Распаліць агонь любові да Радзімы

Выхаваўчая работа ў дашкольнай установе немагчыма без уважлівага вывучэння асаблівасцей нацыянальнай культуры. Педагогі Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада планамерна і сістэматычна працуюць над фарміраваннем у выхаванцаў маральных і грамадзянска-патрыятычных пачуццяў.

Дашкольнікі далучаюцца да гісторыка-культурнай спадчыны палескіх жыхароў праз комплекс эмацыянальна афарбаваных уяўленняў і перажыванняў. Мы лічым, што зварот да сваіх вытокаў і каранёў здольны ярка распаліць агонь любові і павагі да Радзімы.
Каб дасягнуць пастаўленых выхаваўчых мэт, мы вызначылі шэраг задач. Сярод іх вывучэнне асноў грамадзянска-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў, стварэнне прадметна-развіццёвага асяроддзя і ўмоў у групах, распрацоўка эфектыўных форм адукацыйнага працэсу ва ўзаемадзеянні дзіцячага сада і сям’і, фарміраванне талерантнасці і павагі да народных традыцый.
У пошуках найбольш эфектыўных сродкаў навучання мы звярнуліся да выкарыстання сучасных педагагічных тэхналогій. Летась педагогі распрацавалі і рэалізавалі даследчы праект “Свята Конікі”.

Праектная дзейнасць разгортвалася ў праблемнай сітуацыі і мела некалькі варыянтаў рашэнняў у вывучэнні гісторыі ўзнікнення і правядзення этнаграфічнага свята.
Нам пашанцавала нарадзіцца і жыць у старажытным Давыд-Гарадку. У глыбіню стагоддзяў цягнуцца карані жыццёвага ўкладу, маралі і традыцый гараджан. Традыцыі жывыя і па-сапраўднаму народныя. Такіх больш нідзе няма. Асабліва любімым з’яўляецца штогадовы зімовы святочны карнавал Конікі, у якім удзельнічаюць усе давыд-гарадоцкія жыхары.
Праектна-даследчая дзейнасць, арганізаваная ў садку, дазволіла развіць у дашкольнікаў унутраную актыўнасць, здольнасць вылучаць праблемы, ставіць мэты, здабываць веды, прыходзіць да выніку. Павелічэнне кола ведаў і ўражанняў дзяцей пра абрад адбывалася праз назіранні, слуханне музыкі з разглядваннем кніжных ілюстрацый і паштовак, паходы ў музей гісторыі горада, удзел у святочных мерапрыемствах.
Важна, што адукацыйны працэс сканцэнтраваны на дзіцяці. Дашкольнікі маглі выбіраць змест, формы і спосабы пазнання і адлюстравання ўражанняў у найбольш цікавай і даступнай для сябе дзейнасці.
Падчас знаёмства дзяцей з гісторыяй абраду даводзілася шмат ім чаго расказваць. Ад таго, як гэта рабілася, залежала, ці ўспрыме дашкольнік новыя веды або новая інфармацыя не закране яго пачуццяў і не выкліча жадання даведацца нешта яшчэ.
Эмацыянальнае ўздзеянне заняткаў узмацнялася за кошт прапановы пафантазіраваць: “Да нас прыехаў госць, які ніколі тут не быў. Што мы яму раскажам пра Конікі і куды павядзём?” Павышэнню эмацыянальнай актыўнасці дзяцей садзейнічалі таксама гульні-драматызацыі, якія з’яўляліся часткай заняткаў пасля чытання мастацкіх твораў і ўключалі сюрпрызныя моманты і элементы навізны.

Сумесны выраб масак, касцюмаў шчадроўцаў і атрыбутаў тэатральна-гульнявой дзейнасці дазволіў яшчэ больш з’яднаць бацькоў і дзяцей. Педагогі, мамы і таты выступілі ў ролі саюзнікаў, паўнапраўных удзельнікаў адукацыйнага працэсу, захопленых выкарыстаннем элементаў этнакультуры ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных пачуццяў дзяцей. Выхавальнікі і бацькі не стаялі над дзіцем, а стымулявалі развіццё дзіцячай актыўнасці і творчасці, забяспечвалі свабоду выбару спосабаў дзеянняў.
Пры замацаванні ведаў пра горад, атрыманых на занятках і ў штодзённым жыцці, было праведзена мерапрыемства “Святкуем Конікі разам з бацькамі!”. Падчас падрыхтоўкі да яго мы заўважылі, што дзеці вельмі сур’ёзна адносяцца да справы. Абрад ім падабаецца, цікавіць іх. Пры складанні сцэнарыя мы імкнуліся захаваць самабытнасць і традыцыйнасць фальклору — выкарыстоўвалі народныя песні, гульні і абрады.
Рэалізаваны праект не страціў актуальнасць, і мы прадоўжылі работу над ім у 2014 годзе. У студзені наш ціхі гарадок зноў ператварыўся ў шумную карнавальную пляцоўку: сям-там паветра скаланалі надрыўныя гукі труб, разносіліся галасы званочкаў і працяглыя распевы баяна. Калядоўшчыкі ішлі з песнямі ў кожны дом. Каза з Мядзведзем, Дзед, Цыганка, Смерць, Салдат і Конь — усе гэтыя святочныя персанажы віншавалі і праслаўлялі гаспадароў. Радуе, што моладзь, як і старажылы, шануе традыцыі і лічыць іх цікавымі і запатрабаванымі.
Выхоўваючы патрыёта і нацыянальна свядомага чалавека, фальклор адначасова задавальняе патрэбу дзіцячай душы ў гульні і гумары, пазнанні навакольнага свету. Рэалізацыя актуальнага напрамку дашкольнага выхавання дазволіла пераканацца, што правядзенне маскіравання і абрадавага пераапранання, традыцыйных у абрадавай культуры беларусаў, захапляе і цікавіць усіх — і дзяцей, і бацькоў, і педагогаў.

Ірына МІСЮРА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Давыд-Гарадоцкага 
ясляў-сада Столінскага раёна.