Пазлы як сродак павышэння матывацыі малодшых школьнікаў

Як павысіць вучэбную матывацыю малодшых школьнікаў, каб іх навучанне было паспяховым не толькі на І ступені навучання, але і ў далейшай вучобе? Такую праблему даводзіцца вырашаць настаўнікам, таму што менавіта ў гэты перыяд школьнага жыцця вучэбная дзейнасць становіцца вядучай, і трэба стварыць перадумовы фарміравання матывацыі, а да канца пачатковых класаў, па словах Г.І.Шчукінай, “зрабіць яе ўстойлівым асобасным утварэннем вучня”.

У аснове матывацыі, звязанай са зместам і працэсам навучання, ляжыць пазнавальная патрэба ў знешніх уражаннях і актыўнасці. Гэтыя матывы вучэбнай дзейнасці звязаны з авалоданнем перш за ўсё спосабамі дзейнасці.

На мой погляд, найлепшым спосабам фарміравання пазнавальных матываў з’яўляюцца пазлы. Пазлы (ад англ. jigsaw puzzle) — гульня-галаваломка, што ўяўляе сабой мазаіку, якую трэба скласці з фрагментаў малюнка рознай формы. На думку псіхолагаў, збіранне пазлаў спрыяе развіццю вобразнага і лагічнага мыслення, адвольнай увагі, успрымання, дробнай маторыкі, вучыць правільна разумець сувязь паміж часткай і цэлым.

Так, развіццёвую задачу ўрока з дапамогай пазлаў можна рэалізаваць на 100%, але як жа зрабіць так, каб яны служылі не толькі гульнёй? Распрацавала ўрокі з прымяненнем пазлаў, пазл-урокі, выхаваўчыя і метадычныя мерапрыемствы з іх выкарыстаннем.

Пазлы класіфікуюць па памеры, матэрыялах, форме, колькасці частак. Як вядома, пазл можа мець ад 4 да некалькіх тысяч дэталей. Галоўнае — нельга блытаць сюжэтныя карцінкі і пазлы: у адрозненне ад разразных карцінак пазлы маюць фігурны разрэз.

На ўроках папяровыя фігуркі прымяняюць на розных этапах пачынаючы з 1 класа. Напрыклад, зрабіла лінейныя пазлы, мадыфікаваўшы матэматычнае лато. Важна, каб усе пазлы мелі аднолькавыя фігурныя разрэзы, каб выключыць просты падбор дэталей. Для стварэння спатрэбілася камп’ютарная раздрукоўка прыкладаў, якія наклейваюцца клеем-алоўкам на лісты А4 фаамірану і затым выразаюцца. Напрыклад, на этапе замацавання атрыманных ведаў, уменняў, навыкаў па тэме “Склад ліку 10” (1 клас) выкарыстоўваю вертыкальныя пазлы-прыклады, у якіх фрагментаў-адказаў больш, чым прыкладаў, каб выключыць угадванне метадам выключэння.

Аналагічна можна працаваць з лінейнымі гарызантальнымі пазламі.

Пры вывучэнні тэмы “Ефрасіння Полацкая” (4 клас) на этапе ўвядзення ў тэму навучэнцы атрымліваюц­ь заданне: пазнаць гістарычных асоб і размясціць іх у храналагічнай паслядоўнасці (4 пазлы). Правільнасць выканання абмяркоўваецца калектыўна. Затым прымацоўваецца пазл з выявай Прадславы і паведамляецца, што на ўроку пазнаёмімся з “незвядальнай кветкай райскага саду; арлом, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ў­сходу, як прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую”, унучкай Усяслава Чарадзея — Ефрасінняй Полацкай.

Замест карцінак на пазлах можна зрабіць і надпісы, напрыклад:

· гістарычныя дзеянні (Грунвальдская бітва, бітва на Нямізе, будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку, выраб Крыжа Ефрасінні Полацкай і г.д.);

· развіццё падзей у творах;

· паслядоўнасць выканання пейзажа і г.д.

Акрамя лінейных пазлаў, на ўроках выкарыстоўваю квадратныя і прамавугольныя пазлы.

Напрыклад, на ўроку музыкі (4 клас) па тэме “Беларускія музычныя інструменты” на этапе замацавання атрыманых ведаў, уменняў, навыкаў клас дзялю на тры групы, кожная з якіх атрымлівае канверт з часткамі пазла. Задача: скласці карцінку, пазнаць музычны інструмент, вызначыць, да якой групы адносіцца (струнны, духавы, ударны), расказаць, што пра гэты інструмент запомнілі.

У якасці карцінак могуць быць і героі твораў, і сказы (тэксты), якія суадносяцца з тэмай урока.

Пры выкарыстанні пазлаў на пэўным этапе ўрока можна ранжыраваць часткі пазла і па колеры (“каляровыя пазлы”), калі гэта не цэласная выява. Так, напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Тыпы тэксту” (3 клас) суадносіны па колеры частак паказваюць, што асноўная частка ў кожным тыпе тэксту з­аўсёды большая, чым пачатак і заключная частка. У гэтым выпадку навучэнцы робяць выснову аб правільнай структуры тэкстаў.

Урок — гэта своеасаблівы пазл, які складаецца з паслядоўна размешчаных частак — этапаў. Толькі правільна сабраўшы асобныя часткі, можна атрымаць цэласную карцінку. Каб сфарміраваць станоўчы матыў у навучанні, развіваць імкненне пра штосьці даведвацца, неабходна, каб прамежак часу, што мае часавыя рамкі (35—45 мінут) змяшчаў пэўную загадку, нераскрытую тайну. Менавіта такой разгадкай і з’яўляецца пазл, які можна “пакласці” на любую структуру ўрока (камбінаваны, атрымання новых ведаў, урок замацавання, урок абагульнення і г.д.). Зыходзячы з гэтага, ствараю і праводжу ўрокі-пазлы. Цікава, што пры правядзенні такіх урокаў напісанне ў навучэнцаў творчых работ (сачыненняў, пераказаў) не выклікае цяжкасцей.

Але якую б са структур урока, апісаную ў дыдактыцы, ні разглядалі, абавязковай часткай з’яўляецца этап аб’яўлення тэмы, пастаноўкі мэты і задач урока. Менавіта з гэтага моманту паведамляецца аб выкарыстанні пазла на ўроку, таму што першарадная задача па фарміраванні матываў навучання заключаецца ў тым, каб выклікаць у навучэнцаў цікавасць, інтрыгу, цікаўнасць — прычыну пазнавальнай цікавасці.

Важна, каб колькасць частак у пазле супадала з колькасцю заданняў. Пры правядзенні рэфлексіі часткі складваюцца ў адзінае цэлае, карцінка якога павінна адпавядац­ь тэме і адлюстроўваць галоўную думку ўсяго ўрока. Каб у навучэнцаў з’явіўся стымул актыўней працаваць, хутчэй разгадаць “загадку” (даведацца, што выяўлена, напісана на пазле) мэтазгодна да канца ўрока прымацоўваць (ззаду — магнітная стужка) “заробленыя” часткі на дошцы ў хаатычным парадку. Выява павінна ствараць эфект нечаканасці. Навучэнцам трэба разгадаць галаваломку: патлумачыць, як атрыманы пазл суадносіцца з тэмай урока. Гэта можа быць штосьці такое, пра што не згадвалася на ўроку або гаварылася між іншым.

Напрыклад, на этапе падвядзення вынікаў па тэме “Орган зроку” (3 клас) навучэнцам прапануецца скласці на дош­цы пазл з атрыманых за ўрок частак. Паведамляецца, што гэта карціна вядомага рускага мастака Івана Крамскога “Невядомая” (“Незнаёмка”). Далей стаўлю праблемнае пытанне: “Падумайце, якое дачыненне гэты твор мастацтва можа мець да тэмы ўрока?” (Версіі школьнікаў.) Прапаную некалькім навучэнцам выйсці, стаць каля дзвярэй, паглядзець на карціну.

— Куды глядзіць дзяўчына з карціны? (Адказ вучняў адназначны: “На нас”.) Апішыце дзяўчыну.

Затым гэтыя ж вучні пераходзяць да акна. Тое ж пытанне. І зноў той жа адказ. Дзеянні паўтараюцца пры праглядзе карціны прама. Зноў апісваюць.

— Якую можна зрабіць выснову? (З якога б мы боку ні глядзелі, дзяўчына пастаянна глядзіць на нас, але позірк атрымліваецца розным, тым самым раскрываючы розныя яе рысы.) Якая выснова адносна тэмы ўрока напрошваецца? (Вочы ўсё бачаць. Вочы — люстэрка душы.)

Пры стварэнні пазлаў можна выкарыстоўваць сетку-шаблон з інтэрнэту шляхам накладвання, але часта няма шаблонаў з патрэбнай колькасцю. Для гэтага сама адвольна разразаю выяву, ствараючы няроўныя фігурныя краі.

Акрамя плоскасных пазлаў у праграме Microsoft Office Power Point ствараю і аніміраваныя пазлы двума спосабамі: з дапамогай перасячэння аб’ектаў і з дапамогай заліўкі фону. Работу з гэтым відам пазлаў прымяняю ў адукацыйным працэсе не так часта, як плоскасныя, бо ёсць свае мінусы:

· неабходна камп’ютарная тэхніка;

· шмат жадаючых паскладваць аніміраваныя пазлы, а можа складваць толькі адзін навучэнец;

· патрабуецца больш часу для зборкі пазла.

Пазлы можна прымяняць і пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў. Напрыклад, пры правядзенні гульнявой праграмы “Зімовыя старты” (навучэнцы 3—4 класаў) у конкурсе “Зімовыя віды спорту” дзецям неабходна за найкарацейшы час скласці пазлы з відамі спорту і назваць іх.

Па аналогіі з урокамі-пазламі (факультатыўнымі заняткамі) ствараю і праводжу пазл-мерапрыемствы.

Выкарыстоўваю “папяровыя галаваломкі” і пры пад­рыхтоўцы і правядзенні метадычных мерапрыемстваў. Напрыклад, у якасці падрыхтоўчай работы да метадычнага аб’яднання па тэме “Кампетэнтнасны падыход да выкладання вучэбных прадметаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і спосабы яго рэалізацыі ў адукацыйнай практыцы” (школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальніка групы прадоўжанага дня), прапаную заданні (1 частка — аднаму ўдзельніку) — праблемныя пытанні, якія трэба выканаць да пася­джэння. Адказы па кожнай частцы пазла абмяркоўваюцца на мерапрыемстве калектыўна, дапаўняюцца, робяцца адпаведныя высновы, тым самым складваецца цэласная карціна прымянення кампетэнтнаснага падыходу ў дзейнасці настаўнікаў пачатковых класаў.

Часта, сабраўшы адзін-два разы карцінку з куплёных пазлаў, мы больш да іх не вяртаемся. Часам і дэталі губляюцца. Атрымліваецца, што і ўся папяровая галаваломка больш не прыдатная для гульні? Гэта не зусім так. Выкарыстаным ча­сткам пазлаў можна даваць другое жыццё. Існуюць тры спосабы:

· стварэнне новага пазла (калі ёсць усе дэталі);

· афарбоўванне частак (збор элементаў з розных пазлаў);

· падбор па тонах (колерах) гатовых частак.

Каб стварыць новы пазл, неабходна падабраць карцінку такога ж памеру. Кожную дэтальку старога пазла (крыху раз’яднаць сабраны пазл) прафарбавац­ь белай гуашшу. Пасля высыхання злучыц­ь дэталі, наклеіць новую выяву, разрэзаць канцылярскім нажом.

Для рэалізацыі другога спосабу выбіраецца сюжэт аплікацыі (размалёўка), прыклейваюцца пазлікі на часткі, што афарбоўваюцца, уся карціна пакрываецца белай гуашшу (акрылавай фарбай), пасля высыхання дэталі расфарбоўваюцца ў патрэбны колер. Такая кампазіцыя становіцца аб’ёмнай.

Для рэалізацыі трэцяга спосабу тэхналогія выканання такая ж, толькі ліст папярэдне таніруецца, а пазлікі прыклейваюцца і застаюцца ў сваім першапачатковым выглядзе.

У тэхніцы аб’ёмнай аплікацыі можна ствараць не толькі карціны, але і фотарамкі, закладкі для кніг.

Такім чынам, нават скарыстаным пазлам можна знайсці прымяненне ў адукацыйным працэсе.

Кожны ўрок — гэта асобная ўверцюра, прыдуманая педагогам, таму стандартных пазлаў, што разглядаюць і аб’ядноўваюць у адзінае цэлае прамежак часу ў 35—45 мінут, яшчэ не прыдумалі. Таму, улічваючы індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці дзяцей, вучэбны матэрыял і мэту ўрока, ствараецца для кожнай тэмы свой пазл.

У цэлым, у сваёй рабоце аддаю перавагу плоскасным пазлам, але пры гэтым люблю прымаць удзел у зборцы аб’ёмных, так званых 3D, як папяровых, драўляных, так і пластыкавых. Пазлы — занятак не толькі для дзяцей. Зборка захапляе часта і дарослых, таму і школа, і сям’я павінны ўмела захапляць, накіроўваць, кіраваць дзейнасцю дзяцей, якая б не толькі развівала, але і вучыла. А разумнае кіраванне гэтым працэсам і ёсць матывацыя.

Слайды да ўроку Варвашэвіч Л.А. “Чалавек і свет”, 3 клас.

Людміла ВАРВАШЭВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Соснаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна.