Псіхолага–педагагічная адаптацыя малодшых школьнікаў да ўмоў групы прадоўжанага дня

Праблема адаптацыі малодшых школьнікаў да школы — адна з самых частых тэм абмеркавання як сярод педагогаў, так і сярод бацькоў. Пры паступленні ў школу многія малодшыя школьнікі наведваюць групу прадоўжанага дня. Яе рэжым педагагічна значны ў выхаваўчай сістэме. Становіцца ўсё больш актуальнай і запатрабаванай работа выхавальніка групы прадоўжанага дня, бо перад педагогам стаіць важная задача — зрабіць так, каб дзеці выраслі не толькі здаровымі членамі грамадства, але і абавязкова ініцыятыўнымі, здольнымі на творчы падыход да справы.

Знаходжанне ў групе прадоўжанага дня нясе дадатковую нагрузку: малодшым школьнікам вельмі цяжка захоўваць дысцыпліну на працягу дня, працаваць па званку, выконваць заданні настаўніка і выхавальніка. Тут мэтазгодна адзначыць навучэнцаў 2-х класаў, адаптацыя якіх ускладняецца такім рэжымным момантам, як самападрыхтоўка. Гэта іншая форма навучання пасля ўрокаў, якая ўтрымлівае самаадукацыйныя пачаткі і характарызуецца самастойнымі дзеяннямі вучняў. Тым самым нясе дадатковую нагрузку. Як вынік — у дзяцей выяўляюцца прыкметы дэз­адаптацыі: павышаная стамляльнасць, дрэннае самаадчуванне, зніжэнне праца­здольнасці, раздражняльнасць, канфліктнасц­ь, скаванасц­ь, узбуджальнасць, неадэкватныя паводзіны.

Таму для аблягчэння адаптацыі да школьнага жыцця і забеспячэння камфортнага знаходжання малодшых школьнікаў у групе прадоўжанага дня неабходна арганізаваць іх псіхалагічнае суправаджэнне, своечасовую дыягностыку і карэкцыю псіхолага-педагагічнымі сродкамі з мэтай аховы псіхалагічнага здароўя дзяцей і прафілактыкі дэзадаптыўных праяўленняў.

Псіхолага-педагагічную адаптацыю малодшых школьнікаў да ўмоў групы прадоўжанага дня, на мой погляд, мэтазгодна право­дзіць з дапамогай розных метадаў і тэхнік. Гэта могуць быць ролевыя гульні — разыгрыванне розных сітуацый, напрыклад пакрыўджаны і крыўдзіцель. Можна праводзіць дыскусіі і абмяркоўваць пытанні, звязаныя з праблемамі ў групе прадоўжанага дня. Актуальная таксама арт-тэрапія. Заданні могуць быць прадметна-тэматычнымі (“Я ў групе прадоўжанага дня”, “Чым я люблю займацца ў групе прадоўжанага дня”, “Мой самы добры ўчынак”) і вобразна-тэматычнымі: выяўленне ў малюнку абстрактных паняццяў у выглядзе створаных уяўленнем дзіцяці вобразаў (такіх як “шчасце”, “дабро”), а таксама такіх, якія паказваюць эмацыянальныя станы і пачуцці (“радасць”, “гнеў”, “крыўда”).

З дзецьмі можна мадэляваць узоры паводзін. Паколькі трывожнасць і страхі перад пэўнымі сітуацыямі абумоўлены адсутнасцю ў малодшага школьніка адэкватных спосабаў паводзін, неабходна падабраць гульні і практыкаванні на зняцце трывожнасці, на пераадоленне страхаў, якія дазваляюць знізіць трывожнасць і пашырыць рэпертуар паводзін малодшага школьніка. Не выключаны і расказ метафарычных гісторый і прытчаў.

Кіруючыся асабістым досведам, для паспяховай псіхолага-педагагічнай адаптацыі малодшых школьнікаў выхавальніку групы прадоўжанага дня трэба прытрымлівацца наступных рэкамендацый: на бацькоўскім схо­дзе неабходна пазнаёміць бацькоў з правіламі групы прадоўжанага дня, спрыяць устанаўленню кантакту бацькоў з выхавальнікам, падтрымлівац­ь кантакт з бацькамі малодшых школьнікаў (су­стрэчы, лісты, тэлефонныя званкі і г.д.), увесь час падтрымліваць кантакт з псіхолагам і сацыяльным педагогам, дапамагаць малодшым школьнікам запомніць імёны і прозвішчы аднакласнікаў і настаўнікаў.

Таксама настаўніку важна пазнаёміцца з умовамі пражывання малодшага школьніка, узаемаадносінамі ў сям’і, з інфармацыяй пра здароўе дзіцяці — па яго медыцынскай карце. Варта ажыццявіць правільнае рассаджванне малодшых школьнікаў у групе прадоўжанага дня з улікам іх індывідуальных асаблівасцей, псіхалагічнай сумяшчальнасці, здароўя і пажаданняў бацькоў, улічваць цяжкасці адаптацыйнага перыяду, узроставыя асаблівасці малодшых школьнікаў у выбары тэрміналогіі, падборы метадычных прыёмаў, наладжваць эмацыянальны кантакт з групай. На пасяджэннях метадычных аб’яднанняў, класных і агульнашкольных нарадах выпрацаваць адзіныя патрабаванні да малодшых школьнікаў у групе прадоўжанага дня.

Паспяховая псіхолага-педагагічная адаптацыя малодшых школьнікаў можа ажыццяўляцца толькі ва ўмовах, якія прадугледж­ваюць своечасовую дыягностыку, прафілактыку і карэкцыю. Гэтая працаёмкая работа можа быць ажыццёўлена ў выніку ўзаема­дзеяння выхавальніка і псіхолага, якому неабходна дапамагчы наладжваць эмацыянальны кантакт з бацькамі навучэнцаў, заўважац­ь станоўчую дынаміку ў развіцці кожнага асобнага малодшага школьніка, мэтанакіравана з дапамогай групавых метадаў работы пераадольваць высокі ўзровень трывожнасці.

Святлана РАКІЦКАЯ,
выхавальніца сярэдняй школы № 15 Гомеля, магістр псіхалагічных навук.