Першакласныя ўмовыдля высокіх дасягненняў

Беларусь уваходзіць у лік тых краін, якія актыўна працуюць з ІТ-тэхналогіямі, і мы павінны гадаваць будучыя кадры. У полацкіх школьнікаў з’явілася магчымасць выконваць новыя тэхнічныя канструкцыі, элементы сучаснага праграмавання, займацца стварэннем робатаў у сучасных умовах.

Новая лабараторыя па робататэхніцы і праграмаванні працуе на базе аддзела інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Ужо не першы год аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага кірунку збіраюць энергічных, творчых, захопленых дзяцей, здольных асвойваць самыя складаныя камп’ютарныя тэхналогіі і ствараць самыя незвычайныя праекты, дасягаць высокіх вынікаў у тэхнасвеце.

Сучаснае абсталяванне дазваляе арганізаваць праектную дзейнасць, правядзенне эксперыментаў і стварэнне праграм кіравання на занятках у гуртках “LEGO-тэхнік” і “ROBO-тэхніка” (педагогі Васіліна Брыль і Мікалай Камароў). За час існавання гэтых аб’яднанняў навучэнцы заваявалі шэраг узнагарод на спаборніцтвах рознага ўзроўню ў Пінску, Мінску, Гомелі і іншых гарадах краіны. У планах аддзела — арганізацыя турніру па робататэхніцы падчас святкавання Дня горада, а таксама майстар-класы, семінары для педагогаў дадатковай адукацыі на базе лабараторыі.

Ягор ПАДОЛЬСКІ,
загадчык аддзела інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.