Першыя крокі ў канструяванні

Вось ужо тры гады ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Чачэрска я вяду гурток па тэхнічным канструяванні для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп. Дзеці займаюцца з задавальненнем, выяўляючы творчую ініцыятыву і нестандартны падыход да справы.

Работу праводжу паэтапна, ад простага да складанага. Першапачаткова дзеці сярэдняй групы знаёмяцца з элементамі канструктараў рознага віду. У нас ёсць канструктар з аб’ёмных модуляў, блокі Дзьенеша, палачкі Кюізенера, драўляны канструктар, драўляны са штыфтамі, пластмасавы, магнітны. У выхаванцаў старшых груп вялікая цікавасць да металічнага канструктара, бо яго дэталі набліжаны да тых, якія яны бачаць у звычайным жыцці. Дарэчы, у пачатку кожных заняткаў мы з дзецьмі паўтараем правілы бяспечнага карыстання дэталямі.

У адпаведнасці з тэматыкай заняткаў паказваю дзецям прэзентацыю, знаёмлю з гісторыяй, цяперашнімі мадэлямі, новымі відамі канструктараў. Выхаванцы з дэталяў металічнага канструктара стварылі цэлую лінейку спецтранспарту: ваенны ўсюдыход, пад’ёмны кран, дзве пажарныя машыны і пажарны верталёт.

З канструктара Lego Education дзеці стварылі макеты цэлых комплексаў. Напрыклад, а­дзін з іх — “Аэрапорт” з узлётнай паласой, будынкам кіравання палётамі, вышкай, дзе знахо­дзіцца дыспетчарскі пункт, ангарам, паветранымі суднамі. Размяшчэнне аб’ектаў яны адлюстравалі ў схеме тэрыторыі аэрапорта. Хто і што будзе рабіць — дзеці дамаўляюцца ў самым пачатку.

На наступным этапе работы я выкарыстоўвала Lego Education “Мае першыя механізмы”. Дзеці пазнаёміліся з сістэмай узаемадзеяння дэталяў і спосабам дзеяння мадэляў. Так адбываецца знаёмства з механікай. Выхаванцы з задавальненнем гуляюць з электронным канструктарам. Тут вельмі важны і асноўны кампанент — электрычны ланцуг (без паяння, з клемамі). Дзеці чытаюць схемы, складаюць свае, аналізуюць вынікі.

Выхаванцы з задавальненнем рэалізавалі свае ідэі, гуляючы з робататэхнічным канструктарам Apitor. Канструкцыя збіраецца з прапанаванага набору Lego-дэталяў. Тут важна выконваць сістэму рухомага механізма. Першапачаткова мадэль збіраецца па схеме, аналізуецца. Далей знешні выгляд і прызначэнне канструкцыі можна відазмяняц­ь, захоўваючы пры гэтым сістэму рухомасці. Кіруецца мадэль андроідам. Канструктар Lego Education WeDо 2.0 таксама цікавы дзецям: шырокі выбар праектаў, даступная сістэма злучэння дэталяў, зручны выбар праграмы.

Дзецям падабаецца самапрэзентацыя сваіх пабудоў і мадэляў перад равеснікамі — гэта заўсёды новая інфармацыя, цікавыя  факты. Пры гэтым добра прасочваецца ўзровень развіцця маўлення кожнага выхаванца, а таксама  індывідуальнае мысленне, уяўленне, узровень валодання тэмай. Становіцца зразумела і тое, якое дзіця сарамлівае, негаваркое. Да канца навучальнага года такія дзеці раскрываюцца, часта здымаецца бар’ер няўпэўненасці.

Таццяна ДЗЕМІДЗЕНКА,
выхавальніца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Чачэрска.