Пра бяспеку не па чутках

Дым, вогнетушыцелі, брандспойты і кінолагі… Не, усё гэта не пра трагедыю. Гэта пра свята “Шчаслівае, бяспечнае дзяцінства”, якое прайшло на тэрыторыі сталічнай школы № 143.

Вось ужо 20 гадоў сярэдняя школа № 143 выхоўвае ў сваіх сценах юных ратавальнікаў, якія і адкрылі мерапрыемства сваімі выступленнямі.

Пабываць на свяце пашчасціла і дзецям з іншых школ. Гаспадары гасцінна сустракалі іх пачастункамі і паілі чаем. А на школьным двары ўсе жадаючыя маглі здзейсніць падарожжа па гарадку бяспекі. Адкрывала падарожжа знаёмства з сапраўднай пажарнай тэхнікай, а потым усе накіраваліся ў свет прафесіі ратавальніка, дзе кожны жадаючы мог паспрабаваць свае сілы ў рабоце з брандспойтам, вогнетушыцелем і іншымі супрацьпажарнымі прыстасаваннямі. Яшчэ можна было даведацца, як аказваць першую дапамогу чалавеку ці выводзіць яго з задымленага памяшкання, імітацыяй якога служыла спецыяльная дым-палатка.

— Бяспечнае дзяцінства — гэта тое галоўнае, пра што заўсёды павінны памятаць дарослыя, — лічыць начальнік упраўлення па адукацыі Заводскага раёна Мінска Алена Уладзіміраўна Цыпылова. — Менавіта мы абавязаны зрабіць дзяцінства нашых дзяцей бяспечным. Акрамя таго, трэба навучаць іх, паказваць на практыцы, што такое бяспека і адказнасць. Інфармацыі для вывучэння сёння шмат, многае пра бяспеку дзеці даведваюцца на ўроках АБЖ. Але менавіта такія мерапрыемствы важныя для таго, каб навучэнцы замацоўвалі свае веды практычнымі дзеяннямі, візуалізавалі пройдзены матэрыял. І мы вельмі ўдзяч­ны Заводскаму РАНС за такую магчы­масць. Хтосьці з дзяцей, гледзячы на нашых доблесных ратавальнікаў сёння, магчыма, і сам захоча папоўніць іх рады. Сапраўды, даведвацца пра бяспеку праз гульню было неймаверна цікава. Каля кожнай зоны актывацыі збіраліся групы малышоў, у якіх гарэлі вочы. Чаканне сваёй чаргі яны суправаджалі бурным абмеркаваннем таго, што цікавага яшчэ чакае іх наперадзе і як гэта, напэўна, складана — быць ратавальнікам.

Трэба сказаць, што смеласці нашым юным героям не займаць! Выпрабаванні брандспойтамі, дым-палаткай і цяжкімі бая­вымі касцюмамі нікога не напалохалі і былі пройдзены на выдатна. А трэніровачны манекен Гоша некалькі разоў быў выратаваны ад клінічнай смерці. Таму можна спаць спакойна: новае пакаленне ратавальнікаў ужо гатова прыйсці на дапамогу.

Сняжана СКАВІНСКАЯ,
педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 143.
Фота Любові ВЕНСЛАВОВІЧ.