Працуем сёння, каб мець вынік заўтра

Дашкольнае дзяцінства — гэта важны перыяд у жыцці дзіцяці, калі фарміруюцца адчуванні ўласных магчымасцей, патрэба ў самастойнай дзейнасці, асноўныя ўяўленні пра навакольны свет, дабро і зло ў ім, уяўленні аб сямейным укладзе і роднай зямлі.

Менавіта таму паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой была падпісана Праграма супрацоўніцтва на 2011—2014 гады, мэтай якой з’яўлялася выкарыстанне патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей, развіццё цялесна, душэўна (псіхічна) і духоўна здаровага чалавека.
У ходзе рэалізацыі праграмы калектывам Чыркавіцкага ясляў-сада Светлагорскага раёна былі вызначаны мэты і задачы работы дашкольнай установы па арганізацыі духоўна-маральнага выхавання дзяцей, вырашэнне якіх уяўляецца магчымым толькі праз узаемадзеянне ўсіх суб’ектаў адукацыйнай прасторы.
Рэалізацыя пастаўленых задач ажыццяўляецца ў некалькіх напрамках. Паміж адміністрацыяй дашкольнай установы і храмам Святых Дванаццаці Апосталаў вёскі Чыркавічы была падпісана праграма супрацоўніцтва на 2014/2015 навучальны год. Запланаваны комплекс мерапрыемстваў.
Першы бацькоўскі сход у пачатку навучальнага года, куды быў запрошаны айцец Алексій, праходзіў у цёплай сяброўскай атмасферы. Настаяцель прыхода правёў духоўную гутарку на праваслаўную тэму, пазнаёміўся з бацькамі і растлумачыў мэту такіх сустрэч — сумеснае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць, атрыманне карысных ведаў. Дзеці маюць патрэбу не толькі ў фізічным, але і ў духоўным развіцці, таму бацькі, як і выхавальнікі, павінны разумець, што на іх ускладзена вялікая адказнасць за выхаванне дзяцей. Самая галоўная задача духоўнага выхавання — закласці моцны падмурак, які дапаможа маладому пакаленню правільна ўспрымаць рэчаіснасць.
Стварэнне ўмоў для ажыццяўлення духоўна-маральнага выхавання дзяцей ва ўмовах ўзаемадзеяння ўключае арганізацыю прадметна-развіццёвай прасторы дашкольнай установы. У групе аформлены праваслаўны куток для дзяцей. Для бацькоў у прыёмных прапаноўваецца кансультацыйны матэрыял аб праваслаўных святах і сямейных традыцыях, матэрыял па пытаннях духоўна-маральнага развіцця дзяцей.
У культурна-эстэтычным блоку мерапрыемстваў музычны кіраўнік узбагачае ўражанні дзяцей духоўнай музыкай. Дзеці заўсёды з нецярпеннем чакаюць свят, на якія запрашаюцца бацькі і духоўны настаўнік: “Святы Вялікдзень”, “Нараджэнне Хрыстова”, “Дзень Анёла” і інш. Арганізацыя ўзаемадзеяння з сям’ёй прадугледжвае правядзенне сямейных свят свецкага і царкоўнага календара з удзелам бацькоў і дзяцей, узбагачэнне вольнага часу бацькоў і дзяцей экскурсіямі.
Выхаванцы дашкольнай установы і іх бацькі па запрашэнні архімандрыта Алексія наведалі храм Святых Дванаццаці Апосталаў у Чыркавічах, дзе настаяцель пазнаёміў дзяцей з прызначэннем царкоўных атрыбутаў, выявамі святых на абразах, правіламі паводзін у храме.
Сёння можна прасачыць станоўчую дынаміку ўзроўню маральнага развіцця выхаванцаў. Дашкаляты маюць уяўленні аб маральных нормах і правілах паводзін у розных сітуацыях, могуць даць маральную ацэнку сваіх паводзін і ўчынкаў іншых людзей, могуць бачыць стан іншых людзей, праяўляць спагадлівасць, увагу і міласэрнасць, аказваць дапамогу. Гэта адлюстроўваецца ў гульнях і зносінах дзяцей з аднагодкамі, у адносінах да старэйшых і малодшых, да прыроды.
Духоўна-маральнае выхаванне — працэс доўгатэрміновы. Ён заключаецца ва ўнутраных зменах кожнага ўдзельніка. Гэта працэс, які можа знайсці адлюстраванне не тут і не цяпер, у дашкольным дзяцінстве, а значна пазней, але гэта не памяншае значнасці такой работы.

Яўгенія АСМАЛОЎСКАЯ,
загадчыца Чыркавіцкага ясляў-сада Светлагорскага раёна.