“Разам у будучыню — з адказнасцю за вынік!”

Настаўнікі сярэдняй школы № 3 Астраўца прайшлі навучанне ў трох лічбавых педагагічных інтэрнатурах “Школы Расатама”.

З развіццём IT-тэхналогій адукацыя зрабіла вялікі крок наперад. І ў мінулым годзе ў перыяд каранціну мы пераканаліся ў тым, што дастаткова аснашчаны тэхнічна і метадычна для правядзення заняткаў у рэжыме анлайн.

Такі фармат навучання выдатна падыхо­дзіць і настаўнікам, якія хочуць адкрываць для сябе новыя формы работы з вучнямі, шукаць нестандартныя шляхі вырашэння педагагічных праблем, дзяліцца вопытам з калегамі-аднадумцамі і тым самым развіваць свае прафесійныя кампетэнцыі.

На базе сярэдняй школы № 3 Астраўца ў лістападзе 2020 года адкрыўся першы і адзіны ў Беларусі атамклас, у педагогаў і вучняў школы з’явілася магчымасць далучыцца да праекта “Школа Расатама”. Гэта выдатная пляцоўка для рэалізацыі творчага патэнцыялу як вучняў, так і настаўнікаў, праект, які падтрымлівае інавацыі ў сферы адукацыі, папулярызуе лічбавыя фарматы ўзаемадзеяння.

Адна з такіх інавацый — “Лічбавая педагагічная інтэрнатура”. Гэта конкурс каманд адукацыйных арганізацый, якія сістэмна ўкараня­юць інавацыйныя тэхналогіі і гатовы ў актыўных фарматах дыстанцыйна вучыць сваіх калег з усіх гарадоў — удзельнікаў праекта “Школа Рас­атама”, узаемадзейнічаючы ў электронным асяроддзі.

Кожная лічбавая педагагічная інтэрнатура з дваццаці адной прадугледжвае вырашэнне ў­дзельнікамі рэальных прафесійных задач.

Групы настаўнікаў сярэдняй школы № 3 Астраўца прайшлі навучанне ў трох інтэрнатурах па тэмах “Самастойнасць у навучанні” (Зеленагорск), “Web-quest як інтэграваная тэхналогія для стварэння паўнавартаснай матывацыйнай асновы з мэтай фарміравання і развіцця паспяховасці кожнага дзіцяці” (Новаўральск), “Фарміраванне функцыянальнай адукаванасці: інтэрактыўныя змены ў дыстанцыйным рэжыме” (Сароў).

Заняткі былі складзены такім чынам, што ў сціснутыя тэрміны (4 анлайн-канферэнцыі) неабходна было асвоіць і прымяніць на практыцы адну з педагагічных тэхналогій або форм навучання, прапанаваных у рамках тэмы інтэрнатуры. Прапанаваную форму (тэхналогію) настаўнікі спрабавалі ўкараніць непасрэдна ў вучэбны працэс або ў рэжыме анлайн праз сацыяльныя сеткі і зафіксаваць рэакцыю вучняў на такі від работы. На апошніх занятках інтэрны прадставілі вынікі, абмяняліся атрыманым вопытам (усе распрацоўкі размяшчаліся ў загадзя створаных групах ў сацыяльных сетках), ідэямі і прапановамі. Вынікамі працы нашых педагогаў сталі:

— інтэрактыўная анлайн-змена “Таямніцы горада Астраўца”, створаная на платформе GOOGLE;

— вэб-квест “Мая Радзіма — Беларусь”;

— інтэлект-карта для групавой работы навучэнцаў.

Акрамя абмену вопытам, прыліву новых ідэй, знаём­стваў і зносін з калегамі-суседзямі з Расіі, кожны педагог атрымаў сертыфікат аб праходжанні лічбавай інтэрнатуры ў сваю прафесійную скарбонку.

Для атамкласаў у праекце “Школа Расатама” створана асобная праграма, якая ўключае ў сябе як удзел у прапанаваных конкурсах і мерапрыемствах, так і самастойную іх арганізацыю і правядзенне.

Кіраўніком атамкласа сярэдняй школы № 3 Астраўца Вольгай Алейнікавай быў распрацаваны і прадстаўлены конкурс праектаў 3D-мадэлей “Мой касмічны робат”. Задачы перад удзельнікамі стаялі сапраўды касмічныя: неабходна было распрацаваць і прадставіць сваю ўласную мадэль (або яе праграму) жыхароў Галактыкі. Заяўкі на ўдзел падалі 17 каманд з 11 гарадоў Расіі. Работы былі прадстаўлены ў дзвюх узроставых катэгорыях: 5—7 класы і 8—11 класы. Пераможцы ў кожнай катэгорыі ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступені, астатнія ўдзельнікі атрымалі памятныя сертыфікаты.

Для вучняў сярэдняй школы № 3 Астраўца падобныя эксперыменты ўжо не ў навіну. Хлопцы і дзяўчаты штодня наведваюць заняткі, дзе разам з Вольгай Іванаўнай вучацца ствараць LEGO-робатаў, развіваюць прасторавае мысленне, а таксама навыкі мадэлявання і праектавання. Дзякуючы ўсталяванаму ў класе 3D-прынтару, нават самыя смелыя ідэі дзіцяці можна ўвасобіць у жыццё. І такі, здавалася б, далёкі космас становіцца быццам бы крышачку бліжэй.

“Разам у будучыню — з адказнасцю за вынік!” — такі дэвіз педагогаў і навучэнцаў нашай школы.

Аляксандра КУХАРЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Астраўца.