Праз аквааэробіку да навучання плаванню

Штогод, пры паступленні дзяцей ва ўстанову дашкольнай адукацыі, мы сутыкаемся з павелічэннем колькасці выхаванцаў з аслабленым здароўем. Праблема сучаснасці ў тым, што бацькі ўдзяляюць недастаткова ўвагі фізічнаму развіццю дзяцей дашкольнага ўзросту, усё больш захапляючыся ранняй адукацыяй, інтэлектуальным развіццём, забываючы, што адна з першых абавязковых умоў для атрымання адукацыі — гэта здароўе дзіцяці. Паўнацэннае фізічнае развіццё і фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця ў падрастаючага пакалення — гэта агульная задача бацькоў і ўстаноў адукацыі.

Плаванне — адзін з нямногіх відаў спорту, супрацьпаказанняў да якога практычна не існуе. Заўважана, што ў дзяцей, якія рэгулярна займаюцца плаваннем, павышаецца супраціўляльнасць да хвароб і агульны тонус арганізма, удасканальваюцца рухі, выпрацоўваецца пластыка, фарміруецца звычка займацца спортам, што з’яўляецца адным з кампанентаў здаровага ладу жыцця.

Адным з новых эфектыўных напрамкаў і форм работы з дашкольнікамі, што садзейнічае паспяховаму асваенню рухальных навыкаў і дазваляе вырашаць прафілактычныя і аздараўленчыя задачы ў працэсе фізічнага выхавання, з’яўляецца аквааэробіка. Аква­аэробіка — гэта від аэробікі, які прадугле­джвае выкананне практыкаванняў рознай інтэнсіўнасці ў вадзе пад музыку і спалучае ў сабе фізічныя нагрузкі на ўсе групы мышцаў. Заняткі аквааэробікай умацоўваюць сардэчна-сасудзістую сістэму, садзейнічаюць развіццю вынослівасці, сілы і эластычнасці мышцаў, фарміруюць спрытнасць, устойлівасць, каардынацыю рухаў. Вада дапамагае зняць мышачнае і эмацыянальнае напружанне.

З дапамогай аквааэробікі ўмацоўваюцца нават тыя мышцы і звязкі, якія з цяжкасцю развіваюцца пры занятках у зале. Выкананне статычных практыкаванняў у вадзе спрыяе самавыцяжэнню пазваночніка, яго натуральнай нагрузцы. Пазваночнік у гэтым выпадку правільна фарміруецца, выпрацоўваецца добрая пастава. Пабудова заняткаў у гульнявой форме з музычным су­праваджэннем дазваляе забяспечыц­ь высокі ўзровень станоўчых эмоцый, а гэта — залог паспяховага навучання і выхавання, загартоўвання і рэалізацыя аздараўленчых задач.

Навучанне плаванню дзяцей 5—7 гадоў з выкарыстаннем элементаў аквааэробікі ва ўстановах дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца ў працэсе спецыяльна арганізаванай дзейнасці. Асноўнай формай правядзення заняткаў з’яўляецца гульня. Таму кожнае заданне, накіраванае на засваенне таго ці іншага руху, носіць гульнявы характар, заснавана на знаёмых дзіцяці вобразах і суправаджаецца дакладным і выразным паказам педагога. Дзякуючы стварэнню гульнявой сітуацыі, магчымы паслядоўны пераход ад простага руху да складанага. Педагагічны прынцып пераходу ад простага да складанага выступае як адна з умоў засваення прыёмаў плавання рознага ўзроўню, тэхнікі навучання і самаўдасканалення выканання практыкаванняў на ўсё большай глыбіні.

Працягласць заняткаў для дзяцей 5—7 гадоў складае 20—25 мінут. Усе заняткі дзеляцца на тры часткі: падрыхтоўчыя практыкаванні на сушы і размінка ў вадзе, гульнявыя практыкаванні ў вадзе і рухавая гульня, самастойнае плаванне і выхад з вады.

Падрыхтоўчая частка спрыя­е разагрэву мышцаў і забяспеч­вае падрыхтоўку да асноўнай часткі. Выкарыстоўваюцца комплексы практыкаванняў для размінкі. Яны распрацаваны для кожнай узроставай групы. Падрыхтоўчая частка мае музычнае суправаджэнне, што выклікае эмацыянальны ўздым у дзяцей.

У асноўную частку ўваходзяць элементы аквааэробікі: практыкаванні з нудламі, мячамі, гантэлямі, гульні, эстафеты ў ва­дзе. Для кожнага віду інвентару распрацаваны і выкарыстоўваюцца свае гульні і заданні. У заключнай частцы выконваюцца спакойныя практыкаванні на аднаўленне дыхання, рэлаксацыю і самастойнае плаванне.

Для паспяховага засваення практыкаванняў і рухаў у вадзе з выкарыстаннем элементаў аквааэробікі прымяняюцца наступныя метадычныя прыёмы: паказ і выкананне практыкаванняў у парах з дапамогай партнёра; варыятыўнасць пры вывучэнні рухаў; выкананне практыкаванняў у спаборніцкай і гульнявой форме; аблягчэнне ці ў­складненне ўмоў выканання рухаў; выкананне рухаў, трымаючыся за нерухомую апору.

Аналіз вынікаў засваення плавальных рухаў і навыкаў дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту штогод паказвае станоўчую дынаміку: дашкольнікі не толькі паспяхова асвоілі рухальныя навыкі на вадзе, але і з задавальненнем уносілі змяненні ў складанасць практыкаванняў, прыдумвалі новыя. У выніку з’явілася вялікая цікавасць да заняткаў у басейне, палепшыліся паказчыкі ў засваенні плавальных уменняў, а выкарыстанне элементаў аквааэробікі ў комплексе садзейнічала развіццю каардынацыйных здольнасцей дашкольнікаў. Дзеці навучыліся ўпэўнена трымацца на вадзе, апускацца ў ваду з галавой па адным, у парах, групай; ляжаць на паверхні вады на грудзях, на спіне без апоры; слізгацець на грудзях і на спіне з прадметамі і без прадметаў; засвоілі слізганне на грудзях з затрымкай дыхання з рухам ног спосабам “кроль”, слізганне на спіне з грабковымі рухамі ног; навучыліся выконваць рухі нагамі ў спалучэнні з выдыхам у ваду і расплюшчваннем вачэй пад вадой, ныраць.

Такім чынам, дзякуючы выкарыстанню элементаў аквааэробікі ў навучанні плаванню дзяцей дашкольнага ўзросту, была дасягнута станоўчая дынаміка ў засваенні многіх навыкаў. Аздараўленчы эфект ад заняткаў аквааэробікай праяўляецца ў паляпшэнні паказчыкаў фізічнага развіцця, функцый апорна-рухальнага апарату, павышэнні агульнай вынослівасці і эмацыянальнага стану дзяцей. Прывычка да рэгулярных заняткаў плаваннем станоўча ўплывае на аздараўленне і загартоўванне дзіцячага арганізма, фарміруе станоўчыя якасці, далучаючы да асноў здаровага ладу жыцця.

Таццяна АФТЭНІ,
кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва.