Разліковыя задачы па хіміі

Рашэнне хімічных задач — адзін з прыёмаў навучання, з дапамогай якога адбываецца глыбокае і поўнае засваенне вучэбнага матэрыялу па хіміі, фарміруюцца ўменні самастойна прымяняць набытыя веды.

Прывяду пералік самых распаўсюджаных праблем. Часта вучні рашаюць задачы па тым узоры, які прапануе настаўнік, дэманструючы адсутнасць жадання зрабіць гэта па-свойму, нестандартным спосабам. Навучэнец не ўсведамляе ўласную дзейнасць. Вучні не заўсёды належным чынам аналізуюць змест задачы, праводзяць яе асэнсаванне і абгрунтаванне, не вызначаюць паслядоўнасць дзеянняў.

Распаўсюджаная праблема: вучні няправільна разумеюць хімічную мову, няправільна выкарыстоўва­юць абазначэнні фізічных велічынь і матэматычныя дзеянні. На жаль, на першае месца пры рашэнні хімічных задач ставіцца атрыманне адказу, а не разуменне і тлумачэнне ходу рашэння. Правільнасць рашэння правяраецца не рашэннем задачы іншым спосабам ці рашэннем зваротнай задачы, а па адказах у задачніку.

У тых, хто зможа пераадолець гэтыя праблемы, рашэнне задач не будзе выклікаць асаблівых цяжкасцей. Працэс стане займальным і будзе прыносіць задавальненне.

Падчас навучання хіміі задача настаўніка не толькі забяспечыць трывалыя веды па праграме, але і развіць самастойнасць і пазнавальную актыўнасць вучняў. Падчас рашэння задач фарміруюцца метапрадметныя кампетэнцыі, развіваецца светапогляд дзяцей.

Задачы, якія ўключаюць пэўныя хімічныя сітуацыі, становяцца стымулам да самастойнай працы навучэнцаў над матэрыялам. Для яго засваення важны не толькі пераказ падручніка, але і ўменне выкарыстоўваць атрыманыя веды пры рашэнні розных задач. Асаблівае значэнне мае і ўмова самой задачы. Калі яна выклікае цікавасць, то неадкладна ўзнікае жаданне знайсці адказ.

Кожнаму педагогу вядома, як цяжка навучыц­ь дзяцей чаму-небудзь, калі ў іх няма цікавасці да зместу ўрока. Праблема матывацыі актуальная і пры фарміраванні ўменняў рашаць задачы па хіміі. Тут могуць дапамагчы практыка-арыентаваныя, ці кантэкст­ныя задачы, дзе ва ўмовах апісана пэўная жыццёвая сітуа­цыя. Такія задачы можа складаць і сам настаўнік. Пры гэтым умовы можна зрабіць займальнымі і нават пацешнымі. Галоўнае — выклікац­ь у вучняў жаданне знайсці адказ. Прывяду ў якасці прыкладу некалькі простых практыка-арыентаваных задач.

№ 1. У плітцы шакаладу масай 150 г утрыманне какавы складае 70%. Вызначце масу какавы ў гэтай плітцы.

№ 2. Для дэзынфекцыі вады ў басейне выкарыстоўваецца хлор. Ён аказвае не толькі бактэрыцыднае дзеянне, але і акісляе арганічныя прымесі, якія не здольны затрымацца фільтрам. Пасля акіслення вялікая частка прымесей ужо можа адфільтравацца. Для абеззаражвання выкарыстоўваюць 0,6 мг/л хлору. Вызначце аб’ём хлору (н.у.), які патрабуецца для хларавання басейна на 1000 л вады.

№ 3. Мама ў магазіне купіла 9%-ны раствор воцату (СН3СООН), аднак у рэцэпце прыгатавання кансерваваных агуркоў быў названы раствор з масавай доляй воцатнай кіслаты 6%. Колькі неабходна дабавіць вады ў 250 г 9%-нага раствору, каб прыгатаваць раствор з масавай доляй воцатнай кіслаты 6%?

Што ж рабіць настаўніку, калі вучань кажа, што задача цяжкая? Цяжкасць задачы — паняцце суб’ектыўнае. Тут маюцца на ўвазе задачы, якія па­трабуюць творчага падыходу. Іх варта даваць толькі для самастойнага рашэння і толькі моцным вучням. У класе такія задачы ўсім тлумачыць не трэба. Творчыя, нестандартныя задачы можна выкарыстоўваць у выглядзе індывідуальнага задання ці рашаць на дадатковых занятках. Зрэшты, трэба ўлічваць, што для дзяцей са слабай навучаемасцю цяжкай можа здацца і аб’ектыўна простая задача.

У наш час адбываецца пераход да кампетэнтнаснай мадэлі адукацыі. Сучасны адукацыйны працэс павінен быць накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў умення прымяняць атрыманыя веды ў розных жыццёвых сітуацыях. У прыватнасці, для гэтага неабходна сістэматычнае выкарыстанне на занятках заданняў, у якіх хімічны бок з’явы паказаны ва ўзаемасувязі з іншымі з’явамі і  бакамі жыцця.

Часта ў педагогаў, асабліва з невялікім стажам работы, узнікае здзіўленне, калі вучні паспяхова рашылі ля дошкі некалькі тыпавых задач, а на наступным уроку пры правядзенні кантролю вынік аказваецца невысокім. Толькі самастойнае рашэнне навучэнцам дзясятка тыпавых задач дазволіць сфарміраваць патрэбныя ўменні. Таму вельмі важна правільна даць дамашняе заданне на замацаванне, а на наступным уроку выявіць праблемы, якія ўзніклі пры яго выкананні, і скарэкціраваць іх.

Уменне рашаць задачы фарміруецца і замацоўваецца настаўнікам толькі пры сістэмнай рабоце на працягу ўсяго курса хіміі.

Уладзімір ПАТАПЕНКА,
настаўнік хіміі гімназіі Чачэрска.