Разам з мамай у дзіцячы сад

Паспяховае сямейнае выхаванне прадугледжвае не толькі ўвагу-апеку, але і ўвагу-цікавасць да дзяцей, што могуць даць толькі падрыхтаваныя да выхавання і навучання свайго дзіцяці бацькі, якія валодаюць пэўным узроўнем педагагічнай граматнасці.

“Матчына школа” — сучасная форма работы ўстаноў дашкольнай адукацыі з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей ад нараджэння да трох гадоў.
Мэтай стварэння “Матчынай школы” ў нашай установе дашкольнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне псіхафізічнага, асобаснага і інтэлектуальнага развіцця дзяцей ад 1 да 3 гадоў праз аб’яднанне намаганняў сям’і і педагогаў. Яна арганізавана як група кароткачасовага сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў у спалучэнні з атрыманнем кансультатыўнай дапамогі. Работа праходзіць у дыядзе “бацькі — дзіця”, “педагог — дзіця” і трыядзе “педагог — бацькі — дзіця”.
Адна з частак заняткаў — музычнае развіццё дзяцей. Яно спрыяе развіццю не толькі творчых здольнасцей, але і фізічнага і псіхічнага здароўя малых.
Выкананне дзецьмі пасільных для іх развіцця песенек-воклічаў, узнаўленне пад музыку музычна-рытмічных рухаў, простых пальчыкавых гульняў, гульнявога масажу, ігры на найпрасцейшых музычных інструментах пераконваюць бацькоў у неабходнасці ранняга фарміравання і развіцця музычных здольнасцей. На занятках, пабудаваных па матэрыялах К.Жалязновай і С.Жалязнова, Г.Віхаравай, Т.Саўко і А.Бурэнінай, М.Картушынай, бацькі навучыліся ствараць разам з дзецьмі музычныя вобразы, выкарыстоўваючы знаёмыя атрыбуты, цацкі і музычныя інструменты.
Акрамя таго, ігра на элементарных інструментах стварае ў дзіцяці сітуацыю поспеху, а сумеснае музыцыраванне спрыяе пераадоленню пачуцця страху, няўпэўненасці, якія часцей за ўсё і прыводзяць да псіхічных захворванняў. Асноўнай умовай такіх заняткаў з’яўляецца даволі хуткая змена дзейнасці.
Малым ад 1 да 1,5 года цяжка выконваць бег, кружэнне, марш у патрэбным тэмпе. Мамы — іх першыя памочнікі. Для разнастайнасці змены рухаў мамы трымаюць дзяцей на руках, але выконваюць усе рухі па тэксце або ў адпаведнасці з пастаўленай задачай. Мамы па меры неабходнасці дапамагаюць дзецям кіраваць ручкамі і ножкамі. Дзеці ад 1,5 да 3 гадоў імкнуцца выконваць рухі самі, капіруючы бацькоў і педагогаў.
Паступова бацькі даюць дзіцяці самастойнасць. Ад сумесных заняткаў плаўна пераходзяць да назірання за дзецьмі, якія ўсё больш актыўна ўзаемадзейнічаюць адно з адным і з педагогамі.
Вялікае значэнне мае выбар музычных інструментаў. Пры такім багатым асартыменце ў магазінах, які ёсць сёння, проста памыліцца і купіць дзіцяці тую цацку, якая зусім не будзе развіваць яго музычныя здольнасці. Бацькам рэкамендуецца першапачаткова зрабіць музычныя інструменты самім. Зробленыя самастойна простыя інструменты захапляюць дзяцей і робяць іх заняткі музыкай больш цікавымі. Бацькам даюцца рэкамендацыі па выкарыстанні музычнага матэрыялу індывідуальна з улікам цікавасці дзіцяці і яго ўзросту.
Эфектыўнай формай работы з маленькімі навучэнцамі і іх сем’ямі з’яўляецца арганізацыя музычных свят і забаў. Самы яркі, канечне, Новы год. Правядзенне забаў становіцца яскравым вынікам работы на пэўным этапе развіцця дзяцей.
Дзякуючы наведванню такой групы, дзіця лёгка адаптуецца да ўмоў дзіцячага сада. Бацькі маюць магчымасць знаходзіцца ў яслях-садзе разам з дзіцем, назіраць за ўваходжаннем яго ў свет аднагодкаў і дарослых, пашыраць свой вопыт выхавання. Вопыт работы групы кароткачасовага знаходжання ў нашым дзіцячым садзе пераконвае ў неабходнасці арганізацыі новых форм узаемадзеяння з сям’ёй.

Лідзія АНІШЧЫК,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 6 Навагрудка.