Радзіма ў сэрцы

На базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Родничок” Магілёва з 2003 года працуе ўзорная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Дарніца”. Народная творчасць актыўна дапамагае выхоўваць навучэнцаў добрымі, жыццярадаснымі, высокакультурнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Навучэнцы на занятках знаёмяцца з народнымі традыцыямі Беларусі, авалодва­юць прыёмамі мастацкай дзейнасці, прыдумляюць сюжэты будучых работ. У выніку ствараюцца казачныя рэчы, на якія хацелася б глядзець бясконца. Заняткі ў студыі носяць не толькі вучэбны, але і прыкладны характар. Асвоіўшы базавыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзеці ствараюць сувенірныя вырабы, з якімі ўдзельнічаюць у выставах і конкурсах рознага ўзроўню, а таксама выкарыстоўваюць іх у бытавых мэтах.

Вывучаючы дэкаратыўна-прыкладныя творы, навучэнцы знаёмяцца з мясцовасцю, дзе зара­дзіўся від творчасці, з яго гісторыяй, асаблівасцямі. Яны малю­юць, лепяць, складаюць аплікацыі. Для правядзення заняткаў выкарыстоўваецца не толькі вучэбнае памяшканне, а і культурная прастора горада, экспазіцыі музеяў, выстаў. У праграму навучання ўключаны інтэграваныя ўрокі з запрашэннем мясцовых умельцаў для правя­дзення майстар-класаў.

У ходзе экскурсій у розныя музеі і экспедыцыі па вёсках навучэнцы займаюцца даследчай дзейнасцю. На занятках студыі ўдзяляецца вялікая ўвага вывучэнню народнага касцюма. Дзеці знаёмяцца са своеасаблівым кроем беларускага адзення, атрымліваюць веды аб яго афармленні, аб старадаўнім арнаменце на блузах, фартухах, галаўных уборах.

З мэтай азнаямлення вучняў з беларускімі касцюмамі і іх адраджэннем былі арганізаваны этнаграфічныя экспедыцыі ў вёску Шастакі Магілёўскага раёна і “Беларускую вёску ХХ стагоддзя”. Наведваючы народных умельцаў, навучэнцы знаёміліся з тэхналогіяй вырабу касцюмаў, вывучалі старажытны арнамент. Майстры дзяліліся з дзецьмі сваімі ткацкімі сакрэтамі. На аснове сабранага матэрыялу нарадзілася калекцыя “Беларускія ўзоры”. У яе вырабе былі выкарыстаны натуральны лён і прыродныя матэрыялы. Ільняныя сукенкі і кашулі былі аформлены арнаментам з насення гарбуза і сачавіцы. У аснову арнаментаў пакладзены эскізы старадаўніх народных касцюмаў.

Таксама нашы дзеці на занятках вучацца ствараць лялек: лялькі-абярэгі, інтэр’ерныя і гульнявыя. Выраб лялек развівае творчыя, канструктарскія, мастацкія якасці.

Сям’я — гэта галоўная крыніца народных традыцый. Многія сем’і захоўваюць у сабе і перадаюць з пакалення ў пакаленне звычаі і традыцыі, характэрныя для пэўнай мясцовасці або рэгіёна. Бацькі дапамагаюць збіраць экспанаты для музея ў ЦТДМ “Родничок”, арганізоўваюць і ўдзельнічаюць у народных святах. Студыя шмат гадоў з’яўляецца ўдзельніцай выставы “Сямейная майстэрня”. Тут можна ўбачыць вырабы, выкананыя рукамі бабуль і прабабуль нашых юных выхаванцаў, а таксама рукамі саміх дзяцей.

На базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Родничок” працуе сямейны клуб “Бацькі і дзеці”. На пасяджэнні клуба запрашаюцца сем’і з розных школ горада. Прыходзяць не толькі мамы і таты, але і бабулі і дзядулі. Мэтай з’яўляецца ўмацаванне ўзаемасувязі, эмацыянальнага кантакту і ўзаемаразумення паміж дзецьмі і бацькамі ў сумеснай творчай дзейнасці. ­Удзельнічаюць у гэтай рабоце і навучэнцы ўзорнай студыі “Дарніца” разам са сваімі бацькамі.

У сучасным грамадстве расце цікавасць да традыцыйнай этнічнай культуры, і нават у гарадах вяртаецца практыка народных каляндарных свят. Традыцыя нашага цэнтра творчасці — правядзенне народных абрадавых свят Калядкі, Масленіца. Мае студыйцы з’яўляюцца іх непасрэднымі ўдзельнікамі. “Дарніца” неаднаразова прымала ўдзел у свяце ўраджаю “Дажынкі”. На выставах, прысвечаных гэтаму святу, можна ўбачыць лепшыя работы навучэнцаў студыі. Тут і залатая саломка, і маляўнічая вышыўка, і падарункавыя мініяцюры.

Заняткі ва ўзорнай студыі “Дарніца” адкрываюць для навучэнцаў цікавыя напрамкі народнай творчасці, узбагачаюць іх унутраны свет, дапамагаюць раскрыць іх творчы патэнцыял. Знаёмячыся з багаццем і разнастайнасцю вырабаў народных майстроў, дзеці пранікаюцца добрымі пачуццямі да тых, хто стварыў такія незвычайныя рэчы, адчуваюць гордасць за свой таленавіты народ, сваю Радзіму.

Наталля СУХАВАРАВА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Родничок” Магілёва.