Прысвячае сябе дзецям

Дваццаць сем гадоў, прысвечаных дзецям, — менавіта столькі налічвае працоўны стаж выхавальніцы дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 63 Магілёва Наталлі Віктараўны Савейка.

Пра Наталлю Віктараўну можна сказаць шмат добрых слоў: уважлівая, добрая, ласкавая, прыветлівая, крэатыўная, з шырокім кругаглядам, колам інтарэсаў і ўменняў. Бязмерна любіць дзяцей, імкнецца даць ім штосьці новае, цікавае і радаснае. Заўсёды энергічная, жыццярадасная, мэтанакіраваная, працавітая. Дзеці па сваёй прыродзе дапытлівыя даследчыкі, ім цікава ўсё новае і невядомае, таму Наталля Віктараўна прыцягвае дзетак да сумеснай працы. Разам яны ствараюць розныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўдзельнічаюць у конкурсах, рыхтуюць святы і забавы. У сваёй працы выхавальніца шырока выкарыстоўвае ІКТ.

— Гэта выдатны сродак пазнання свету. Прымяняю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі як у адукацыйным працэсе, так і падчас свят, сямейных су­стрэч, групавых бацькоўскіх сходаў. ІКТ дазваляюць паказаць дзецям і бацькам многія невядомыя раней рэчы, — лічыць Наталля Віктараўна.

Выхавальніца часта пераўвасабляецца падчас свят у розных казачных ге­рояў, забаўляючы і дзяцей, і бацькоў. Яна верыць, што кожнае дзіця па-свойму таленавітае, трэба толькі раз­гледзець гэта і дапамагчы малышам паве­рыць у сябе.

З бацькамі ў выхавальніцы склаліся даверлівыя адносіны. У калектыве яе цэняць як патрабавальнага, кампетэнтнага і справядлівага педагога. У цяперашні час Наталля Віктараўна перадае навыкі педагагічнага майстэрства маладым спецыялістам. Як і любы прадстаўнік педагагічнай сферы, яна прытрымліваецца думкі, што важна выхаваць у дзіцяці асобу, па­сеяць у яго сэрцы дабро, прымусіць ду­маць, разва­жаць і верыць.

— Часам мае выхаванцы, калі за імі прыходзяць бацькі, не хочуць ісці дадому. Значыць, у групе ім сапраўды камфортна, весела і цікава. І гэта — лепшая ўзнагарода выхавальніку за працу. Я жыву, смяюся і засмучаюся разам са сваімі выхаванцамі. З году ў год гартаю велізарную кнігу дзяцінства і не шкадую аб гэтым. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю спяшаюцца ў дзіцячы сад, бо там яны даведваюцца ад нас шмат новага, становяцца ўдзельнікамі займальных праектаў, з задавальненнем расказва­юць нам пра свае, няхай яшчэ зусім невялікія, перамогі. Мы вучым іх сябраваць, гуляць і разумець адно аднаго, ствараць сваімі рукамі прыгожае, дзівоснае. Толькі тут, у дзіцячым садзе, са звычайных дзяцей вырастаюць сапраўдныя таленты, — пераканана Наталля Віктараўна.

Праца выхавальніка няпростая. Аднак аб зробленым калісьці прафесійным выбары Наталля Віктараўна Савейка не шкадуе.

— На мне штодня ляжыць вялікая адказнасць за выхаванне малышоў. Гэта карпатлівая праца. Але яе вынік — гэта шчаслівыя твары і радасныя ўсмешкі маіх дзетак, — адзначыла выхавальніца.

Ірына КАСЦЮКОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 63 Магілёва.