Педагог на ўсё жыццё

Сёння маладыя педагогі могуць кожныя два-тры гады мяняць месца працы. А вось Ганна Васільеўна Аднаурава, выкладчыца спецдысцыплін у Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну, аддала педагагічнай дзейнасці палову стагоддзя. Зразумела, ёй ёсць чым падзяліцца з калегамі.

— Вырасла я ў мнагадзетнай сям’і — нас было чацвёра дзяцей, — успамінае Ганна Васільеўна. — З самага маленства нас прывучылі шчыра, глыбока паважаць педагога, ці, як раней яго называлі, народнага настаўніка. Калі да нас прыходзіў настаўнік пачатковых класаў, мы амаль што кланяліся яму, бо бацькі вельмі паважалі людзей гэтай прафесіі. Яшчэ тады я вырашыла для сябе, што хачу быць педагогам.
Ганна вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Педагогіка і методыка пачатковай адукацыі”. Дзяўчына не проста так выбрала гэтую спецыяльнасць: менавіта настаўнікі пачатковых класаў у дзяцінстве яе вельмі ўразілі. У вёсцы, дзе жыла Ганна, была малакамплектная школа. У класе стаялі два рады парт: на першым сядзелі першакласнікі, на другім — трэцякласнікі. У другую змену прыходзілі вучні другога і чацвёртага класаў, а вучыў усіх адзін настаўнік. І для яе гэты педагог быў Чалавекам з вялікай літары. Можа, тады Ганна і зразумела сутнасць педагагічнай прафесіі.

— Пасля інстытута мяне накіравалі ў школу-інтэрнат у вёску Вярэйкі Ваўкавыскага раёна, — расказвае мая суразмоўца. — Там вучыліся дзеці з няпоўных сем’яў, вельмі складаныя, часта прыходзілася іх шукаць па лесе. Але я спраўлялася. Праз год я перайшла ў Індурскую сярэднюю школу Гродзенскага раёна і пачала працаваць там… настаўніцай матэматыкі. Да гэтага часу я вучылася завочна на матэматычным аддзяленні Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Тут няма нічога незвычайнага — проста я заўсёды любіла матэматыку, вось і пайшла па гэтай сцяжынцы. Так склалася жыццё, што мне давялося працаваць настаўніцай матэматыкі яшчэ і ў Калінінградзе, там жа — і арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы.

Ганна Васільеўна лічыць, што яе своеасаблівая карма — час ад часу мяняць педагагічны профіль. У 1986 годзе была прынята пастанова ЦК КПСС аб інфарматызацыі адукацыі. Тады Г.В.Аднаурава ўжо працавала ў Гродзенскім каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну (на той час ён называўся прафесійна-тэхнічным вучылішчам № 120 тэкстыльшчыкаў). Тут хапала маладых педагогаў матэматыкі, а ёй ужо было 42… Таму дырэктар паставіў пытанне: або яна перавучваецца на педагога асноў інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі, або… Самі ведаеце, што гавораць у такіх выпадках. Канечне, Ганна Васільеўна вырашыла асвоіць новы кірунак. Цяжка было, бо на той час яшчэ ніхто нічога не ведаў і не ўмеў, не было нават машын. Першая машына ва ўстанову прыйшла з Масквы. Яна была на мове праграмавання, якую ніхто не ведаў. І якое можа быць праграмаванне, калі ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 120 тэкстыльшчыкаў былі толькі тэкстыльнае і швейнае аддзяленні? На самастойнае вывучэнне прадмета педагог патраціла ўвесь свой чарговы адпачынак. І асвоіла.

Тэхналогіі сёння мяняюцца вельмі хутка. Пытаюся ў педагога, ці лёгка даецца навучанне па новай тэхніцы?
— Я ўжо звыклася з абнаўленнямі, — адказвае Ганна Васільеўна. — Самаадукацыя ў мяне ніколі не спыняецца. Магу пасядзець з кнігамі, у інтэрнэце нешта пачытаць, парашаць задачы.
Дарэчы, інфармацыйна-эканамічнае аддзяленне ў каледжы стварала менавіта Ганна Васільеўна, і ў гэтым годзе яму спаўняецца 20 гадоў. Калісьці каледж рыхтаваў кадры для вялікага прадпрыемства. А калі яно спыніла работу, падрыхтаваныя кадры сталі нікому не патрэбнымі. Сталі шукаць выйсце. Шукалі нешта новае, тое, чаго яшчэ няма ні ў кога і што можна будзе рухаць наперад. Пачалі з паездак ва ўстановы адукацыі і даехалі аж да Цюмені. І прыйшлі да высновы, што менавіта такое аддзяленне патрэбна ў каледжы. Так і звязала наша гераіня сваё жыццё з тэхналогіямі і інфарматыкай.
Пытаюся ў маёй суразмоўцы, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік?
— Педагог павінен быць прыкладам адказнасці для сваіх навучэнцаў. Нельга навучыць дзяцей быць адказнымі, акуратнымі, вернымі свайму слову, калі ты сам гэтага не ведаеш і не выконваеш. Я за 50 гадоў ніводнага разу не спазнілася на заняткі. Гэта ж сорамна — спазніцца на заняткі. Педагог павінен быць адказным і неабыякавым. Якімі б навучэнцы ні былі, іх трэба любіць. Часам я бываю жорсткай, разбэшчанным дзецям, якія толькі прыйшлі са школы, цяжка са мной. Але потым мы заўсёды становімся сябрамі. Праз гады мы не страчваем сувязі. З многімі я перапісваюся, і многія мяне наведваюць, — дзеліцца Г.В.Аднаурава.

Ганна Васільеўна засмучана, што некаторыя сённяшнія педагогі не ведаюць многіх рэчаў, правіл, не маюць прынцыпаў. “Баюся, што некалі спраўдзяцца прагнозы сацыёлагаў, што мы будзем мець пакаленне дзікуноў з ноўтбукамі, — працягвае яна. — Губляецца шырыня кругагляду. Многія людзі не адрозніваюць дабро ад зла. Няма сістэмы каштоўнасцей. Гэта мяне прыгнятае, але я не губляю надзею, стараюся дзяцей прывучаць да іншага”.
Думаецца, маладым педагогам ёсць што пераняць у Ганны Васільеўны Аднауравай. Яна, напрыклад, стараецца на занятках ставіць якую-небудзь праблему, зацікавіць навучэнцаў, каб тыя самі прыйшлі да высновы. І хваліць навучэнцаў за кожнае іх выказванне, бо так яны разумеюць, што іх разважанні могуць да нечага прывесці. Так навучэнцам хочацца працаваць, яны могуць нават гаварыць усё, што прыйдзе ў галаву, але яны думаюць і не спяць на занятках. А яшчэ выкладчыца ніколі не адмаўляе навучэнцам у кансультацыі. Яны ведаюць, што за паўгадзіны да заняткаў яе заўсёды можна знайсці ў аўдыторыі.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.