Правы і абавязкі

Сёлета я працую з першакласнікамі, якія хочуць ведаць усё. Звычайная рускамоўная вясковая школа, тры вясёлыя шасцігодкі з розным узроўнем матывацыі і з рознай будучыняй, але ўсе яны хочуць атрымаць веды, якія дапамогуць ім у жыцці… Галоўнае, што яны добра разумеюць паняцці “трэба” і “нельга”, “добра” і “дрэнна”.

Між тым кожнаму школьніку вельмі важна адчуваць сябе неабходным для грамадства. Гэтая думка натхніла мяне на стварэнне класнай гадзіны з акцэнтам на прававое і сацыяльнае становішча чалавека. Класная гадзіна пачалася з вядомага прыёму — гексаў, на якіх размясціліся літары для складання слова. Спачатку пагаварылі аб нашай краіне і мясцовасці: у якой краіне мы жывём? Які горад з’яўляецца сталіцай Беларусі? Які горад з’яўляецца для нас родным? Як выглядае герб Рагачова?

Потым вучням неабходна было скласці літары-гексы ў знаёмае слова — Беларусь. Кожную літару вучні зафарбавалі пэўным колерам, які сімвалізаваў іх пачуцці. Напрыклад, чыр­воныя і ружовыя літары сведчылі аб цёплых адносінах да краіны, жоўты стаў колерам сонца, а зялёны — сімвалам дабрабыту для маленькіх першаадкрывальнікаў.

Адным з галоўных эпізодаў класнай гадзіны лічу гульню “Маю права”, дзе я называла тэзісы, а вучні вырашалі, згаджацца з імі ці не. Я выкарыстала наступныя тэзісы: Я маю права на… 1) жыццё; 2) ляноту; 3) медыцынскае абслугоўванне; 4) незалеж­насць; 5) адпачынак; 6) дрэннае надвор’е; 7) брудныя рукі; 8) недатычнасць.

Пасля гульні адбылася гутарка аб пачутым, вучні актыўна далучыліся да абмеркавання, з лёгкасцю ўзнавілі тэзісы і патлумачылі кожны з іх. Дзеці разумеюць і пакуль з хваляваннем адчуваюць сваё новае сацыяльнае становішча. Кожны ведае, што правы чалавека ідуць побач з яго абавязкамі, а за кожны ўчынак неабходна несці адпаведную адказнасць.

Наступным этапам стала знаёмства з абавязкамі. Для гэтага я стварыла прэзентацыю з малюнкамі. Яшчэ адным важным этапам фарміравання правільнага “бачання” сябе ў соцыуме з’яўляецца разуменне сваіх годнасці і патэнцыялу для краіны. Праца аднаго чалавека толькі здаецца нечым не вельмі важным у кантэксце цэлай нацыі, але важна растлумачыць дзецям, што кожны з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і кожны з іх неабходны Радзіме.

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў Збароўскага ясляў-сада — базавай школы Рагачоўскага раёна.