Праз мост да кітайскай мовы

Апошні вучэбны месяц ператварыў сталічную гімназію № 23 з беларускай мовай навучання ў сапраўдны цэнтр кітайскай мовы і культуры. Тут на працягу месяца адбыліся два значныя мерапрыемствы: Рэспубліканская алімпіяда-конкурс знаўцаў кітайскай мовы “Мост кітайскай мовы” і адкрыццё кабінета Канфуцыя.

Спачатку быў конкурс знаўцаў кітайскай мовы. Ён праводзіўся сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. “Мост кітайскай мовы” ў 23-й сталічнай гімназіі “будавалі” 68 навучэнцаў з 7 школ і гімназій Мінска, а таксама навучальных устаноў Віцебска, Дзяржынска, Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Усе дзеці былі падзелены на 3 узроставыя групы: 1—4 клас, 5-6 клас і 7-8 клас. Тэмай конкурсу была “Шчаслівая і летуценная кітайская мова”.
Навучэнцы 1 і 2 узроставых груп расказвалі вершы, спявалі і танцавалі, за што ўсе атрымалі падарункі і граматы ад другога сакратара Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі па справах адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь спадара Ван Да Цзюна.
Прадстаўнікі трэцяй узроставай групы спаборнічалі ў ведах па гісторыі і культуры Кітая, расказвалі вусную тэму і прадстаўлялі свае творчыя нумары. Выстаўленне адзнак было даручана кітайскім настаўнікам, якія ацэньвалі канкурсантаў па трох намінацыях: адказы на пытанні па кітаязнаўстве, вуснай тэме і творчым выступленні.
Трэцюю ўзроставую групу прадстаўляла 25 канкурсантаў, але толькі двое з іх змаглі атрымаць дыпломы І ступені і магчымасць паехаць на фінальную міжнародную частку конкурсу ў Кітай.
Пераможцамі конкурсу сталі вучаніца гімназіі № 23 Касандра Шахаб і прадстаўніца сярэдняй школы № 10 Мінска Варвара Сапрыкіна. 2 месца і адпаведныя дыпломы атрымалі Аляксандра Літова з гімназіі № 12 Мінска і Дзмітрый Зябліцаў з гімназіі № 33 Мінска.

Трэба адзначыць, што гаспадары Рэспубліканскай алімпіяды-конкурсу “Мост кітайскай мовы” не толькі гасцінна сустрэлі ўдзельнікаў, але і падрыхтавалі дастойных канкурсантаў. Акрамя Касандры, заявіць пра сябе здолелі яшчэ дзве прадстаўніцы 23-й гімназіі. Гэта Яна Сярэдзіч і Ганна Краўчэня. Дзяўчаты атрымалі дыпломы ІІІ ступені. А рыхтавала гімназістак Кацярына Уладзіміраўна Шыбайла, якая, нягледзячы на свой малады ўзрост, паспела зарэкамендаваць сябе кваліфікаваным спецыялістам.
За 10 гадоў у конкурсе “Мост кітайскай мовы” прыняло ўдзел больш за 100 тысяч студэнтаў з больш чым 70 краін. Конкурс — гэта ўнікальная магчымасць сутыкнуцца не толькі з культурай Кітая, але і з культурамі іншых краін. Гэты конкурс стаў пляцоўкай для дэманстрацыі ўзроўню ведаў па кітайскай мове і для міжкультурнага абмену, своеасаблівым “мостам культуры, сяброўства і душы”.
У 2013 годзе на VI Міжнародным конкурсе “Мост кітайскай мовы”, які праходзіў у Кунміне, дзве канкурсанткі, вучаніцы гімназіі № 23 Мінска, дамагліся выдатных вынікаў. Касандра Шахаб атрымала ўзнагароду за 1 месца ў інтэрнэт-галасаванні — стыпендыю на адзін год навучання ў Кітаі. А Соф’я Давыдава стала сёмай сярод 124 канкурсантаў з 62 краін і атрымала стыпендыю на адзін семестр навучання ў Кітаі.
Вывучэнне кітайскай мовы і спасціжэнне кітайскай культуры ў беларускамоўнай гімназіі — факт унікальны і іміджавы. Як адзначыла Ніна Іванаўна Нікіціна, дырэктар 23-й гімназіі, дзе кітайская мова вывучаецца ўжо на працягу васьмі гадоў, не трэба атаясамліваць вывучэнне кітайскай мовы толькі з падрыхтоўкай настаўнікаў кітайскай мовы.
— Мы павінны рыхтаваць людзей, якія ў будучым будуць ажыццяўляць беларуска-кітайскія адносіны на ўсіх узроўнях. І калі чалавек не будзе адчуваць сваёй нацыянальнай культуры, ён ніколі не зможа зразумець культуру іншага народа. Кітайская культура, сістэма адукацыі і выхавання — гэта своеасаблівы сінтэз тысячагадовых традыцый Кітая і ўсяго таго лепшага, што існуе ў свеце.
Вяртаючыся да конкурсу “Мост кітайскай мовы”, хачу адзначыць, што яго ўнікальнасць таксама ў сінтэзе. Удзельнікі павінны не толькі прадэманстраваць веды па мове, культуры і гісторыі Кітая, але і паказаць сваё асэнсаванне кітайскай філасофіі праз творчы нумар. Расказаць кітайскі верш або праспяваць песню немагчыма без пагружэння ў культуру і традыцыі Кітая. Акрамя таго, такія конкурсы дапамагаюць стварыць асаблівую атмасферу. Кітайцы вялікае значэнне надаюць атрыбутыцы — ліхтарыкам, іерогліфам, нацыянальным строям. Усё гэта спрыяе разуменню і ўсведамленню Кітая. Правядзенне такога мерапрыемства на базе нашай гімназіі — для нас ганаровая місія, — адзначыла Ніна Іванаўна.
Разам з тым існуюць і праблемы. Вывучаць кітайскую мову нашы дзеці пачалі адначасова са стварэннем адпаведных падручнікаў і дапаможнікаў, якія, зразумела, пісаліся з калёс. Як адзначаюць педагогі, якія выкладаюць кітайскую мову, нашым дапаможнікам не хапае сістэматычнасці і паслядоўнасці. Магчыма, нам усё ж неабходна звярнуцца да вопыту еўрапейскіх калег. А з другога боку, трэба сказаць вялікі дзякуй тым настаўнікам, якія, нягледзячы на ўсе “але”, не толькі вучаць, але і рыхтуюць пераможцаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

*****

Другой значнай падзеяй, якую прынёс май гімназіі № 23 Мінска, стала адкрыццё ў навучальнай установе кабінета Канфуцыя. Гэта першы такі клас у нашай краіне. Дырэктар гімназіі выказала шчырую падзяку Міністэрству адукацыі, камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама і Пасольству Кітая за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі гэтага праекта.
У нашай краіне пакуль няма палажэння аб стварэнні такога класа і яго функцыянаванні. Па меркаванні Н.І.Нікіцінай, такі кабінет не павінен выконваць толькі пасрэдніцкія функцыі: проста распаўсюджваць кітайскую мову і культуру. Цяпер распрацоўваецца ідэя вывучэння кітайскай мовы і культуры праз паралель ведання беларускай мовы і культуры. Самая простая з такіх паралелей: кітайскае выразанне з паперы і наша беларуская выцінанка або народныя святы.
Акрамя таго, дзейнасць кабінета Канфуцыя павінна выходзіць за межы школы і аб’ядноўваць вакол сябе жадаючых далучыцца да кітайскай мовы і культуры з іншых навучальных устаноў і нават дарослых.
Такі кабінет, як заўважыла дырэктар 23-й гімназіі, павінен стаць падобным да клубаў інтэрнацыянальнага сяброўства, якія некалі існавалі.
— Насамрэч, не трэба вынаходзіць веласіпед, калі мы маем такія здабыткі, таму сучасны кабінет Канфуцыя павінен выконваць больш шырокія функцыі, чым прапануе кітайскі бок. Распрацоўкай зместу нашага кабінета займалася маладая група настаўнікаў, і трэба адзначыць, што іх работа аказалася вельмі дастойнай. Напрыклад, яны сабралі некалькі варыянтаў кананічных партрэтаў Канфуцыя, а вядомыя выказванні Канфуцыя правялі праз тры мовы: пераклалі з кітайскай на рускую, а пасля з рускай на беларускую, захоўваючы кітайскую стылістыку, але адаптаваную пад беларускамоўнае гучанне. Выразы атрымаліся трапнымі. Прынамсі, кітайскі пасол быў вельмі ўражаны.
Асобна трэба сказаць і пра наш збор кітайскіх кніг. Дзякуючы інстытуту Канфуцыя БДУ, беларускаму пасольству ў Пекіне, Міністэрству замежных спраў сёння ў нашай гімназіі сабрана ўнікальная для навучальнай установы бібліятэка. Але, зразумела, не было б ніякага кабінета, калі б не было нашых гімназістаў, якія вывучаюць кітайскую мову. Яны з’яўляюцца ядром усёй нашай дзейнасці, — адзначыла Ніна Іванаўна Нікіціна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.