Песенны матэрыял на ўроках англійскай мовы

Выкарыстанне песеннага матэрыялу дазваляе разнастаіць віды работы на ўроках англійскай мовы, падыходзіць для ўсіх этапаў заняткаў, дапамагае наладзіць міжпрадметныя сувязі

(з геаграфіяй, гісторыяй), вызначыць узровень сфарміраванасці камунікацыйных кампетэнцый, палепшыць вынікі вучэбнай дзейнасці, развіць творчыя здольнасці школьнікаў, павысіць матывацыю да прадмета, пашырыць лінгвістычны кругагляд, зняць псіхалагічны бар’ер у іншамоўным маўленні.

Выкарыстоўваючы песенны матэрыял у выкананні носьбітаў мовы, можна ўдасканаліць такія віды маўленчай дзейнасці, як успрыманне і ра­зуменне іншамоўнага маўлення на слых, чытанне, вымаўленне, дыялагічнае і маналагічнае маўленне. Песенны матэрыял актывізуе граматычныя канструкцыі, узбагачае слоўнікавы запас, удакладняе артыкуляцыю, інтанацыю і рытміку, развівае памяць, фарміруе ўстойлівыя веды пра культуру краін, мова якіх вывучаецца.

Я доўга шукала ўніверсальныя прыёмы і метады, якія можна выкарыстоўваць у навучанні ўсім відам маўленчай дзейнасці: гаварэнню, успрыманню і разуменню маўлення на слых, пісьмоваму маўленню, чытанню, апрацоўцы і замацаванню граматычных структур. Хацелася знайсці сродкі, аптымальныя для ўсіх этапаў урока. У рэшце рэшт выбар спыніўся на песенным матэрыяле, які валодае добрым матывацыйным і здароўезберагальным патэнцыялам.

Урок можна пачынаць з пасіўнага праслухоўвання песні і абмеркавання эмоцый, выкліканых мелодыяй. Песенны матэрыял падыходзіць таксама для фанетычнай зарадкі.

На этапе мэтапастаноўкі прапаную праслухаць урывак з песні і здагадацца, якая тэма заняткаў. На этапе рэлаксацыйнай паўзы вучні з задавальненнем спяваюць. Песні падбіраю па тэмах. Так, у рамках адной тэмы на працягу некалькіх урокаў вывучаецца адна песня. У выніку атрымліваецца не проста музычная паўза, а эфектыўны метадычны прыём, які пашырае лінгвістычны кругагляд вучняў і фарміруе ў іх сацыякультурныя кампетэнцыі.

Да песеннага матэрыялу звяртаюся таксама на этапе ўводзін, першаснага замацавання лексіка-граматычнага матэрыялу, рэфлексіі і ў канцы ўрока. Падчас работы з песнямі дзеці шмат разоў паўтараюць граматычныя канструкцыі ці выказванні па адной мадэлі ці ўспрыманні аднаго і таго ж слова. У такім выпадку шматразовае выкананне песні не ўспрымаецца як штучнае.

Песні павінны адпавядаць пэўным крытэрыям: быць актуальнымі, інфарматыўнымі і даступнымі (са знаёмымі словамі і выразамі), мець моўную і лінгвакраіназнаўчую каштоўнасць, невялікую колькасць новага моўнага матэрыялу і невялікі аб’ём, улічваць цікавасці вучняў пэўнай узроставай катэгорыі. Акрамя таго, падзяляю песенны матэрыял для вывучэння граматыкі і лексікі, а таксама для азнаямлення з культурай краін, мова якіх вывучаецца.

Песенны матэрыял асабліва эфектыўны пры вывучэнні граматыкі. Для гэтага падбіраю песні з энергічнай мелодыяй і простым тэкстам, які запамінаецца літаральна пасля першага праслухоўвання. Гэтыя песні можна выкарыстоўваць не толькі ў якасці вучэбных. Яны добра падыходзяць для пераключэння з аднаго віду дзейнасці на іншы ці для зняцця напружання.

Граматычныя структуры вывучаюцца ў кантэксце песні. Такім чынам фарміруецца пазнавальная ціка­васць да граматыкі англійскай мовы.

Дзякуючы выкарыстанню песеннага матэрыялу, палепшылася якасць лексіка-граматычных работ. Даволі часта, успамінаючы правіла ўтварэння пэўнага часу, займеннік ці правільную форму прыметніка, дзеці прыводзяць завучаныя фразы з песень.

Песенны матэрыял дапамагае засвоіць лексіку. З дапамогай аўтэнтычных песень лексіка па пэўнай тэме і фразы завучваюцца ў кантэксце песні і з’яўляюцца выдатным сродкам для адпрацоўкі рыт­му, інтанацыі і бегласці маўлення, а таксама для ўдасканалення вымаўлення. На аснове песеннай лексікі вучні будуюць вусныя выказванні, дыялогі, ролевыя гульні.

З дапамогай песень папулярных выканаўцаў можна азнаёміцца з культурай краін, мова якіх вывучаецца. Многія песні даўно выйшлі за нацыянальныя межы і сталі здабыткам сусветнай культуры. Сярод іх — песні групы The Beatles, Э.Прэслі, Стынга і інш. Выдатнай крыніцай песеннага матэрыялу з’яўляюцца англамоўныя мюзіклы Sound of music і Mary Poppins.

На адпрацоўку песні адводжу на ўроку не больш за 10 мінут. Работа з песенным матэрыялам падобная на работу над аўдзіраваннем. Прымяняю яе ў пэўнай паслядоўнасці. Першы этап — перадтэкставы — рыхтуе да ўспрымання тэксту, абуджае цікавасць да тэмы, знімае моўныя цяжкасці. На гэтым этапе выкарыстоўваю практыкаванні на пабудову асацыятыўных уяўленняў па назве і змесце песні, на апісанне фотаздымка пэўнага выканаўцы, на дапасаванне слоў і выразаў, песенную дыктоўку, чытанне хорам з паступовым выдаленнем фрагментаў тэксту, вуснае выказванне па спісе ключавых фраз, асацыяграму асноўных паняццяў і фраз па тэме, якой прысвечаны тэкст.

Другі этап — тэкставы. На ім вучні знаёмяцца з тэкстам песні (першае праслухоўванне) і імкнуцца ўсвядомлена зразумець яго (другое праслухоўванне). Падчас першага праслухоўвання практыкую праверку меркаванняў пра змест песні, яе тэму, ідэю, назву. Дапускаю праслухоўванне без папярэдняга знаёмства з тэкстам, бо ідэя, тон, эмоцыі і тэма музычнага твора ўсё роўна ўлоўліваюцца. Звяртаюся да практыкаванняў на пошук памылкі, лішняга слова ў тэксце, замену карцінкі словам.

Падчас другога праслухоўвання выкарыстоўваю практыкаванні на запаўненне пропускаў ці на ўжыванне дзеясловаў у правільнай трывальна-часавай форме, на падбор сінонімаў ці антонімаў да выдзеленых слоў. Практыкую завучванне песні з дапамогай прыёмаў Snowball, Chain, Order the line, а таксама спевы з дыктарам, спеваком ці ў рэжыме караоке.

Трэці этап — паслятэкставы. На ім удасканальваюцца навыкі гаварэння і фарміруецца гатоўнасць да камунікацыі. На гэтым этапе вучні самастойна выконваюць песню па ланцужку, удзельнічаюць у конкурсе на лепшае выкананне, апісваюць месца дзеяння песні і яе сюжэт, пішуць сцэнарыі па праслуханых песнях і сачыненні на аснове адной з фраз, ладзяць дыскусіі, круглыя сталы, ролевыя гульні, драматызацыі.

Пасля работы над аўдыяверсіяй звяртаюся да відэаверсіі. Практыкую прагляд без гуку, пасля чаго прапаную паразважаць пра песню, выканаўцу, мелодыю…

Заданні, накіраваныя на развіццё ўсіх відаў маўленчай дзейнасці і павышэнне вучэбнай матывацыі, робяць заняткі цікавымі і разнастайнымі. Выкарыстанне песень павышае актыўнасць вучняў і ператварае вывучэнне лексікі і граматыкі ў захапляючы працэс.

За 3 гады работы ў гэтым напрамку склала банк песеннага матэрыялу па тэмах вучэбнага дапаможніка для 7 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання (аўтары Н.В.Юхнель, А.Г.Навумава, Н.В.Дземчанка). У каталог песеннага матэрыялу, сістэматызаванага па тэмах, увайшлі 18 песень для вывучэння граматыкі, 17 тэматычных песень для вывучэння лексікі і 12 песень для азнаямлення з культурай краін, мова якіх вывучаецца. Сфарміраваць каталог дапамог электронны рэсурс http://englishfox.ru/category/songs.

Песенны матэрыял дазволіў паспяхова вырашыць вучэбныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы. Школьнікі асвоілі алгарытм работы з песняй і асноўныя спосабы пазнавальнай дзейнасці ў гэтым рэжыме, навучыліся вылучаць ключавыя словы і фразы з песні, згортваць і разгортваць тэкст, гаварыць дакладна, лагічна і звязна, самастойна складаць лагічнае выказванне, пераказваць, будаваць дыялог на аснове песеннага матэрыялу.

Песенны матэрыял па тэматыцы падручніка

UnitTopic of the unitSongSinger
1Appearance“What does she look like?” 
2ShoppingShopping Song (“Places in my town”), “Money” 
3Friendship“Help”,   “Count on me”The Beattles, Bruno Mars
4Sports“Olympic song for kids” Rio 2016 
5Travelling back in time“I like to travel”, “Over the rainbow” 
6Town and village“Going into town” 
 House“My House Song”, “Rooms in the house song”, “Where are you now?” 
7Travelling to world capitals“London Town song” 
8From Australia to Belarus“Kookabura sits in the old Gum tree”, “I’m Australian”, “I love Belarus”Anastasia Vinnikova
9English“Education”  Ed Sheeran

Песенны матэрыял па граматыцы

UnitGrammar topicSongSinger
1The Past Simple Tense“Stick-stuck-stuck” 
1Used to + infinitive“Cheburashka” 
1Adjective and Adverb“Lucky”Jason Mraz
2The Present Perfect Tense“Have you ever been to the Falls”, “What are little boys made of?”, “The beaches of Mexico”, “I still haven’t found what am I looking for”, “We are the champions”U2       Queen
2-3The Present Perfect Continuous Tense“Attention”Charlie Puth
4Gerund“Across the Universe”The Beatles
4Articles with sports and sports events“Olympic song for kids” Rio 2016 
4Present Simple PassivePassive Voice songRocking English
5Past Simple Passive“We Weren’t Born To Follow”Bon Jovi
U.7;L.1The Present Simple and The Present Continuous Tense“Where are you now?” 
U.7;L.4Speaking about Future“She’ll be coming round the mountain” 
7Tenses of the Active Voice“Counting stars”OneRepublic
U.8; L.1Conditionals 0-1“If you study, you will pass the test” 
U.8; L.5Types of questions“Rude”Magic
U.9; L.3Modals“Education”Bruno Mars

Песенны матэрыял для азнаямлення з культурай краін, мова якіх вывучаецца

ПесняВыканаўца
“Let it be”, “Yesterday”, “Lemon Tree”, “Yellow submarine”, “Help”The Beatles
“Don’t worry, be happy”Bob Marley
“Blue suede shoes”, “Rock-n-roll”, “Let’s twist again”Elvis Presley
“Favourite things”Musical “Sound of Music”
“A spoonful of sugar”, “Supercalifragilisticexpialidocious”, “ChimChimCheree”Musical “Marry Poppins”

Таццяна КЭЛКЭЙ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Лунінца.