Прадмет “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” ў класах інтэграванага навучання і выхавання

Навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах адукацыйнай інтэграцыі рыхтуе навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да самастойнай працы і дае ім пэўны аб’ём ведаў і ўменняў па шэрагу прадметаў школьнага курса. На вырашэнне задач сацыяльна-бытавой падрыхтоўкі навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю накіраваны намаганні настаўнікаў-дэфектолагаў сярэдняй школы № 20 Магілёва.

Ва ўмовах нашай школы створана адзіная сістэма шматфактарнага ўздзеяння на вучняў. Вядучым звяном сістэмы з’яўляецца курс па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы. Урокі “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка”, “Сацыяльная адаптацыя” накіраваны на практычную падрыхтоўку дзяцей да самастойнага жыцця і працы, фарміраванне ў іх ведаў і ўменняў, якія спрыяюць сацыяльнай адаптацыі, павышэнне агульнага развіцця, а таксама ўдасканаленне навыкаў самаабслугоўвання, вядзенне хатняй гаспадаркі, арыентаванне ў навакольным жыцці.
У навучанні сацыяльна-бытавой арыенціроўцы дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю выкарыстоўваецца такая форма работы, як экскурсіі, бо яны даюць магчымасць назіраць свет такім, які ён ёсць. Настаўнікі-дэфектолагі старанна рыхтуюцца да правядзення экскурсіі: вызначаюць яе мэту, змест, метады тлумачэння. Экскурсіі арганізуюцца пры вывучэнні такіх раздзелаў праграмы, як “Прадпрыемствы, установы”, “Вуліца. Транспарт”. Так, пры правядзенні агульна азнаямленчай экскурсіі ў магазін па тэме “Мы — пакупнікі”, дзеці высвятляюць час работы магазіна, знаёмяцца з абсталяваннем і інвентаром, месцам для захоўвання рэчаў, назіраюць за дзеяннямі прадаўцоў і пакупнікоў.
У ходзе навучання арганізуюцца ўмовы, якія заахвочваюць вучняў звяртацца ва ўстановы і на прадпрыемствы, бо фарміраванне ўменняў карыстацца паслугамі сферы побыту, паводзіць сябе адэкватна ўмовам, аналізаваць іх і правільна дзейнічаць уваходзяць у лік абавязковых задач, што вырашаюцца на занятках па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы.
На ўроках настаўнікі-дэфектолагі прапануюць навучэнцам зрабіць запісы і замалёўкі, якія дапамагаюць ім лепш зразумець і запомніць праграмны матэрыял. Так, напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Пошта” дзеці вучацца запаўняць бланкі для адпраўкі бандэролей, выконваюць практычныя практыкаванні ў напісанні адраса на канверце, запаўняюць тэлеграмы, пераводы. Пры вывучэнні прадмета “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” ўзнікаюць цяжкасці з-за адсутнасці адзінай даведачнай літаратуры і вучэбных дапаможнікаў, у якіх утрымліваўся б неабходны пазнавальны матэрыял, а таксама малюнкі, схемы, праверачныя заданні, кантрольныя пытанні. Каб папоўніць дэфіцыт даведачнай літаратуры і аблегчыць навучэнцам працэс засваення сацыяльна-бытавых звестак, ім прапануецца весці папку-скарбонку. Пасля заканчэння заняткаў навучэнец забірае папку дадому і карыстаецца ёй пры прыгатаванні страў, сервіроўцы стала, а таксама разам з бацькамі ўносіць у яе дадатковую інфармацыю. Для выпускнікоў яна становіцца маленькай энцыклапедыяй вядзення хатняй гаспадаркі.
Па сваёй спецыфіцы ўрок “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” патрабуе забеспячэння натуральнымі прадметамі побыту і спецыяльным абсталяваннем, інакш ні аб якой якасці падрыхтоўкі ў гэтай галіне гаворкі ісці не можа. Таму важную ролю для фарміравання практычных уменняў адыгрывае абсталяванне кабінета. Паколькі прадмет “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” з’яўляецца адным з найважнейшых прадметаў дзяржаўнага кампанента вучэбнага плана ў класах інтэграванага навучання і выхавання, то адміністрацыя сярэдняй школы № 20 паклапацілася пра стварэнне ўмоў для рэалізацыі зацверджанай Міністэрствам адукацыі нашай краіны Праграмы па гэтым прадмеце, а таксама забяспечыла вучэбныя заняткі ўсім неабходным. З верасня 2009 года, дзякуючы зладжанай рабоце адміністрацыі і спонсарскай падтрымцы, ва ўстанове дзейнічае кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, у якім ёсць чатыры розныя зоны, якія дапамагаюць дзецям асвоіцца ў побыце. Варта адзначыць, што ў 2011 годзе аддзелам адукацыі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта быў праведзены конкурс кабінетаў сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, у якім кабінет нашай школы заняў першае месца.
Паспяхова ўжываюцца ў рабоце з дзецьмі з інтэлектуальнай недастатковасцю элементы праграмаванага навучання, выкарыстанне якіх дапамагае настаўніку-дэфектолагу забяспечыць актыўную самастойную дзейнасць вучняў, пастаянна сачыць за засваеннем ведаў, своечасова аказваць неабходную дапамогу і ўлічваць індывідуальныя асаблівасці вучняў. Увядзенне ў працэс праверкі ведаў элементаў праграмавання дазваляе эканоміць час урока, паколькі за некалькі хвілін можна праверыць падрыхтоўку ўсяго класа па тэме, якая вывучаецца. Пры праграмаваным навучанні рэалізуюцца прынцыпы карэкцыйнай накіраванасці, сістэматычнасці, паслядоўнасці, даступнасці навучання. Запаўненне перфакарт, выкананне лічбавых ці літарных заданняў спрыяюць актывізацыі разумовай дзейнасці, развіццю адвольнай увагі, памяці вучняў з паніжаным інтэлектам.
У навучанні ж дзяцей малодшага школьнага ўзросту педагогі выкарыстоўваюць гульнявыя метады і прыёмы, накіраваныя на ажыццяўленне навучання і развіцця дзяцей у больш даступнай і прывабнай форме.
Такім чынам, мэтанакіраваная і сістэматычная работа настаўнікаў-дэфектолагаў нашай школы станоўча ўплывае на фарміраванне кампетэнтнасці навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю. У дзяцей фарміруюцца ўменні ў галіне бытавой працы, асабістай гігіены, арганізацыі харчавання, догляду жылля, эканоміка-бытавыя ўменні, складваецца пазітыўнае стаўленне да вучэбнай дзейнасці, актыўная жыццёвая пазіцыя, неабходная для рэальнай інтэграцыі ў грамадства.

 

Алеся ЗАЗЕРСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг;
Святлана ЛАДЫГІНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 20 Магілёва.