнем гуляюць з лялькамі настольнага, стэндавага, наручнага тэатра. З дапамогай гэтых фігурак, цацак дзеці разыгрываюць маленькія сцэнкі, у аснове якіх вершы беларускіх паэтаў, на­прыклад, А.Якімовіча “Мядзведзь”, “Ліска”. Так, шматразовае паўтарэнне тэксту спрыяе лепшаму запамінанню вершаў, заахвочвае дзяцей да самастойнага ўзнаўлення твора.

Простыя віды тэатра вельмі добра падыходзяць і для кароценькіх інсцэніровак беларускіх народных казак: “Муха-пяюха”, “Коцік Петрык і мышка”, “Дзедава рукавічка”. Для дзяцей гэта дзіўнае відовішча і першы вопыт успрымання тэатралізаваных твораў. Яны з цікавасцю сочаць за паказам, выказваюць свае пачуцці.

Па меры развіцця, сталення дзяцей пашыраецца іх падрыхтоўка да тэатралізаванай дзейнасці. Аналізуючы тэкст, выхаванцы не толькі сочаць за развіццём сюжэта, але і пранікаюцца перажываннямі герояў, разважаюць, думаюць, спасцігаюць прыроду чалавечых узаемаадносін, робяць абагульненні, эмацыянальна выказваюць свае адносіны да пачутага. Я імкнуся дапамагчы ім зразумець глыбокі жыццёвы сэнс, які закладзены аўтарам твора, адчуць характары герояў, іх перажыванні.

Сярэдні дашкольны ўзрост — выдатны час для развіцця творчых талентаў. Тэатралізаваная дзейнасць у гэты час пашыраецца. Дзеці імітуюць жывёл з твораў А.Якімовіча “Звяры нашых лясоў”, А.Лойкі “Кураняты”; літаратурных персанажаў з апавядання Васіля Віткі “Натальчына сямейка”; выконваюць ролевыя дыялогі герояў вершаў А.Бадака “Мышка”, “Зайчаняткі”.

Пераадольваючы нясмеласць, сарамлівасць, мае маленькія артысты спрабуюць сябе ў невялікіх ролях. Яны ўдзельнічаюць у гульнях-драматызацыях (выступаюць у ролі акцёраў), рэжысёрскіх гульнях. У якасці гульні-драматызацыі прапаную ім інсцэніроўку верша Якуба Коласа “Адважны певень”.

У рэжысёрскай гульні “артыстамі” з’яўляюцца цацкі, лялькі, а дзіця кіруе імі як “сцэнарыст і рэжысёр”. Выхаванцы авалодваюць навыкамі “ваджэння” лялек настольнага тэатра, мяккай, драўлянай цацкі, карыстаюцца фланелеграфам, магнітнай дошкай. Так паступова актывізуецца слоўнікавы запас, развіваюцца камунікатыўныя здольнасці, эмацыянальная сфера дзяцей.

Тэатралізаваная дзейнасць у старшай групе шматзадачная. Яна дапамагае засваенню багацця роднай мовы, спрыяе развіццю ўмення падбіраць патрэбныя інтанацыю, міміку, жэсты, дазваляе фарміраваць вопыт сацыяльных паводзін. Падрыхтоўка да тэатралізаванай пастаноўкі — гэта не толькі аналітычная работа з тэкстам, але і розныя дыдактычныя, маўленчыя гульні на развіццё артыкуляцыі, правільнага дыхання: “Конік”, “Шарык”, “Чыя птушка далей паляціць?”. Працую над выразнасцю маўлення дашкольнікаў. Для гэтага прапаную ім гульню-заданне “Раскажы па-рознаму”. Дзецям трэба прачытаць аднолькавы верш з рознай інтанацыяй: весела, сумна, хутка, павольна. Мы вучымся пантаміме — паказваем жэстамі, рухамі, як хто сябе паводзіць (мядзведзь, ліса, кухар).

Потым разыгрываем вобразна-гульнявыя эцюды па вершах беларускіх паэтаў (Вера Вярба “Пралеска”, Васіль Вітка “Вавёрчына гора”). Дзеці ўжываюць сродкі выразнасці, могуць імправізаваць у адпаведнасці з тэмай эцюда. Так, прадстаўляючы герояў верша Э.Агняцвет “Хто пачынае дзень?”, яны вызначаюць прафесіі герояў верша і дабаўляюць іншыя вядомыя ім назвы прафесій.

Сама пастаноўка спектакля — вельмі цікавы, творчы працэс. Мы вучым маналогі, дыялогі, рэпеціруем асобныя сцэны. Тэатральная дзейнасць звязана з музыкай, танцамі — гэта ўзмацняе дзіцячыя ўражанні. У сцэнічную пастаноўку па казцы А.Дударава “Сінявочка” мы ўключылі песні, беларускія народныя танцы. Дзеці ўдзельнічаюць у абмеркаванні вобразаў мастацкага твора. Педагог з’яўляецца каардынатарам, які накіроўвае і падтрымлівае ідэі дзяцей. У выніку атрымліваецца яркае, прыгожае відовішча.

Знаёмячыся з творамі беларускіх аўтараў, дашкольнікі далучаюцца да культуры, традыцый беларускага народа, у працэсе тэатралізаванай дзейнасці мае выхаванцы ўзбагачаюць мову, развіваюць маўленне, вучацца выразнасці, раскрываюць свае творчыя здольнасці.

Ірына МІХНЕВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада п.Акцябрскі Смалявіцкага раёна.