Ці можа вучань стаць прафесарам для самога сябе? Адказ на гэтае незвычайнае пытанне гомельскія настаўнікі атрымалі падчас інавацыйнага вучэбнага семінара для настаўнікаў матэматыкі, які правяла па запрашэнні факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання, а таксама факультэта педагогікі і псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны доктар філасофіі з Ізраіля Ганна Прусак.
Ганна Прусак — выпускніца Гомельскага дзяржуніверсітэта, сёння яна з’яўляецца прафесарам двух ізраільскіх педагагічных каледжаў, выкладае матэматыку, методыку выкладання матэматыкі, методыку развіцця матэматычнага мыслення і творчасці навучэнцаў і настаўнікаў, вядзе курсы педагагічнага майстэрства, курсы па навучанні настаўнікаў даследчай рабоце ў галіне матэматычнай адукацыі і выхавання. Семінар, які вучоны правяла ў Гомелі, ужо апрабаваны на яе радзіме — у Ізраілі, а таксама некаторых гарадах Расіі. Сутнасць мерапрыемства заключаецца ў знаёмстве з аўтарскім дыдактычным інструментам пад назвай “Перапіска з прафесарам”. Інструмент таксама быў прадстаўлены на навуковых канферэнцыях, якія праходзілі ў Ізраілі, і на XVII Міжнародных чытаннях памяці Л.С.Выгоцкага “Культурна-гістарычная псіхалогія: ад навуковай рэвалюцыі да пераўтварэння сацыяльных практык” у Маскве.
— Тэарэтыка-метадалагічную аснову дыдактычнага інструмента “Перапіска з прафесарам” складае канцэпцыя культурна-гістарычнага развіцця вышэйшых псіхічных функцый выдатнага айчыннага псіхолага Л.С.Выгоцкага, — тлумачыць Ганна Прусак. — Тэхналогія ж вытокамі сваімі сягае ў распрацоўкі Дж.Грэя — аўтара кнігі “Мужчыны з Марса, жанчыны з Венеры”, якая стала бестселерам у 90-х гадах мінулага стагоддзя і не страціла сваёй актуальнасці.
Дыдактычны інструмент створаны для таго, каб дапамагчы вучням лепш выяўляць свае цяжкасці ў вучобе і пераадольваць іх. Гэта могуць быць праблемы, звязаныя з выкананнем дамашняга задання, падрыхтоўкай да кантрольнай работы і яе рашэння, са зместам вучэбнага матэрыялу і іншыя.
Аўтар методыкі звяртае ўвагу, што задача настаўніка не ў тым, каб проста перадаваць веды, а ствараць фундамент асобы.
— Не ўсе складанасці з матэматыкай ці якім іншым школьным прадметам можна пераадолець пры дапамозе гэтага інструмента, — гаворыць Ганна Прусак. — Аднак пры яго дапамозе ствараецца фундамент асобы, у якой будзе адкуль браць сілы, каб спраўляцца не толькі з матэматыкай, але і з жыццёвымі цяжкасцямі наогул.
Існуюць два найбольш распаўсюджаныя падыходы да выкладання: традыцыйны, ці, як яго яшчэ называюць, гідраўлічны, дзе настаўнік проста пералівае веды вучню, і канструктыўны, калі настаўнік забяспечвае вучня пэўным інструментам, а той сам канструюе свае веды. Апошні падыход не толькі больш дзейсны, але і найлепш упісваецца ў патрабаванні часу. Згадзіцеся: сёння дзецям хочацца бачыць не проста настаўніка-перадатчыка — яны мараць бачыць у настаўніку аднадумца.
Семінар мае вялікую практычную накіраванасць. Па-першае, Г.Прусак прадэманстравала ў прэзентацыі вынікі прымянення тэхналогіі “Перапіска з прафесарам” у ізраільскіх адукацыйных установах. Па-другое, правяла практыкумы, накіраваныя на знаёмства з тэхналогіяй і яе кампанентамі, пры гэтым настаўнікі апрабавалі выкарыстанне інструмента ў дачыненні да сябе. Педагогам гомельскіх школ прыйшлося добра папрацаваць на семінары: на працягу першага дня яны запаўнялі анкеты, адказвалі на пытанні, выказвалі свае думкі, і, нарэшце, інструмент быў апрабаваны ў школьных класах. Заняткі-даследаванні праводзіліся ўдзельнікамі семінара на другі дзень, што дазволіла настаўнікам не толькі ўспрыняць атрыманыя веды, але і больш дэталёва разабрацца ў сутнасці дыдактычнага інструмента, намаляваць свой заўтрашні ўрок-даследаванне з прымяненнем гэтага інструмента.
На незвычайны семінар прыйшлі не толькі настаўнікі матэматыкі ці інфарматыкі. Гісторыкі, фізікі і выкладчыкі іншых прадметаў таксама выказалі жаданне павучыцца вучыць сваіх выхаванцаў. Дыдактычны інструмент створаны вучоным-матэматыкам, аднак можа быць выкарыстаны і для выяўлення і пераадольвання цяжкасцей, звязаных з рознымі дысцыплінамі, і нават цяжкасцей у выхаваўчай рабоце з дзецьмі. Сярод удзельнікаў семінара былі таксама дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Сяргей Жогаль, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і навучання замежных студэнтаў Аляксандр Васільеў, метадыст па матэматыцы, гісторыі і грамадазнаўстве гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Чванькова, дырэктар гомельскай сярэдняй школы № 8 Нона Дубініна.
— Практычная значнасць семінара ў тым, што яго ўдзельнікі атрымалі веды аб развіцці прадукцыйнай рэфлексіўнасці сваіх вучняў, карыснай для іх самаарганізацыі пры выкананні дамашніх заданняў, а таксама для папярэджання самаізаляцыі, розных залежнасцей, схільнасці да пастаяннага адкладвання важных спраў, якое прыводзіць да жыццёвых праблем, — пракаменціравала Валянціна Чванькова.
— Маладому чалавеку сёння, як ніколі раней, неабходна ўмець асэнсоўваць свае адносіны з сацыяльна-прадметным светам, клапаціцца пра развіццё сябе і свайго жыцця, — дзеліцца думкамі прафесар Аляксандр Васільеў. — Навучыць гэтаму могуць не толькі бацькі, тут вялікая роля і настаўніка. Якраз у гэтым сутнасць практыка-арыентаванага семінара.
Другі дзень мерапрыемства праходзіў ва ўстановах адукацыі абласнога цэнтра, у якіх працуюць удзельнікі семінара. На гэты раз заданні выконвалі вучні розных класаў, пасля чаго настаўнікам неабходна было прааналізаваць і апрацаваць дадзеныя тэксты, а таксама запоўніць рэфлексіўную анкету па выніках выкарыстання дыдактычнага інструмента ў класе. Завяршылася праца круглым сталом, дзе педагогі разам з аўтарам абмяркоўвалі прымяненне інструмента, дзяліліся вопытам. Яны прыйшлі да высновы, што інструмент “Перапіска з прафесарам” дае магчымасць зразумець прычыны цяжкасцей вучняў. Прымяняючы яго, настаўнікі могуць дапамагчы кожнаму вучню індывідуальна справіцца з яго праблемамі.
Магчыма, хутка гомельскія педагогі, якія апрабавалі цікавую тэхналогію і паспрабуюць прымяняць яе далей у рабоце з навучэнцамі, падзеляцца сваімі вынікамі, тым больш што ўсе ўдзельнікі семінара атрымалі сертыфікат, які дае эксклюзіўнае права на прымяненне тэхналагічнага інструмента “Перапіска з прафесарам”. А найбольш актыўныя настаўнікі запрошаны паўдзельнічаць у міжнародным даследчым праекце “Тэхналогія развіцця рэфлексіўнага мыслення навучэнцаў пра дапамозе дыдактычнага інструмента “Перапіска з прафесарам”.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.