Педагог–настаўнік для маладога спецыяліста

Сучаснай школе патрэбен прафесійны, кампетэнтны, самастойны педагог. Але практыка паказвае, што нават пры даволі высокім узроўні гатоўнасці да педагагічнай дзейнасці асобасная і прафесійная адаптацыя маладога настаўніка можа працякаць доўга і складана. Уваходжанне ў новую дзейнасць суправаджаецца высокім эмацыянальным напружаннем. У гэты момант маладому спецыялісту неабходна атрымаць падтрымку дасведчанага педагога-настаўніка.

Малады спецыяліст настаўніца беларускай мовы і літаратуры К.Г.Маркевіч і Т.В.Лойша — настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 41 Гродна.

Маладыя педагогі з першага дня маюць тыя ж абавязкі і нясуць адказнасць, што і вопытныя настаўнікі, а вучні і іх бацькі, калегі, адміністрацыя чакаюць ад іх такога ж бездакорнага прафесіяналізму. Зразумела, што адразу ўсё на самым высокім узроўні ў маладога спецыяліста не атрымаецца, таму яму з самага пачатку патрэбна дапамога. Такім памочнікам становіцца замацаваны педагог у рамках школьнай сістэмы настаўніцтва.

Быць адказным за маладога спецыяліста, стаць яго настаўнікам — гэта адначасова і ганарова, і складана. Ганарова, бо настаўнік — гэта той чалавек, які дапамагае, у прыватнасці, і асабістым прыкладам, раскрыццю прафесійнага патэнцыялу, развіццю агульнакультурнага і прафесійнага кругагляду, творчых здольнасцей і прафесійнага майстэрства маладога педагога, выхоўвае патрэбу ў самаадукацыі і павышэнні кваліфікацыі. Складана, бо настаўнік павінен навучыць маладога калегу пераадольваць штодзённыя праблемы і цяжкасці, садзейнічаць пошуку новых метадаў, форм, ідэй навучання і выхавання.

У рабоце з маладым спецыялістам павінна быць дакладная сістэма. На пачатковым этапе вызначаюцца мэта і задачы. Асноўнай мэтай з’яўляецца аказанне практычнай дапамогі настаўніку для развіцця прафесійных
уменняў і навыкаў. Ставяцца канкрэтныя задачы, звязаныя з  прывіццём цікавасці да педагагічнай дзейнасці, фарміраваннем матывацыі да паспяховага засваення прафесіі, аказаннем метадычнай дапамогі ў павышэнні агульнадыдактычнага і метадычнага ўзроўню арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, развіццём творчага патэнцыялу, стварэннем умоў для фарміравання індывідуальнага стылю творчай дзейнасці маладога педагога, работай над стварэннем спрыяльнага мікраклімату для адаптацыі ў калектыве.

У план настаўніцтва павінны ўваходзіць мерапрыемствы па планаванні, арганізацыі і змесце дзейнасці. Ажыццяўляюцца розныя формы і метады работы, у тым ліку кансультацыі, узаеманаведванне ўрокаў, самаадукацыя, гутаркі па вызначаных тэмах, анкетаванне; вядзецца пастаянная работа з нарматыўнай дакументацыяй.

Значная дапамога педагога-настаўніка заключаецца ў вывучэнні плана выхаваўчай работы школы і яго складанні для свайго класа, падрыхтоўцы да адкрытага ўрока маладым спецыялістам і рабоце над тэмай па самаадукацыі. Пры выбары тэмы па самаадукацыі неабходна прапанаваць маладому педагогу магчымы спіс тэм і на працягу навучальнага года перыядычна правяраць работу ў гэтым кірунку.

Педагог-настаўнік павінен абавязкова праводзіць кансультацыі з маладым спецыялістам па пытаннях узроставых асаблівасцей школьнікаў, арганізоўваць практыкумы/дыскусіі/трэнінгі на важныя тэмы. Напрыклад, “Трыадзіная мэта ўрока і яе вынік”, “Патрабаванні да аналізу ўрока і дзейнасці настаўніка на ўроку. Тыпы, віды, формы ўрока”, “Методыка правядзення класнай і інфармацыйнай гадзіны”, “Сучасны ўрок і яго арганізацыя. Выкарыстанне сучасных педагагічных тэхналогій”, “Як працаваць з вучнёўскімі сшыткамі”, “Формы і метады работы на ўроку. Сістэма апытання вучняў”, “Метады актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў”, “Арганізацыя работы з матываванымі і непаспяваючымі вучнямі”, “Дамашняе заданне: як, колькі, калі”, “Цяжкая сітуацыя на ўроку і выхад з яе; аналіз педагагічных сітуацый; аналіз розных стыляў педагагічных зносін” і інш.

Педагог-настаўнік пастаянна аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы да ўрокаў і іх правядзенні, складанні паўрочных планаў. Перыядычна ён праводзіць кантроль за вядзеннем класнага журнала, дае рэкамендацыі і заўвагі. Ён павінен садзейнічаць актыўнаму ўдзелу маладога спецыяліста ў агульнашкольных мерапрыемствах, наведванні майстар-класаў і адкрытых урокаў калег, конкурсах і фестывалях. Знаёмства з новымі інфармацыйнымі платформамі, такімі як ZOOM, Discort, LearningApps, Google-прэзентацыі, тэсты ў Google-форме, паспрыяюць развіццю інфармацыйна-камп’ютарных кампетэнцый. 

Сёння многія конкурсы праходзяць у дыстанцыйнай форме. У маладых спецыялістаў разам са сваім педагогам-настаўнікам таксама ёсць магчымасць прыняць у іх уд зел. Напрыклад, міжнародны фестываль педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”, арганізатарам якога з’яўляецца Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Сучасная школа зацікаўлена ў маладых настаўніках. Каб малады спецыяліст мог напаўняць свае ўрокі новымі формамі і метадамі, цікавымі для вучняў, імкнуўся толькі наперад, смела пераадольваючы ўсе цяжкасці і выпрабаванні, патрэбна дапамога і падтрымка ўсёй школьнай сістэмы.

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 41 Гродна.