Перамога над гаджэтамі

У век інфармацыйных тэхналогій рызыка страціць жывыя зносіны адно з адным вельмі высокая. Тым больш гэта тычыцца ўзаемадзеяння навучэнцаў і педагогаў. Але мы, настаўнікі сярэдняй школы № 12 Мазыра, у пэўным сэнсе атрымалі перамогу над гаджэтамі.

Усё пачалося прыкладна пяць гадоў назад. У рамках падрыхтоўкі да круглагадовай спартакіяды сярод педагагічных калектываў першыя энтузіясты-педагогі сталі прыходзіць па пятніцах у спартыўную залу і трэніравацца гуляць у валейбол. 

Гэта былі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, інжынер-праграміст, настаўнік-дэфектолаг, настаўнік пачатковых класаў, выхавальнік групы прадоўжанага дня, настаўнік тэхнічнай працы і настаўнікі фізкультуры. Пачала фарміравацца каманда, але саперніка не было. Мы гулялі са старшакласнікамі, якія прыходзілі ў спартзалу паганяць мяч.

Вельмі нясмела ішло наша збліжэнне. Усё-такі бар’ер настаўнік — вучань існуе. Але настаў момант, калі дзеці пачалі пытацца: “А вы будзеце ў пятніцу? Прыходзьце! З вамі куды цікавей!” Ну, хіба не бальзам для душы?! Настаўніцкая каманда таксама жыла ў чаканні сустрэчы з нашымі юнакамі і дзяўчатамі ў нефармальнай атмасферы.

Дзіўная справа: здаецца, што да вечара пятніцы няма ўжо ніякіх сіл, але ў спартзалу цягне неадольна. Там мы рады адно аднаму. І яшчэ назіранне. Якія далікатныя становяцца школьнікі падчас гульні з намі, педагогамі. Яны не гуляюць рэзка і агрэсіўна, сышла ненарматыўная лексіка, якой, на жаль, грашаць нашы падлеткі.

Атрымліваецца, мы выдатна дапаўняем адно аднаго. Зразумела, склады каманд увесь час мяняюцца. Сыходзяць нашы дзеці са школы ў дарослае жыццё, але сарафаннае радыё працуе, і тых, хто хоча іх замяніць, заўсёды хапае. А калі прыходзіць гуляць у валейбол дырэктар школы Канстанцін Іванавіч Хамутоўскі, то тады ў спартыўнай зале аншлаг.

Галіна БАЛІНА, 
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 12 Мазыра.