Пераемнасць пакаленняў

Рэалізацыя міжведамаснага праекта “Рэсурсны цэнтр па захаванні здароўя навучэнцаў” у сярэдняй школе № 57 Гомеля пачалася ў верасні 2018 года, і ўжо летась наша ўстанова атрымала статус “Школа здароўя”. Дзякуючы развітой фізкультурна-спартыўнай базе школы, дзеці круглы год займаюцца плаваннем, цяжкай атлетыкай, футболам, баскетболам, валейболам, настольным тэнісам, веласпортам.

Мерапрыемствы, якія мы праводзім разам з Гомельскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікай, Гомельскім абласным наркалагічным дыспансерам, студэнтамі-валанцёрамі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, медыцынскага кале­джа і іншымі арганізацыямі, робяць значны ўклад у фарміраванне ўсвядомленага стаўлення да свайго здароўя, у фарміраванне здаровага ладу жыцця навучэнцаў сумесна з іх законнымі прадстаўнікамі.

У школе адкрыты тры спартыўныя класы. Дзеці дасягаюць вяршынь ужо сёння. Яны з’яўляюцца прызёрамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па плаванні і цяжкай атлетыцы. Так, вучаніца 5 класа Уладзіслава Зырко стала прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па плаванні “Залатая рыбка”.

Школьнікам ёсць з каго браць прыклад мэтанакіраванай работы над сабой. Выпускніца нашай школы, чэмпіёнка свету па сучасным пяціборстве, заслужаны майстар спорту, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па пяціборстве Вольга Сілкіна пабывала ў роднай школе, сустрэлася з вучнямі спартыўных класаў. Ужо вельмі хутка Вольга будзе прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Між тым Вольга прызналася, што вялікі спорт для яе пачаўся з басейна:

— Навучыцца добра плаваць — гэта было самае складанае для мяне. Нават з верхавой яздой прасцей. Да таго ж плаваць усе пачынаюць рана: класе ў трэцім-чацвёртым. А ў пяціборства я прыйшла толькі ў 9-м. Прычым на той момант наогул не ведала, што ёсць такі від спорту.

Аповед чэмпіёнкі свету юныя спартсмены школы слухалі вельмі ўважліва. Вольга падкрэсліла, што ў любой справе важныя настойлівасць і сіла духу, імкненне да перамогі. Мноства пытанняў, працяглая фотасесія, пажаданні поспехаў на Алімпійскіх гульнях, — так закончылася сустрэча з чэмпіёнкай.

Дзеці будуць вельмі рады бачыць Вольгу Сілкіну ў нашай установе незалежна ад яе далейшых поспехаў, бо яна ўжо ўпісала сваё імя ў вялікі спорт краіны. У спорце, як і ў любой справе, важная пераемнасць пакаленняў: старэйшы вучыць малодшага ўсяму, што ўмее сам. Імкнецца зрабіць яшчэ лепш, бо настаўнік працягваецца ў сваім вучні.

Дзмітрый ЦЫБІЗАЎ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце;
Алег РАЛАВЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля.