Праграмаванне ў дзіцячым садзе

Наша ўстанова дашкольнай адукацыі ў пачатку бягучага навучальнага года ўключылася ў праект Парка высокіх тэхналогій “Інфарматыка без разеткі”. Гэтая праграма накіравана на развіццё лагічнага мыслення і логікі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Адметная асаблівасць праекта ў тым, што падрыхтоўка дзяцей ажыццяўляецца без выкарыстання камп’ютара.

У праекта “Інфарматыка без разеткі” — новы фармат навучання, вывучэння і выкарыстання прагрэсіўных тэхналогій. Свет мяняецца з вялікай хуткасцю. Тое, што было складана ўявіць сабе 20 гадоў назад, для сучасных дзяцей норма.

Логіка — гэта від чалавечага мыслення, які не даецца чалавеку пры нараджэнні, яго трэба развіваць. Існуе меркаванне, што без лагічнага мыслення не абысціся праграмісту. Але хіба ёсць лю­дзі іншых прафесій, каму не трэба рабіць правільныя высновы, прымац­ь найбольш выгадныя рашэнні, працаваць з інфармацыяй? Логіка патрэбна кожнаму чалавеку! На занятках дзеці разважаюць, робяць высновы, аналізуюць, параўноўваюць, абагульняюць, вучацца абгрунтоўваць і асэнсоўваць. Да таго ж аснова кожнай гульні — наяўнасц­ь пазнавальнага зместу.

Праект выклікаў вялікую цікавасць у выхаванцаў. Дзеці заўсёды імкнуцца да чагосьці новага, яркага. Гуляючы, яны вучацца. Ім не даецца гатовы варыянт адказу, малышам даводзіцца думаць і разважац­ь, што з’яўляецца галоўным матывам у іх навучанні. Яны назапашваюць шмат інфармацыі, вучацца ёй аперыраваць. Дзеці з радасцю ідуць на заняткі, з захапленнем і гордасцю дзеляцца сваімі ўражаннямі ад іх.

На занятках нам дапамагае цацка кот. Гэта мяккая цацка, якую дзеці з задавальненнем бяруць на рукі, гладзяць, здымаюць яму абутак і мяняюць галаўныя ўборы. Менавіта яму дзеці расказваюць алгарытмы дзеянняў, запрашаюць на падлогавае палатно і дзеляцца сваім настроем.

У снежні Парк высокіх тэхналогій праводзіў цікавы конкурс па некалькіх намінацыях. Наш рыжы кот у намінацыі “Творчая майстэрня” на абласным этапе заняў 3-е месца. У намінацыі “Цьютар — прафесія будучыні” мы былі адзначаны дыпломам І ступені. Таксама ад Парка высокіх тэхналогій мы атрымалі майкі з лагатыпам рэспубліканскага праекта, раздатачны матэрыял для заняткаў і каштоўныя падарункі.

Праграмаванне ў перыяд дашкольнага дзяцінства даказвае сваю эфектыўнасць і неабходнасць. Яно накіравана на развіццё сучасных дзяцей, адпавядае запытам сённяшняга дня, адкрывае перад дзецьмі шырокія магчымасці.

Наталля ПАРАШКОВАЯ,
выхавальніца ясляў-сада № 3 Круглага.