Раённы семінар у новым фармаце

На базе Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці адбыўся раённы семінар, удзельнікамі якога сталі педагогі-арганізатары і навучэнцы раённага савета старшакласнікаў.

Праграма семінара прадугледжвала як сумесную работу педагогаў і навучэнцаў, так і работу па секцыях. У рамках секцыі педагогаў-арганізатараў, якой кіравала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Кандрацьева, абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення работы педагогаў, сістэма работы па падрыхтоўцы да раённых конкурсаў. Тут жа прэзентавалі свой вопыт работы педагогі гімназіі Буда-Кашалёва Людміла Сямёнава і Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Алена Дзянісоўская.

А ў ходзе работы раённага савета старшакласнікаў, якім кіравала метадыст Ірына Камарова, абмяркоўваліся вынікі правядзення кірмашу маладзёжных ініцыятыў, стартаваў абласны праект альбома-эстафеты “Голас маладых: мы хочам, каб нас чулі!”. Вопыт работы абласнога савета старшакласнікаў прэзентаваў старшыня савета Яраслаў Бузько.

Самай жа творчай часткай семінара стаў майстар-клас педагогаў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чараўнiцы” Святланы Крыкун і Алесі Чуяшовай “Скарбонка майстэрства. Навагодні сувенір”. Пасля заканчэння семінара ўсе ўдзельнікі вырабілі сваімі рукамі прыгожыя навагоднія сувеніры, якія павезлі ў свае ўстановы.

Правядзенне раённага семінара ў новым фармаце стала выдатнай магчымасцю для педагогаў і навучэнцаў даведацца нешта новае, абмяняцца ідэямі, падзяліцца вопытам і навучыцца.

Ірына ЗЫБЛЕВА,
дырэктар Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна.